Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 жніўня: 3 гады калёніі за камэнтар пра расейскіх сілавікоў

абноўлена

Аляксандар Нагела
Аляксандар Нагела

У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі супраць грамадзян за палітычныя погляды і ўдзел у пратэстах. Свабода адсочвае падзеі ў судах.

3 гады калёніі за камэнтары

Намесьніка дырэктара фірмы па вытворчасьці спэцтранспарту Аляксандра Нагелу абвінавачвалі ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці» — ён пакінуў 13 камэнтароў, у якіх нэгатыўна выказаўся пра дзеяньні міліцыянтаў падчас акцый пратэсту пасьля леташніх выбараў, паведамляе «Вясна».

Свае дзеяньні Нагела патлумачыў спантаннай нястрыманасьцю. У час суду ён задаў пракурору пытаньне пра тое, як той расцэньвае дзеяньні асобаў без апазнавальных знакаў. Пракурор не адказаў, спаслаўшыся на забарону задаваць пытаньні пракурорам.

Нагела і ягоны адвакат зьвярнулі ўвагу на тое, што адзін камэнтар у чаце тычыўся відэароліку, у якім адлюстроўваліся дзеяньні расейскіх сілавікоў, але ён узяты абвінавачаньнем у якасьці ключавога, дзе нібыта відаць зьняважлівае стаўленьне да людзей у пагонах. Дзяржабвінаваўца заявіў, што дзяржаўная прыналежнасьць супрацоўнікаў ня мае значэньня.

У выніку судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Віктар Сянько асудзіў Нагелу на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Раней мужчыну тройчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.

1,5 года калёніі настаўніку

Былога настаўніка са Смаргоняў пакаралі 1,5 гадамі калёніі за паказ на ўроку відэароліка з «экстрэмісцкім» лягатыпам. 46-гадовага Андрэя Пятроўскага абвінавачвалі ў тым, што ў сакавіку 2021 году ён паказаў 11-клясьнікам на ўроку «Грамадазнаўства» відэаролік «Конституция ушла в проституцию!» зь лягатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

Паводле матэрыялаў справы, ролік «зьмяшчаў заведама ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзыдэнта». Андрэй Пятроўскі віны не прызнаў ні падчас сьледзтва, ні падчас суду.

Судзьдзя Людміла Міхневіч пакарала былога настаўніка турэмным зьняволеньнем у калёніі на 1,5 года ва ўмовах агульнага рэжыму.

435 рублёў штрафу за надпіс «А.C. #. В» у «гісторыі» інстаграму

33-гадовага берасьцейца Аляксандра Казловіча аштрафавалі на 435 рублёў (15 базавых велічыняў) за тое, што ў «гісторыі» свайго інстаграма ён апублікаваў выяву «галавы сьвіньні ў галаўным уборы супрацоўніка АУС, на якім быў надпіс «А.C. #. В».

Такі надпіс з 2018 году ўнесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Судзьдзя Маскоўскага раёну Берасьця Марыя Леванчук палічыла допіс Аляксандра Казловіча распаўсюдам экстрэмісцкага матэрыялу. Вырак яна агучыла 16 жніўня, паведаміла сёньня «Вясна Брэст».

Сам Аляксандар Казловіч віны не прызнаў.

«Гісторыі» інстаграму — асобная стужка фота і відэа, допісы ў якой зьнікаюць праз суткі пасьля публікацыі.

«Прыйшлі». Зьнікла сувязь з дырэктарам горадзенскай фірмы, якога затрымлівалі 10 жніўня падчас пратэстаў

У Горадні ў фірму вэб-распрацовак «Іквадрат» прыходзілі сілавікі ў масках і экіпіроўцы. Дырэктар фірмы Глеб Койпіш пакінуў у фэйсбуку допіс з аднаго слова — «Прыйшлі». У выніку ператрусу забралі тэхніку і дакумэнты. Глеба Койпіша затрымалі, яго вывелі ў кайданках.

Глеба Койпіша пабілі падчас затрыманьня летась 10 жніўня. Праз тры дні яго выпусьцілі з ізалятара з траўмамі галавы, грудной клеткі і пальца на руцэ.

Чыноўнік райвыканкаму ў Менску атрымаў тры гады калёніі за ўдзел у пратэстах і за абразу Лукашэнкі

У судзе Ленінскага раёну Менску прайшоў разгляд крымінальнай справы супраць начальніка фінансавага аддзелу адміністрацыі Ленінскага раёну Юрыя Сянькова.

Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 342 (Удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 году, і 368 (Абраза прэзыдэнта) — за рэпост у Тэлеграме.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Сянькоў атрымаў тры гады калёніі агульнага рэжыму. Справу разглядала судзьдзя Тацьцяна Шоцік, бок дзяржаўнага абвінавачваньня прадстаўляла пракурорка Юлія Даўгала.

Юрыя Сянькова затрымалі 30 красавіка. Яго пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту. Потым яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе.

Прысуд пружанскаму паэту-пчаляру пакінулі бязь зьменаў

Берасьцейскі абласны суд пакінуў у сіле прысуд паэту і пчаляру Міколу Папеку — 2 гады «хіміі», паведаміла «Радыё Рацыя». Папеку асудзілі за пратэст супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, які адбыўся летась 13 верасьня ў форме карагоду на скрыжаваньні праспэкта Машэрава і бульвара Касманаўтаў у Берасьці.

Ёе адзначыў, што будзе працягваць абскарджваць свой прысуд аж да Камітэту па правах чалавека ААН, калі спатрэбіцца.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG