Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шанцаў на апраўданьне мала, але будзем старацца». Інтэрвію з жонкай Аляксея Кудзіна, якога Расея выдала Беларусі


Аляксей Кудзін. Архіўнае фота
Аляксей Кудзін. Архіўнае фота

Расея выдала Беларусі байца ММА, чэмпіёна сьвету Аляксея Кудзіна. Ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску.

Раней апэляцыйны суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у сіле рашэньне Маскоўскага абласнога суду аб экстрадыцыі спартоўца на радзіму, дзе яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі па артыкуле аб супраціве супрацоўніку праваахоўных органаў.

У жніўні 2020 года Кудзін ўдзельнічаў у пратэстах у Маладэчне, калі адбыліся сутыкненьні зь сілавікамі. Спартоўца спачатку зьмясьцілі пад адміністрацыйны арышт, пасьля аштрафавалі, а потым завялі крымінальную справу. У лістападзе Кудзін не зьявіўся ў суд, улады абвясьцілі яго ў вышук.

Аляксея Кудзіна затрымалі ў Расеі ў студзені 2021-га. У лютым Генэральнай пракуратура Беларусі накіравала ў РФ зварот аб экстрадыцыі. Беларускія спартоўцы напісалі не адну пэтыцыю да расейскіх уладаў з просьбай аб прыпыненьні экстрадыцыі чэмпіёна ў Беларусь. У абарону Аляксея Кудзіна выступілі таксама праваабаронцы фонду «Грамадзянскае садзейнічаньне» і Маскоўскі Хэльсынскі камітэт.

Падрабязнасьці ў эфіры «Настоящего времени» распавяла жонка Аляксея Кудзіна Тацяна Пархімовіч.

— Калі вы апошні раз бачылі мужа?

— Апошні раз я бачыла мужа на другім пасяджэньні Маскоўскага абласнога суду, гэта было 18 чэрвеня ў залі суду.

— Адпаведна, вы спрабавалі абскардзіць рашэньне аб экстрадыцыі або спрабавалі абскардзіць арышт?

— Рашэньне аб экстрадыцыі спрабавалі абскарджваць.

— Што адбывалася на судзе? Хто прадстаўляў абвінавачваньне?

— Прабачце, я не настолькі юрыдычна падкаваная. Тады суд адмянілі і перанесьлі на 25 чэрвеня, а ў той дзень я ўжо не змагла прыехаць, і нам адмовілі.

— Як выглядаў муж у той момант, калі вы яго бачылі? Ці выглядаў прыгнечаным?

— Не, гэта не пра Лёшу. Лёша — аптыміст ад кончыкаў пальцаў да кончыкаў валасоў. Ён усё слуханьне стаяў, глядзеў на мяне і ўсьміхаўся. Лёшу аптымізму не займаць.

— Ён наогул ўсьведамляў, што яго могуць экстрадаваць у Беларусь?

— Вядома, зь першага дня.

— Чаму?

— Ня ведаю, можа быць, проста ўсе рызыкі разглядаў. Але ён выдатна разумее рэальную сытуацыю, што можа здарыцца рознае, і экстрадыцыя можа адбыцца. Ён да гэтага быў гатовы. І адвакаты яшчэ расказвалі, што ў іх была пара хвілін 21 ліпеня зь ім неяк пагутарыць. Гэта значыць, ён настроены вельмі бадзёра, аптымістычна і ўсё выдатна разумее.

— Калі гэтую крымінальную справу распачалі, вы з Аляксеем ехалі ў Расею. Былі выпадкі, калі беларускіх апазіцыянэраў літаральна ў багажніках вывозілі з Расеі ў Беларусь. Калі вы ехалі ў Маскву, вы думалі, што ў Расеі бясьпечна?

— Давайце пачнём з таго, што Лёша ня апазыцыянэр. Лёша сапраўды апынуўся ня ў тым месцы ня ў той час. У адсутнасьць інтэрнэту 10 жніўня людзі пайшлі проста паглядзець, ці сапраўды сілавікі выходзяць ў поўнай экіпіроўцы і ганяюць людзей. Гэта была цікавасьць. У нас 9 жніўня зьлёгку паганялі людзей, а 10-га яны пайшлі паглядзець, ці сапраўды будзе працяг.

Гэта былі першапраходцы, людзі, якія першы раз пабачылі, як гэта адбываецца. Гэта ўжо потым былі масавыя беспарадкі з аўтазакамі. А тады гэтага ніхто ня ведаў і выказаць здагадку ня мог. Таму называць Лёшу апазыцыянэрам я б ня стала.

Чаму ў Расею? Напэўна, таму, што ён вельмі сумбурна сабраўся, гэта было адзінае месца, куды ён змог адразу паехаць. Вядома, у яго былі пляны потым пакінуць Расею, але, відаць, нешта не зраслося.

— Вы проста не пасьпелі зьехаць з Расеі ў больш бясьпечнае месца?

— Я думаю, так.

— Што вы рабілі, каб Аляксея з Расеі не павезьлі ў Менск? У якія дзьверы, акрамя ЭСПЧ, вы стукаліся? Ці зьвярталіся да нейкіх расійскіх чыноўнікаў?

— У нас вельмі пісьменныя адвакаты — Дзьмітрый Мінаеў і Марыя Красава. І, калі шчыра, я прытрымліваюся такой сытуацыі, што давала пра сябе знаць і прасіла нейкую інфармацыю толькі тады, калі ў мяне ўжо шчымела сэрца. А так я не ўмешваюся ў справы адвакатаў, даю ім магчымасьць працаваць і спрабую не марнаваць іх сілы на мяне. Таму яны вельмі шмат рабілі. Але сказаць пакрокава што — не скажу.

— Ці ведаеце вы, што цяпер з Аляксеем, калі ён ужо апынуўся ў ізалятары ў Менску? Мы ведаем, што ў Беларусі сілавікі больш жорсткія — яны катуюць людзей.

— Ёсьць у мяне знаёмыя людзі, якія паспрабавалі даведацца, як цяпер Аляксей. Для мяне самае важнае было — ведаць, што яго ніхто не чапаў. Лёша не дазволіць сябе біць. Гэта проста трэба ведаць. Ён вельмі ганарыцца наогул сабой, ён ня лічыць, што ў чымсьці ня меў рацыі. Я паспрабавала даведацца ў людзей, мне сказалі, што ён у парадку, яго ніхто не чапаў, шмат за ім назіральнікаў, натуральна, але фізычна ніхто яго не чапаў. І будуць баяцца яго чапаць ці нешта такое. Для мяне гэта было важна.

Я думаю, сілавікі ў Беларусі — яны таксама людзі. Можа быць, у іх будзе да спорту нейкая павага. Я спадзяюся на гэта, таму што Лёша сапраўды вельмі шмат зрабіў для краіны, ён заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

— Што вы будзеце рабіць зараз? Вы верыце, што Аляксея можна выцягнуць і ён не атрымае гэтыя пяць гадоў, якія яму пагражаюць?

— Шанцаў мала, скажам шчыра. Але будзем працаваць, будзем старацца. У нас няма выйсьця.

— Вы зьбіраецеся вярнуцца ў Менск?

— Так.

— Чаму?

— У мяне там дзеці. Са мной толькі малодшае дзіця, а астатнія ўсе — у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG