Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія санкцыі — крок у новую рэальнасьць


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Невыпадкова рашэньні ад санкцыях былі аб’яўлены менавіта 9 жніўня, у гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў і пачатка масавых пратэстаў.

Сьцісла

  • Эканамічны стан Беларусі — даволі важны чыньнік легітымізацыі існага рэжыму.
  • Досьвед амэрыканскіх санкцый мінулых гадоў быў непераканаўчы.
  • Галоўнае пытаньне палягае ў тым, ці будуць другасныя санкцыі, ці будуць яны мець «іранскі фармат»?
  • У любым выпадку замежныя кампаніі будуць зь вялікай асьцярожнасьцю мець справу з таксычнымі эканамічнымі суб’ектамі, якія трапілі ў «чорны сьпіс».

У пачатку «Вялікай размовы» Лукашэнка пасьля ўступнага слова даў мікрафон міністру эканомікі Беларусі Аляксандру Чарвякову. Той паведаміў пра цудоўныя вынікі эканамічнага разьвіцьця краіны за паўгода. Гэта мусіла задаць той усёй прэсавай канфэрэнцыі.

Гэта азначае, што эканамічны стан Беларусі — даволі важны чыньнік легітымізацыі існага рэжыму. Лукашэнка гэта разумее. Бо моцнае падзеньне эканамічных паказьнікаў ва ўмовах напружанай сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, міжнароднай ізаляцыі можа стаць дадатковым фактарам сацыяльнага незадавальненьня.

На гэтым тле ўвядзеньне ЗША, Канадай і Вялікай Брытаніяй новых эканамічных санкцый можа стаць даволі непрыемным сымптомам для беларускага рэжыму. Невыпадкова гэтыя рашэньні былі абвешчаны менавіта 9 жніўня, у гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў і пачатку масавых пратэстаў.

Усіх цікавіць, які будзе эфэкт ад новых санкцый. Пытаньне не такое простае. Не толькі таму, што любыя санкцыі — гэта доўгая гульня і чакаць хуткага эфэкту не выпадае.

Справа ў тым, што досьвед амэрыканскіх санкцый мінулых гадоў, пачынаючы з 2004-га, быў непераканаўчы. Паколькі эканамічныя сувязі Беларусі і ЗША былі невялікія, то беларуская эканоміка іх амаль не адчула. Нагадаю, што санкцыі ЗША адносна 9 беларускіх прадпрыемстваў адноўлены сёлета, яны набылі моц з 3 чэрвеня 2021 г.

А як цяпер? Варта адзначыць, што санкцыі адносна 40 беларускіх кампаній і фізычных асобаў уступаюць у сілу адразу. І адначасова анансавалі сэктаральныя санкцыі, якія могуць быць уведзены праз пэўны час. Дакладны тэрмін невядомы.

Другі момант. Паколькі супрацоўніцтва амэрыканскіх кампаній зь беларускімі ня вельмі вялікае, то галоўнае пытаньне палягае ў тым, ці будуць другасныя санкцыі, ці будуць яны мець «іранскі фармат»? То бок ці будуць яны распаўсюджвацца на фірмы трэціх дзяржаваў, а ня толькі на амэрыканскія кампаніі? З апублікаванага дакумэнту адназначнага адказу на гэтае пытаньне не вынікае. Хачу нагадаць, што папярэднія санкцыі ЗША адносна 9 беларускіх прадпрыемстваў не зьяўляюцца другаснымі. Тут пытаньне ў палітычнай волі кіраўніцтва ЗША.

У любым выпадку, у тых прадпрыемстваў, якія трапілі ў «чорны сьпіс», будуць праблемы. Замежныя кампаніі стануць зь вялікай асьцярожнасьцю мець справу з таксычнымі эканамічнымі суб’ектамі.

Хоць Лукашэнка і цьвердзіць, што, Беларусь увесь час ягонага прэзыдэнцтва жыла пад санкцыямі, маўляў, нічога страшнага. Аднак ва ўмовах такіх санкцый Беларусь яшчэ не жыла. Давядзецца прыстасоўвацца да новай рэальнасьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG