Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Ціманоўская атрымала польскую візу. Яе муж зьехаў ва Ўкраіну. Галоўнае

абноўлена

Крысьціна Ціманоўская ўваходзіць на тэрыторыю польскай амбасады ў Токіё. 2 жніўня 2021 году
Крысьціна Ціманоўская ўваходзіць на тэрыторыю польскай амбасады ў Токіё. 2 жніўня 2021 году

Беларуская лёгкаатлетка правяла ноч у гатэлі такійскага аэрапорту. Яна заявіла, што ня будзе вяртацца ў Беларусь.

Міжнародны алімпійскі камітэт патрабуе ад Беларусі тлумачэньня сытуацыі з Крысьцінай Ціманоўскай. У арганізацыі кантактуюць зь беларускай лёгкаатлеткай, яна ў бясьпецы і пад абаронай японскіх уладаў, заявіў прадстаўнік прэс-службы МАК Марк Адамс, паведамляе Reuters.

У кантакце зь беларускай цяпер таксама Ўправа Высокага камісара ААН у справах уцекачоў. Як заявіў генэральны сакратар ураду Японіі Кацунобу Като, МАК і іншыя ўстановы размаўляюць зь Ціманоўскай, каб высьветліць яе намеры.

Ноч Ціманоўская правяла ў гатэлі аэрапорту Токіё.

Ціманоўская плянуе ляцець у Польшчу

2 жніўня выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін ў этэры «Настоящего времени» паведаміў, што Ціманоўская прыехала ў польскую амбасаду ў Токіё.

«Яна цяпер знаходзіцца ў Токіё. Яна ўжо мае зносіны зь Міжнародным алімпійскім камітэтам і з прэсай. Зь ёй усё ў парадку, — сказаў Апейкін. — Трымаецца добра, зразумела, што гэта стрэсавая сытуацыя ня толькі для спартсмэна, але і чалавека — апынуцца пад такім ціскам. Гэта маладая дзяўчына, на якую аказалі ціск дарослыя дасьведчаныя функцыянэры».

2 жніўня сузаснавальнік спартовага мэдыяпарталу sports.ru Дзьмітры Навоша ў этэры радыё «Эхо Москвы» паведаміў, што муж Ціманоўскай пакінуў Беларусь і зьехаў у Кіеў. Арсень Зданевіч пацьвердзіў свой ад’езд зь Беларусі ва Ўкраіну і зазначыў, што плянуе зьяднацца з жонкай. Камэнтаваць яе ўчынак ён не захацеў.

У МЗС Польшчы заявілі, што Крысьціна Ціманоўская атрымала польскую гуманітарную візу.

ЭЗ скрытыкаваў дзеяньні ўладаў Беларусі

Эўразьвяз рэзка раскрытыкаваў дзеяньні ўладаў Беларусі за спробу гвалтоўна адправіць з Токіё ў Менск бягуху Крысьціну Ціманоўскую. У Брусэлі павіталі рашэньне Польшчы даць 24-гадовай беларускай спартоўцы гуманітарную візу.

«Спроба прымусова рэпатрыяваць Ціманоўскую супраць яе волі — гэта яшчэ адзін прыклад жорсткасьці рэпрэсіўных мераў рэжыму Лукашэнкі», — гаворыцца ў заяве ЭЗ, якую агучыў прадстаўнік прэсавай службы кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ.

«У Менску лічаць магчымым распаўсюджваць гэтыя рэпрэсіі на атлетаў і тым самым парушаць старажытнае правіла: спыняць варожыя дзеяньні ў пэрыяд Алімпійскіх гульняўі». Гэтую заяву апублікавала 2 жніўня прэсавая служба кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэпа Бурэля.

  • 1 жніўня 24-гадовая Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе ўключылі ў эстафэту 4×400 мэтраў, хаця на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты празь недастатковую колькасьць допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі.
  • Ціманоўская заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча, і Крысьціна выдаліла відэа. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе».
  • Ціманоўскай прапанавалі прыехаць кіраўнікі ўрадаў Чэхіі і Славеніі. Яна заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу.
  • Нацыянальны алімпійскі камітэт пракамэнтаваў акалічнасьці сытуацыі з Крысцінай Ціманоўскай, заявіўшы, што яе зьнялі з Алімпіяды «ў сувязі з эмацыйна-псыхалягічным станам». Сама спартоўка зьняпраўдзіла гэтыя заявы, запэўніўшы, што мэдыкі яе не аглядалі і ніякіх рэкамэндацыяў не давалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG