Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнту БДУ Баярскаму, які выступіў з «паказаньнямі» на відэа, адмовілі ў завядзеньні справы за пабіцьцё ў ГУБАЗіКу


Арцём Баярскі, архіўнае фота
Арцём Баярскі, архіўнае фота

Былому студэнту хімфаку БДУ Арцёму Баярскаму адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы на супрацоўніка ГУБАЗіК «Высоцкага В. В.».

Хлопец заяўляў, што яго білі на допыце дручком па сьпіне і ягадзіцах, а таксама ставалі нагамі на ягоныя ногі, калі ён ляжаў на падлозе.

Пастанову адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы выдалі яшчэ 20 траўня. Яе падпісалі сьледчы Цэнтральнага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Беларусі ў Менску В. С. Зуйкоў і намесьніца начальніка таго ж аддзелу СК Натальля Ляўчонак.

Згодна з заключэньнем экспэрта, у Баярскага пасьля затрыманьня выявілі сінякі на плячы, ягадзіцы, абедзьвюх галёнках.

Сам Баярскі патлумачыў на апытаньні, што яго білі ў будынку ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай, калі апытвалі, ці ён датычны да тэлеграм-каналу «Страйкам хімфаку». Паводле афіцыйнай вэрсіі, Баярскага ўрэшце назвалі адміністратарам іншага тэлеграм-каналу — «Мая краіна Беларусь», які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

Паводле Баярскага, супрацоўнік ГУБАЗіК двойчы ўдарыў яго дручком па сьпіне паміж лапатак, адзін раз дручком па ягадзіцах. Потым ён загадаў хлопцу легчы на падлогу і тады яшчэ каля трох разоў ударыў яго па ягадзіцах.

«Калі Баярскі А. Ю. ляжаў на падлозе, супрацоўнік наступіў сваімі нагамі на ногі Баярскага А. Ю. у ніжняй частцы. Ад ягоных дзеяньняў у Баярскага А. Ю. зьявіліся сінякі ў абшары ягадзіц», — гаворыцца ў пастанове адмовіць у завядзеньні справы на супрацоўніка ГУБАЗіК.

Супрацоўнік ГУБАЗіК, які затрымліваў і дапытваў Баярскага, праходзіць у справе пад імем Высоцкі В. В. Ён заявіў, што хлопца ніхто ня біў і не прымушаў даваць паказаньні. Да таго ж, паводле журналу ўліку ГУБАЗіК, фізычную сілу і спэцыльныя сродкі да Баярскага не стасавалі.

Сьледзтва прыйшло да высновы, што супрацоўнік Высоцкі В. В. ня зьдзейсьніў нічога супрацьзаконнага ў дачыненьні да Арцёма Баярскага.

Баярскага затрымалі сёлета 24 сакавіка. Спачатку ён адседзеў адміністрацыйны арышт за бел-чырвона-белы сьцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе ягонага інтэрнату. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (частка 1 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Зьявілася відэа, дзе Баярскі прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Арцём летась у жніўні адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі разам яшчэ з сотняй студэнтаў. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах у хіміі. Пасьля затрыманьня яго выключылі з БДУ.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG