Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дынько: «Я вярнуўся з таго сьвету»


Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько 21 ліпеня быў вызвалены пад падпіску аб неразгалошаньні

Ён правёў 13 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Андрэй Дынько пра сваё знаходжаньне ў ІЧУ расказаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Гэта я, я вярнуўся з таго сьвету.

Што магу сказаць?

Па-першае, так, на Акрэсьціна сапраўдная катавальня. Усё прадумана для абесчалавечваньня чалавека. Але ўсё гэта можна вытрымаць: і фізычна, і маральна чалавек мабілізуецца ў такіх умовах. Так што — спакойна. Я пэўны, што маіх калег таксама не зламаюць і не надломяць.

Па-другое, мае калегі — сапраўдныя героі. “Наша Ніва” не пакінула пазыцыяў і выконвала свой прафэсійны абавязак да канца.

Па-трэцяе, найбольшай нечаканасьцю было, колькі людзей па той бок стараліся — яны то разумеюць, што там усё татальна праслухоўваецца і праглядаецца — стараліся жэстам, намёкам, паўзай прадэманстраваць часам салідарнасьць, а часам — чалавечнасьць. Гэта неацэнна.

Па-чацьвёртае, я пад падпіскай аб неразгалошваньні, але вы ведаеце самі артыкулы, па якіх нас падазраюць. Першы быў сьмеху варты, другі — яшчэ сьмяшнейшы.

Па-пятае, трапіўшы на той сьвет, я ўразіўся, наколькі слаба мы, у СМІ, яшчэ працавалі. На Акрэсьціна я зразумеў, што там, у кожнай камэры па адным, сядзяць дзясяткі арыштаваных па справе аб “падрыве” антэны Вілейскай РЛС Расеі. Між тым на момант майго затрыманьня СМІ зусім нічога ня ведалі пра гэтыя затрыманьні. Выснова тут такая: цяпер, калі легальная праца прафэсійных журналістаў у Беларусі стала немагчымая, журналістам павінен стаць кожны беларус. Трэба, каб усё трапляла ў СМІ, сацсеткі, каналы тыя або іншыя. Інфармацыя, фоты, відэа — журналістам павінен стаць кожны.

Па-шостае, дзякуй усім знаёмым і незнаёмым за салідарнасьць. Толькі давайце памятаць: салідарнасьць найбольш патрэбная найменш вядомым, і яна павінна быць ня разавай, а пасьлядоўнай. Менш сымбалічных жэстаў, больш — практычных. Кожная капейка хай пападае тым, каму яна найбольш патрэбная.

Па-сёмае, я ня ведаю, чаму, па якой лёгіцы, у сілу чаго ці па якім разьліку мяне і нашу бухгальтарку вызвалілі, а маіх калег пакінулі. Я маральна гатовы ў любы момант ізноў апынуцца на тым сьвеце. Я і сябе, і калег разглядаў як закладнікаў.

Па-восьмае, чым я займаў сябе ў камэрах там, многія пытаюцца. На тым сьвеце галоўнае, чым заняты кожны чалавек, — гэта выжываньне, арганізацыя побыту так, каб максымальна захаваць свае сілы. Але я таксама чытаў сукамернікам — ну і іншым слухачам “падкастаў” — лекцыі па гісторыі. Нават задумаў кнігу на аснове іх.

І дзявятае. У мяне зьявілася новая, самая дарагая мне рэліквія — бутэлька, зь якой я піў, зь якой мыўся і на якой я спаў, замест падушкі, гэтыя 13 ночаў».

***

Галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу выданьняў Андрэй Скурко і галоўны бухгальтар Вольга Раковіч былі затрыманыя 8 ліпеня.

Як паведаміў Следчы камітэт, усе яны праходзяць падазраванымі па ч. 1 арт. 342 КК («Падрыхтоўка ці арганізацыя дзеяньняў, што груба парушылі грамадзкі парадак, або ўдзел у іх»). 18 ліпеня, Марціновіча, Скурко і Дынько затрымалі другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэксу, абвінаваціўшы ў нясплаце камунальных паслугаў.

Вольгу Раковіч вызвалілі 16 ліпеня, Андрэя Дынько – 21-га. Астатнія нашаніўцы знаходзяцца за кратамі дагэтуль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG