Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра АГП Казлова судзяць за разгалошваньне зьвестак, якіх — ён сам ня ведае. Суд зрабілі закрытым

абноўлена

Старшыня АГП Мікалай Казлоў на судзе блогераў Пятрухіна і Кабанава. Магілёў, люты 2021 г.
Старшыня АГП Мікалай Казлоў на судзе блогераў Пятрухіна і Кабанава. Магілёў, люты 2021 г.

3 жніўня ў 10.30 ў судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся суд над лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам Каардынацыйнай рады Мікалаем Казловым.

Мікалая Казлова абвінавачваюць у разгалошваньні зьвестак дазнаньня. Яму пагражае штраф ці да трох месяцаў арышту. Паводле інфармацыі Свабоды, працэс зрабілі закрытым, а ўсе хадайніцтвы Казлова адхілілі. Сярод іх быў і адвод судзьдзі Тацяны Шоцік, піша «Вясна».​

«Улічваючы больш за 1,5 тысячы сутак арышту, вар'яцкую колькасьць штрафаў, я пры ўсім сваім жаданьні не магу разьлічваць на тое, што ў адносінах да мяне суд будзе бесстароньнім...»

Закрытасьць судовага паседжаньня судзьдзя растлумачыла тым, што «ў матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца дадзеныя папярэдняга сьледзтва, якія не падлягаюць разгалошваньню».

Крымінальную справу супраць Казлова завялі сёлета ў сакавіку.

Раней Казлоў некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб невыдаваньні пасьля допытаў у СК у крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады. За гэта яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.

«Я дакладна не рыхтуюся да апраўдальнага прысуду. Зразумела, што судзьдзі зараз знаходзяцца ў парадыгме „не да законаў“, — сказаў палітык „Нашай ніве“ перад пачаткам пасяджэньня. — Але я разьлічваю хаця б даведацца ў судзе, якія зьвесткі я расказаў. Пры азнаямленьні з крымінальнай справай я так і ня высьветліў ніякай канкрэтыкі».

Лідэра АГП Мікалая Казлова абвінавачваюць у выдаваньні зьвестак папярэдняга сьледзтва (арт. 407 Крымінальнага кодэксу), паведамляе БелаПАН са спасылкай на заяву службы інфармацыі пракуратуры Менскай вобласьці, апублікаваную на афіцыйнай старонцы ведамства.

«Устаноўлена, што абвінавачаны ў сьнежні 2020 году і студзені 2021 году дапытваўся ў якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, пачатай Генпракуратураю ў дачыненьні да Ціханоўскай С.Г. і іншых асобаў па факце зьдзяйсьненьня наўмысных дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.

У пракуратуры адзначылі, што сьледчы папярэджваў Казлова аб недапушчальнасьці выдаваньня зьвестак папярэдняга сьледзтва і надыходзе за гэта крымінальнай адказнасьці.

«Аднак абвінавачаны паведаміў прадстаўнікам СМІ і іншым грамадзянам аб сутнасьці яго допытаў, пра абставіны крымінальнай справы, а таксама перадаў іншыя зьвесткі, якія не належыць выдаваць», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Таксама адзначаецца, што ў пракуратуры Менскай вобласьці прыйшлі да высновы пра абгрунтаванасьць абвінавачаньня і аб’ектыўнае дасьледаваньне абставінаў злачынства, а таксама правільнасьць кваліфікацыі паводле арт. 407 КК.

Санкцыя ў гэтым артыкуле — штраф ці арышт, аднак іх ніжнія і верхнія межы не ўдакладнены.

Раней выбраную для Казлова меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах пракурор пакінуў бязь зьменаў.

Мікалай Казлоў у інтэрвію Свабодзе з гэтай нагоды заявіў: «Справа абсалютна надуманая і палітычна матываваная, зыходжу з таго, што я невінаваты».

30 сьнежня, 5 і 11 студзеня Казлова дапытвалі ў Сьледчым камітэце як сьведку ў межах крымінальнай справы па факце стварэньня Каардынацыйнай рады для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу. Тройчы ён адмаўляўся даваць падпіску пра невыдаваньне. На Казлова складалі адміністрацыйныя пратаколы, прызначалі арышт на 15 дзён, выклікалі на размовы ў міліцыю. Пасьля адной зь іх Казлоў правёў тры дні ў ЦІП.

10 сакавіка стала вядома, што супраць лідэра АГП распачалі справу на падставе ч. 1 арт. 407 КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG