Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стужкі — гэта ж другасна. Нам патрэбныя галовы». Кібэрпартызаны апублікавалі меркаваную размову Эйсмант і Балабы


Эмблема кібэрпартызанаў.
Эмблема кібэрпартызанаў.

Беларускія кібэрпартызаны сьцьвярджаюць, што ўзламалі сэрвэры Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС, дзе захоўваюцца аўдыёзапісы праслухоўваньня мабільных размоваў.

«Як аказалася, мянты актыўна пішуць „сваіх“, — такая плата за ляяльнасьць рэжыму. У нашым распараджэньні тэрабайты запісаў з адчувальнай для рэжыму інфармацыяй. Ёсьць дзікія рэчы», — пішуць кібэрпартызаны.

Таксама яны апублікавалі аўдыё трох тэлефонных размоваў, якія меркавана адбываліся паміж прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Эйсмант і камандзірам сталічнага АМАПу Дзьмітрыем Балабам, а таксама Балабам і адзінаборцам Дзьмітрыем Шакутам — так сьцьвярджаюць самі кібэрпартызаны.

На першым аўдыё жанчына, голас якой падобны да голасу Натальлі Эйсмант, тэлефануе мужчыну, голас якога падобны да голасу Дзьмітрыя Балабы, зьвяртаецца да яго «Дзьмітры Ўладзімеравіч» і кажа, што яны а 8-й гадзіне сустракаюцца і «са сваёй кампаніяй» паедуць у «нейкі самы жорсткі двор»:

«Як варыянты — „Мэгаполіс“, гэта наша пастаянная кропка, дзе мы заўжды сустракаліся. Ну, ня ведаю, можа яшчэ нейкі „Каскад“, Баравая, і туды б зьезьдзіць, на „плошчу Перамен“, дзе мы былі мінулым разам на Чарвякова, але каб раней...»

Мужчына зьвяртаецца да яе «Натальля Мікалаеўна» і кажа, што «падстрахуе іх, будзе дзесьці побач», і дадае:

«Я спадзяюся, што сёньня ваша паляваньне будзе ўдалым, але мы ж таксама не сядзім на месцы».

Жанчына на гэта адказвае, што «ў суботу бусаў па горадзе кружылася розных, вашых, ня вашых — ня ведаю, вельмі-вельмі нямала, што мы ўжо абураліся канкурэнцыяй, што нам перашкаджаюць працаваць».

У другім званку жанчына зноў тэлефануе «Дзьмітрыю Ўладзімеравічу» і кажа, што перадае слухаўку Шакуту Дзьмітрыю, той кажа, што ўчора яны «працавалі там, дзе Курапаты», а сёньня паедуць да таўнхаўсаў па Старазаслаўскай трасе справа, і «дзяўчаты пойдуць зразаць, на жыўца...» (верагодна, гаворка пра зразаньне бел-чырвона-белых стужак, якія пасьля выбараў часта разьвешвалі ў дварах пратэстоўцы — рэд.), на што «Дзьмітры Ўладзімеравіч» пакідае яму свой тэлефон і кажа заставацца на сувязі.

У трэцім званку, меркавана, Натальля Эйсмант зноў размаўляе зь Дзьмітрыем Балабам, кажа, што яны паехалі на Новую Баравую, і там «усё ціха».

«Я ж кажу, гэта выміраючы від», — кажа мужчына.

«Ну нешта трэба рабіць, давайце іх неяк выцягваць», — адказвае жанчына.

«Ну вось неяк зараз будзем... давайце загоннае паляваньне. Зараз мая група на вас пагоніць адкуль-небудзь», — адказвае мужчына.

Таксама жанчына расказвае, як яны езьдзілі на Новую Баравую, а мужчына згадвае, што бачыў стужкі «таксама на Грушаўцы».

«Дзьмітры Ўладзімеравіч, стужкі — гэта ж другасна. Нам патрэбныя галовы», — кажа жанчына. У канцы размовы мужчына зноў жадае ёй «удалага паляваньня».

Пасьля таго як «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі пашпартную сыстэму краіны, рэдакцыя тэлеканалу «Настоящее время» вырашыла пераканацца, ці праўда гэта, і назвала хакерам імёны і даты нараджэньня дваіх грамадзянаў, якія пагадзіліся паўдзельнічаць у экспэрымэнце. На пошук інфармацыі ў «Кібэрпартызан» пайшло некалькі хвілін: дасланае імі дасье ўключала поўныя пашпартныя дадзеныя, месца жыхарства і працы, а таксама тэхнічную інфармацыю, зьвесткі пра бацькоў аднаго з грамадзян і фота з пашпартоў у высокай якасьці.

У лістападзе 2020 году, пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі ў тэлеграм-каналах зьявіліся перамовы людзей, па галасах падобных да Лукашэнкавай прэс-сакратаркі Натальлі Эйсмант, кіраўніка фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава і шматразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе Дзьмітрыя Шакуты. Падобных да Шакуты і Баскава людзей бачылі ў двары на вуліцы Чарвякова («плошча Перамен»), дзе загінуў Раман Бандарэнка. На аўдыё яны дамаўляюцца, якім чынам будуць зразаць у дварах Менску бел-чырвона-белыя стужкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG