Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найвышэйшая форма прызнаньня»: заходнія СМІ пра сустрэчу Ціханоўскай з Байдэнам


Сьвятлана Ціханоўская пасьля сустрэчы з Джо Байдэнам у Вашынгтоне, 28 ліпеня 2021 г. Voice of America
Сьвятлана Ціханоўская пасьля сустрэчы з Джо Байдэнам у Вашынгтоне, 28 ліпеня 2021 г. Voice of America

Усе сусьветныя інфармацыйныя выданьні паведамляюць пра сустрэчу Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Джо Байдэнам.

Bloomberg


Байдэн сустрэўся зь лідэрам беларускай апазыцыі ў выгнаньні, каб выказаць сваю падтрымку, піша Bloomberg. Выданьне нагадвае, што прэзыдэнт ЗША сустрэўся са Святланай Ціханоўскай у Белым доме ў час, калі гэтую постсавецкую краіну ахапіў новы віток рэпрэсіяў супраць апазыцыі, СМІ і грамадзянскай супольнасьці. Bloomberg называе сустрэчу «хоць сымбалічнай, але дэманстрацыяй падтрымкі».

Усе амэрыканскія выданьні цытуюць запіс Джо Байдэна ў Twitter пасьля размовы зь Ціханоўскай на сустрэчы, якой не было ў яго публічным раскладзе: «Злучаныя Штаты разам з народам Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі і ўсеагульных правоў чалавека».

На мінулым тыдні амэрыканскія мэдыя крытыкавалі Джо Байдэна за тое, што ён не знайшоў часу для Сьвятланы Ціханоўскай, якая мела шмат сустрэчаў на высокім узроўні, у тым ліку ў Белым доме. СМІ нагадвалі словы Байдэна, што «бітва паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам вызначыць наша стагодзьдзе», а таксама ягонае абяцаньне правесьці Саміт за дэмакратыю, накіраваны на барацьбу з карупцыяй і аўтарытарызмам і прасоўваньне правоў чалавека.

Christian Science Monitor

«Беларусь можа здацца незразумелай — былая савецкая рэспубліка з 9,5 мільёнамі чалавек, якою бязьлітасна кіруе блізкі хаўрусьнік Ўладзіміра Пуціна. Але гэта ключавы буфэр паміж усходам і захадам, Расеяй і Польшчай. Так што няздольнасьць Джо Байдэна сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай на мінулым тыдні здавалася прапушчанай магчымасьцю, — піша Christian Science Monitor. — Калі яна выехала з Вашынгтону ў Нью-Ёрк на выходных, здавалася, гэта так. Сёньня яна мелася ляцець у Сан-Францыска, але раптам апынулася ў пакоі Рузвэльта ў Белым доме і паціснула руку спадару Байдэну».

З словаў высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі Байдэна, Ціханоўская вярнулася ў Вашынгтон да кансультанта ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйка Салівана (зь якім ужо сустракалася на мінулым тыдні), і прэзыдэнт «ненадоўга зазірнуў на іхную сустрэчу».

«Сустрэча Байдэна і Ціханоўскай была аформленая як спантанная, якая не ўваходзіць у штодзённы графік прэзыдэнта і не адбываецца ў больш афіцыйным Авальным кабінэце. Але яна атрымала поціск рукі і фота, якое не прапусьцяць ні Лукашэнка, ні Пуцін», — піша выданьне.

CNN

CNN нагадвае, што чальцы нядаўна створанага двухпартыйнага Кокусу сяброў Беларусі раілі Байдэну сустрэцца зь Ціханоўскай, падкрэсьліваючы, што такая сустрэча «пашле сыгнал Лукашэнку, яго хаўрусьнікам і сьвету, што ЗША ня мірацца з такімі палітычнымі рэпрэсіямі і гвалтам, якія адбыліся ў Беларусі».

Амэрыканскія СМІ пералічваюць, што ў рамках маштабнага турнэ па ЗША за апошнія два тыдні Ціханоўская сустрэлася з шэрагам прадстаўнікоў адміністрацыі, у тым ліку з дарадцам Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джэйкам Саліванам, дзяржаўным сакратаром Энтані Блінкенам, кіраўніцай Агенцтва міжнароднага разьвіцьця (USAID) Самантай Паўэр і выканаўцай абавязкаў генэральнага дырэктара Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) Келу Чао. Але сустрэча Ціханоўскай з прэзыдэнтам ЗША раней не пацьвярджалася.

Der Spiegel

Нямецкі часопіс Der Spiegel залічыў сустрэчу да шэрагу галоўных сусьветных падзеяў мінулага дня і адзначыў, што гэта «найвышэйшая форма прызнаньня» і «вялікі гонар» для Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама адначасова і сыгнал для Аляксандра Лукашэнкі. Сустрэчаю з Ціханоўскай амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў асаблівую важнасьць беларускай тэмы: Ціханоўскай удалося сустрэцца з Байдэнам нават раней, чым прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму, «хаця Ўкраіна пачуваецца здраджанай сваімі партнэрамі пасьля нямецка-амэрыканскага пагадненьня аб „Паўночным патоку – 2“, і Зяленскі дамагаецца сустрэчы з амэрыканскім прэзыдэнтам многія месяцы, аднак будзе прыняты ў Белым доме толькі 30 жніўня», — піша Spiegel.

Пра сустрэчу Сьвятланы ЦІханоўскай з Джо Байдэнам пішуць таксама Independent, Reuters, Los Angeles Times, паведамляюць усе вядучыя інфармацыйныя агенцтвы сьвету.

  • Візыт Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША пачаўся 18 ліпеня. У яе прайшлі сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартамэнце і Белым доме. Падчас сустрэч Ціханоўская заклікае ЗША:
    • узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці — праваабаронцаў, рэгіянальных ініцыятываў, студэнцтва, сем’яў палітвязьняў, мэдыя;
    • узмацніць ціск на рэжым, у тым ліку праз скаардынаваныя з ЭЗ санкцыі супраць канкрэтных «кашалькоў» рэжыму і закрыцьцё шчылінаў для іх абыходу;
    • вінаватых у рэпрэсіях супраць беларусаў прыцягнуць да адказнасьці, паслаць Крамлю сыгнал з заклікам спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму;
    • ня весьці ніякага супрацоўніцтва з рэжымам, у тым ліку праз праграмы Сусьветнага банку і МВФ — у адпаведнасьці з Актам аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятым у сьнежні 2020 году.
    • Падымаць пытаньне Беларусі ў часе міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню і запрашаць да ўдзелу ў іх беларускія дэмакратычныя сілы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG