Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітыкаў Мацкевіча і Вадаласкую прызналі палітвязьнямі. Такіх у Беларусі ўжо 610


Тацяна Вадалаская і Ўладзімер Мацкевіч, архіўнае фота
Тацяна Вадалаская і Ўладзімер Мацкевіч, архіўнае фота

4 жніўня пасьля ператрусаў у Менску затрымалі філёзафа Ўладзімера Мацкевіча і сацыёляга Тацяну Вадаласкую. Разам зь імі ўзялі аналітыка Аксану Шэлест і экспэрта Ўладзіслава Вялічку, але пасьля допытаў адпусьцілі.

Уладзімера Мацкевіча і Тацяну Вадаласкую, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ГУУС Менскага гарвыканкаму, беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

Праваабарончыя арганізацыі заяўляюць, што працяг запалохваньняў і арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, адвольнае пазбаўленьне свабоды сталі звыклай практыкай органаў, закліканых у дэмакратычным грамадзтве забясьпечваць законнасьць і правапарадак.

На іх думку, у Беларусі асабістая недатыкальнасьць перастала ўспрымацца ўладамі як абавязковая да павагі і абароны кожнага чалавека.

«Зьняволеньне Ўладзімера Мацкевіча і Тацяны Вадаласкай — вядомых навуковых і грамадзкіх дзеячаў — ужытае выключна з-за іх перакананьняў, а таксама ў сувязі зь негвалтоўным ажыцьцяўленьнем правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Эўрапейскай Канвэнцыяй аб абароне правоў чалавека», — гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў, пасьля чаго заяўляецца аб прызнаньні Мацкевіча і Вадаласкай палітычнымі зьняволенымі.

Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Уладзімера Мацкевіча і Тацяну Вадаласкую і спыніць супраць іх крымінальны перасьлед, а таксама вызваліць без аніякіх папярэдніх умоваў усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Цяпер у Беларусі 610 чалавек несправядліва знаходзяцца ў турмах паводле палітычных абвінавачаньняў.

Уладзімер Мацкевіч — заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы кіраўнік рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (2011–2016), заснавальнік праграмы стварэньня сучаснага ўнівэрсытэту ў Беларусі «Лятучы ўнівэрсытэт», вядоўца тэлеперадачаў. Удзельнічаў у ініцыятыве «Сход».

Тацяна Вадалаская — старшы аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі. Экспэрт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў. Кандыдат сацыялягічных навук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG