Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Дынько вызвалілі, Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч застаюцца пад вартай


Ягор Марціновіч, Андрэй Дынько і Андрэй Скурко
Ягор Марціновіч, Андрэй Дынько і Андрэй Скурко

Скончыўся 72-гадзінны тэрмін паўторнага затрыманьня нашаніўцаў Ягора Марціновіча, Андрэя Дынько і Андрэя Скурко. 21 ліпеня ім мусілі або выбраць меру стрыманьня і перавесьці ў СІЗА, або вызваліць.

21 ліпеня пасьля 10 раніцы Андрэя Дынько забралі з ізалятара на Акрэсьціна і адвезьлі ў Сьледчы камітэт. Як паведамляе тэлеграм-канал «Нашай Нівы», пасьля 17.30 ён выйшаў атуль.

Верагодна, Андрэй застаецца падазраваным па ч.2 арт. 216 КК (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня).

Андрэя Скурко і Ягора Марціновіча ўлады пакінулі пад вартай, паведаміла рэдакцыя «Нашай Нівы».

А 15-й гадзіне стала вядома, што Дынько ад раніцы знаходзіцца ў Сьледчым камітэце. Што зь ім там робяць, невядома, адваката да яго ня выклікалі, хоць удзел адваката на сьледчых дзеяньнях абавязковы.

Жонка Андрэя Дынька Натальля напісала ў Фэйсбуку:

«Ілюзій, што мужа сёньня выпусьцяць, у мяне няма. Але ўранку, пасьля таго як скончыліся 72 гадзіны затрыманьня Андрэя, адвакатка сказала, што трэба ехаць на Акрэсьціна і дазнавацца, дзе ён. Бо сьледчыя ёй не адказвалі. Уявіце сабе, што я адчула, калі ў дамафон мне адказалі, што Дынько Андрэй Васільевіч вызвалены. Пасьля гэтага прайшло чатыры гадзіны, а ён на сувязь так і ня выйшаў, нікому не пазваніў, дадому не вярнуўся. Прыйшлося званіць у 102. І, відаць, толькі пасьля гэтага сьледчыя сталі размаўляць з адвакатамі. Андрэй знайшоўся ў СК. Што далей, пакуль не вядома. Ён там без адваката».

8 ліпеня сілавікі затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько, кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэклямы Андрэя Скурко, галоўнага бухгальтара Вольгу Раковіч. Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце іх як падазраваных паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак) зьмясьцілі на 10 сутак у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Бухгальтарку вызвалілі 16 ліпеня.

Па сканчэньні 10 сутак іх затрымалі паўторна на тры дні як падазраваных ужо ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК, караецца «хіміяй» ці калёніяй на тэрмін да 5 гадоў). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што за камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі плацілі па тарыфах для фізычных асобаў, а трэба было — для юрыдычных. Сьледчыя налічылі, што прадпрыемству «Мінэнэрга» нанесена шкода на суму 3,5 тысячы рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG