Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неверагодны 2020-ы». Сяргей Абламейка: «У 2020 годзе беларуская нацыя зноў заявіла сьвету пра сябе»


Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году

Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай падзяліцца іх бачаньнем і разуменьнем падзеяў 2020 году, адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне «Што гэта было?». Сёньня прапануем вашай увазе адказы доктара гісторыі, журналіста і публіцыста Сяргея Абламейкі

Ключавымі месяцамі 2020 году для мяне сталі ня жнівень-верасень, але травень-чэрвень.

Менавіта тады стала зразумела, што нацыя беларусаў жыве, выйшла на новы этап свайго разьвіцьця і паміраць не зьбіраецца. Наадварот, яна нарадзіла новыя, больш асьвечаныя і больш культурныя пакаленьні, зьнітавалася, мабілізавалася і заявіла аб сваім праве кантраляваць дзяржаўнае ўтварэньне, якое носіць яе імя, але знаходзіцца ў руках кампрадорскай «вэртыкалі» зь няўцямнай, эклектычнай ідэалёгіяй.

Шматлікія інтэрвію зь людзьмі па ўсёй краіне, якія стаялі ў чэргах, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, сьведчылі пра нешта неверагоднае. Людзі адзін за адным, кажучы пра свае погляды і жаданьні, пацьвярджалі навуковыя тэзісы гісторыкаў і сацыёлягаў, якія ўсё ХХ стагодзьдзе вывучалі і сыстэматызавалі працэсы нараджэньня і фармаваньня сучасных нацый.

У першай палове чэрвеня 2020 году па сьвеце пракацілася магутная хваля акцыяў салідарнасьці беларускай дыяспары з удзельнікамі выбарчай кампаніі на радзіме. Сотні акцыяў праходзілі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і Пагоняй. Калі ж нацыянальныя сьцягі зьявіліся над галовамі ўдзельнікаў акцый салідарнасьці ў такіх нетыповых месцах, як Кіпр, востраў Балі або Ізраіль, я апублікаваў (20.06.2020) першы тэкст пра новы этап у разьвіцьці беларускай нацыі.

Вось тэзісы або цытаты з васьмі маіх эсэ, якія былі апублікаваныя ў чэрвені — лістападзе 2020 году, і некаторыя тлумачэньні да іх.

Сяргей Абламейка, доктар гісторыі, журналіст, публіцыст
Сяргей Абламейка, доктар гісторыі, журналіст, публіцыст

1. Новы этап у жыцьці нацыі

Летась падзеі ў Беларусі я назваў завяршэньнем фармаваньня беларускай нацыі. Іншыя пазьней казалі пра нараджэньне, фармаваньне, дафармаваньне etc. Сёньня я думаю, што можна гаварыць і пра абуджэньне нацыі, якая выздараўлівала ў сябе дома (у сваёй дзяржаве).

Новы этап у гэтым працэсе пачаўся ў 2014 годзе пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Адносна інэртныя да таго часу беларусы ўсьвядомілі экзыстэнцыяльную пагрозу свайму дзяржаўнаму і нацыянальнаму існаваньню і ўсьлед за ўкраінцамі апрануліся ў вышыванкі — пачаўся рост увагі да нацыянальнага.

2. Гістарычныя трыгеры

Асноўнымі пунктамі новага этапу ў жыцьці беларускай нацыі (апрача падзеяў 2014 году ва Ўкраіне) сталі:

  • атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ў 2015 годзе;
  • антыдармаедзкія пратэсты зімы 2016–2017 гадоў;
  • жорсткі разгон у Менску шматтысячнага шэсьця з нагоды 99-х угодкаў незалежнасьці БНР у сакавіку 2017 году;
  • сьвяткаваньне 500-годзьдзя Бібліі Францішка Скарыны летам 2017 году;
  • шматтысячнае сьвяткаваньне 100-х угодкаў БНР у сакавіку 2018 году ў Менску;
  • шматтысячны ўдзел беларусаў пад нацыянальнымі сьцягамі ў пахаваньні Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні ў лістападзе 2019 году;
  • пандэмія каранавірусу, якая пачалася ў Беларусі ў лютым-сакавіку 2020 году і была фактычна праігнараваная ўладамі краіны;
  • перадвыбарчая кампанія вясны-лета 2020 году;
  • фальсыфікацыя выбараў, пратэсты і гвалт сілавых структур супраць мірных дэманстрантаў і грамадзянскай супольнасьці.

Сьвяткаваньне Дня волі, Менск 25 сакавіка 2018
Сьвяткаваньне Дня волі, Менск 25 сакавіка 2018

3. Апошняя нацыя Эўропы

Вядомы тэарэтык нараджэньня нацый, чэскі гісторык Міраслаў Грох вызначыў падставы і сувязі, на якіх сфармаваліся сучасныя нацыі. Падстаў можа быць шмат, але тры зь іх застаюцца нязьменнымі. Гэта:

  1. Памяць пра агульнае мінулае, якое ўсьведамляецца як агульны лёс усёй этнічнай групы ці хаця б яе ключавых элемэнтаў.
  2. Шчыльныя моўныя або культурныя сувязі, якія забясьпечваюць больш высокі ўзровень сацыяльнай камунікацыі ўнутры групы ў параўнаньні з навакольным сьветам.
  3. Канцэпцыя роўнасьці ўсіх членаў групы.

Выказваньні беларуска- і расейскамоўных людзей усіх узростаў, полаў, палітычных арыентацый і прыхільнасьцяў падчас пікетаў у сталіцы, абласных гарадах і самых аддаленых раённых цэнтрах паказалі, што ў думках людзей прысутнічаюць усе тры пастуляты Гроха:

  • «Мы — беларусы...»
  • «Наш народ варты лепшага жыцьця і лепшай долі...»
  • «У нас такая доўгая і вялікая гісторыя...»
  • «Пражывем мы бяз гэтай Расеі...»
  • «Мы заўсёды былі ў Эўропе...»
  • «Я люблю сваю дарагую, прыгожую, любімую Беларусь, не хачу зьяжджаць, хачу жыць тут...»
  • «Яна (улада) нас зусім не паважае...»
  • «Яны (чыноўнікі) нас за людзей ня лічаць...»
  • «Я хачу, каб яны нас паважалі, а не зьневажалі і ня ціснулі...»
  • «Мы хочам праўды і справядлівасьці, хочам роўных магчымасьцяў, каб кожны мог зарабіць на сям’ю і на дом...»
  • «Чаму я павінен ехаць за дзьве тысячы кілямэтраў на заробкі, прыніжацца? Што я сыну свайму скажу? Каб таксама ехаў да чужакоў на паклон?..»

Тут ня толькі ўсе тры пастуляты Міраслава Гроха, тут і адказ на пытаньне клясыка:

«А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца».

Менск, 16 жніўня 2020 году
Менск, 16 жніўня 2020 году

4. Моўнае паразуменьне

У Беларусі да 2020 году фактычна зьніклі супярэчнасьці паміж беларуска- і расейскамоўнымі людзьмі (калі ня браць у разьлік паслугачоў і прыхільнікаў рэжыму, якія складаюць яўную меншасьць грамадзтва). Статус беларускай мовы і яе маральны аўтарытэт значна вырасьлі. Зноў цытаты ўдзельнікаў перадвыбарчых пікетаў:

  • «Выбачайце, я буду па-расейску, але беларуская мова прыгожая, я яе люблю...»
  • «Я пачну на роднай мове, але фармуляваць думкі мне лягчэй па-расейску. Вельмі прашу мне прабачыць...»
  • «Наша мова самая прыгожая, я, на жаль, мала на ёй размаўляю...»
  • «Бачыце, я не зусім упэўнена гавару на роднай мове...»
  • «Мы адродзім родную мову, яна клясная...»

Гэта маральная перавага і маральная сіла, якая непазьбежна дасьць свой плён у будучыні. Маніфэстным выяўленьнем паразуменьня і згоды паміж беларуска- і расейскамоўнымі беларусамі можа служыць выказваньне расейскамоўнай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, якая ў 2017 годзе на сустрэчы з чытачамі ў Гомлі заявіла:

«У нас нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе была б наша нацыянальная мова».

Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году

5. Рэфэрэндум аб вяртаньні нацыянальных сымбаляў

Летам 2020 году адбыўся фактычны плебісцыт, на якім беларускі народ вярнуў сабе нацыянальную сымболіку, што была дзяржаўнай у 1918–1920 і ў 1991–1995 гадах: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня», а таксама вокліч «Жыве Беларусь!».

Сотні і сотні акцыяў салідарнасьці па ўсім сьвеце, дзясяткі мітынгаў аб’яднанага штабу падчас выбарчай кампаніі і акцыі супраціву сотняў тысяч людзей пасьля 9 жніўня 2020 году праходзілі пад нацыянальнымі сымбалямі. Пад імі была пралітая кроў абаронцаў дэмакратыі, іх узьнялі трактарабудаўнікі, шахтары, праграмісты, іх вывешвалі на сваіх дамах і ў кватэрах людзі на захадзе, усходзе, поўначы і поўдні краіны.

Грамадзяне бяз розьніцы моваў, на якіх яны гавораць, прызналі бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня» і вокліч «Жыве Беларусь» галоўнай сымбалічнай і сутнаснай альтэрнатывай дыктатуры.

Нацыя беларусаў заявіла, што прызнае сакральны статус нацыянальнай сымболікі. А сымболіка, як вядома, вызначае зьмест і вэктар разьвіцьця краіны і народу.

Сотні тысяч людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі прыйшлі да стэлы «Менск - горад-герой» падчас «Маршу свабоды» 16 жніўня 2020 году
Сотні тысяч людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі прыйшлі да стэлы «Менск - горад-герой» падчас «Маршу свабоды» 16 жніўня 2020 году

Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году

6. Нацыянальнае — неаддзельнае ад грамадзянскага

Цуд фармаваньня нацыі — гэта сынтэз этнічных, псыхалягічных і грамадзянскіх фактараў, счэпленых амаль сямейнай салідарнасьцю і ўзаемападтрымкай. У адзін момант мільёны людзей раптам усьведамляюць сваю крэўную роднасьць, адзінства свайго гістарычнага лёсу і сваю асобнасьць ад астатняга сьвету. Раптам узьнікае разуменьне, што існуе з аднаго боку «сьвет» і «яны», а з другога — «мы», «беларусы».

Счэпкі мужчын і жанчын у процістаяньні з АМАПам на вуліцах нашых гарадоў сталі мэтафарай нацыянальнага адзінства беларусаў. Нацыя — гэта счэпка. Недарэмна ў беларусаў існуе старажытны звычай узаемадапамогі — талака. Гэта таксама мэтафара салідарнасьці і ўзаемападтрымкі, а значыць — нацыі, счэпкі.

Людзі стаяць у счэпцы на менскай «плошчы Перамен» перад масавымі затрыманьнямі. 15 лістапада 2020
Людзі стаяць у счэпцы на менскай «плошчы Перамен» перад масавымі затрыманьнямі. 15 лістапада 2020

У часы нараджэньня ці абуджэньня нацыі ў людзей нараджаецца і абвастраецца пачуцьцё грамадзкай і грамадзянскай адказнасьці, абурэньне сацыяльнай і палітычнай несправядлівасьцю. І тады новапаўсталая або абуджаная нацыя імкнецца авалодаць дзяржавай, якая пакуль што знаходзіцца ў руках яе ворагаў ці прыгнятальнікаў (у нашым выпадку гэта гістарычны аксюмаран — плебейская арыстакратыя ў выглядзе прарасейскай уладнай вэртыкалі).

У 2020 годзе і ў папярэднія гады беларусы востра адчулі і зразумелі, што крыніца ўлады — яны самі, грамадзяне, што дзяржаўны апарат — гэта ўсяго толькі найманыя мэнэджары, якія разам зь сілавым блёкам жывуць на грошы людзей. І грамадзяне раптам запатрабавалі ад дзяржаўнага апарату строгага выкананьня законаў і ляяльнасьці.

Таму на мітынгах і дэманстрацыях па ўсёй краіне чуліся дзясяткі і сотні аднатыпных дэклярацый з вуснаў простых людзей: «Гэта наш горад!», «Гэта наша краіна!», «Мы тут улада!»

Гэта прыкмета сьпеласьці нацыі.

Менск, 16 жніўня 2020 году
Менск, 16 жніўня 2020 году

7. Двары — як мэтафара магдэбурскага самакіраваньня

Рэвалюцыя двароў 2020 году стала яшчэ адной праявай салідарнасьці і адзінства. Але ня толькі. Яна стала зародкам і правобразам будучай муніцыпалізацыі народнага жыцьця і рэальнага самакіраваньня, усеагульнай выбарнасьці лідэраў рознага ўзроўню.

І гэта — містычнае, на генэтычным узроўні культуры вяртаньне магдэбурскіх традыцый у беларускія гарады, упершыню за апошнія 200–300 гадоў яны робяцца зноў беларускімі. Магчыма, нават супольнасьць двароў будзе неўзабаве зноў выбіраць гарадзкіх кіраўнікоў — бурмістра ці войта, лаўнікаў (гарадзкіх судзьдзяў) і нават вознага (шэфа мясцовай паліцыі, шэрыфа), як гэтыя пасады называліся ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Так народ рэалізуе гарызантальную салідарнасьць паміж людзьмі, якія жывуць цяпер і адчуваюць сябе вялікай сям’ёй — супольнасьцю адзінага лёсу, нацыяй.

Выступ актораў Свабоднага тэатру на дваравым канцэрце ў Менску
Выступ актораў Свабоднага тэатру на дваравым канцэрце ў Менску


Але адметнай рысай нацыі таксама зьяўляецца, умоўна кажучы, салідарнасьць вэртыкальная — повязь сёньняшніх пакаленьняў зь мінулымі і будучымі — з продкамі і нашчадкамі.

Нацыя, як і любая сям’я, шануе сваіх дзядоў-прашчураў і дбае пра нашчадкаў. Нацыя захоўвае перададзены ёй ад продкаў скарб — тэрыторыю, нацыянальную культуру, мову, традыцыі і сымбалі — і дбае пра тое, каб захаваць, разьвіць і перадаць гэта ўсё сваім нашчадкам.

Якраз сувязь, салідарнасьць паміж пакаленьнямі, якая канцэнтруецца і фармулюецца ў нацыянальнай гісторыі, нацыянальным гістарычным міце, зьяўляецца імунітэтам нацыі ад хваробаў дэнацыяналізацыі. Апошнімі гадамі ў Беларусі назіраўся ўстойлівы рост цікавасьці да нацыянальнай гісторыі.

8. Нацыянальныя гонар і годнасьць

Як і належыць кожнай жывой істоце, нацыям уласьцівыя элемэнты эгаізму і самалюбаваньня. Адсюль у сацыяльных сетках у 2020 годзе было столькі захапленьня побытавай культурай беларусаў — і сьмецьце яны на мітынгах за сабой прыбіралі, і абутак здымалі, перш чым залезьці на лаўку, і нават уцякалі ад АМАПу, агінаючы клюмбы з кветкамі, каб іх не патаптаць.

Менск, 16 жніўня 2020 году
Менск, 16 жніўня 2020 году

Вось некалькі прыкладаў здаровай любові сучасных беларусаў да саміх сябе. У ліпені-жніўні на перадвыбарчых мітынгах Марыя Калесьнікава ня раз выгуквала: «Беларусы, вы неверагодныя! Я вас люблю», «Беларусы — вы найлепшыя!»

На шэсьці ў Менску 16 жніўня 2020 году жанчына-настаўніца з Гомля казала: «Паглядзіце, якія мы прыгожыя. І мы хочам такога самага прыгожага жыцьця».

На адным з пасьлявыбарчых мітынгаў хлопец трымаў плякат з надпісам: «Беларусы ў 2020-м — гэта найлепшае, што я бачыў у сваім жыцьці».

Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году


Гомельскі журналіст Пятро Кузьняцоў 17 жніўня ў сваім Фэйсбуку напісаў: «Праз сорам, боль і часам адчай мы прыйшлі нарэшце да гонару. Да часу, калі ня можна, а трэба ганарыцца сабой, сваімі сябрамі, землякамі і нават ворагамі, калі гэтая варожасьць не палітычная. Цудоўная краіна, дзівосны народ, цудоўная нацыя! Жыве Беларусь!»

І абсалютна вяршынны прыклад з самага вялікага мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай у Менску з удзелам 70 тысяч чалавек, калі вядоўца закрычаў у натоўп: «Мы ганарымся самі сабой! Мы — беларусы!»

І ў адказ пачуліся дзясяткі тысяч захопленых «Та-ак».

Шматтысячны перадвыбачрчы мітынг у падтрымку Ціханоўскай у парку Дружбы народаў у Менску. 30 ліпеня 2020
Шматтысячны перадвыбачрчы мітынг у падтрымку Ціханоўскай у парку Дружбы народаў у Менску. 30 ліпеня 2020

9. Геапалітычнае адасабленьне беларусаў. Выбар — нэўтралітэт

Вяршынным сьведчаньнем высьпяваньня беларускай нацыі я лічу выступленьне простага работніка-будаўніка з Горадні, супрацоўніка «Горадняжылбуду».

Цяжка было нават уявіць, што калі-небудзь такое пачуеш — як вуснамі простага чалавека наш народ містычна агучыць сваю спрадвечную мару — мару ляснога беларуса-хутараніна жыць на сваім кавалку зямлі без гаспадароў над ім з усходу і захаду — сьціпла, сумленна і культурна.

Рабочы «Горадняжылбуду», выступаючы на трасянцы, што яшчэ болей падкрэсьлівала каранёвы, глыбінна-народны характар ягонага маніфэсту, сказаў наступнае:

«Я сапраўды ганаруся сваім беларускім народам. Мне не патрэбныя ні NATO, ні Расея. Мы павінны быць адны — з нармальным сумленным кіраўніцтвам. На чале павінен быць прэзыдэнт — такі самы сумленны, як і мы».

Натоўп работнікаў вакол доўга выступоўцу пляскаў. Гэта, на маю думку, і стала містычным маніфэстам абуджанай нацыі, якая хоча працаваць для сябе самой і для сваіх дзяцей. Беларусы, як аказалася, не за Захад і не за Ўсход, яны — за сябе.

10. Ніводная беларуская ахвяра, пачынаючы ад 1863 году, не была дарэмнаю

Паводле тэарэтыкаў нацыянальных рухаў, фармаваньне нацый заканчваецца стварэньнем нацыянальных дзяржаў. Беларусы дамагліся гэтага ў 1918 годзе, але незалежнасьці не ўтрымалі, жылі 70 гадоў у квазідзяржаве БССР, і нарэшце ў 1991 годзе здабылі сувэрэнітэт.

Але гвалтоўнае прыпыненьне працэсу беларусізацыі 1920-х гадоў і татальнае вынішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1930-1940-я гады паставіла нацыю на мяжу выжываньня і нават прымусіла навукоўцаў казаць пра незавершанасьць працэсу фармаваньня беларускай нацыі. Гэта і прывяло да ўлады цяперашні рэжым.

Марш міру і незалежнасьці ў Менcку, 30 жніўня 2020 году
Марш міру і незалежнасьці ў Менcку, 30 жніўня 2020 году

Але 2020 год паказаў, што пэсымістычныя прагнозы ня спраўдзіліся. Нягледзячы на татальнае закрыцьцё беларускіх школ, газэт і часопісаў, разгром і звальненьне навуковых кадраў з Акадэміі навук і ўнівэрсытэтаў, падспудныя нацыятворчыя працэсы ішлі поўным ходам і выліліся ў падзеі 2020 году.

Вось чаму тое, што адбылося ў 2020 годзе, можна назваць беларускім нацыянальным паўстаньнем. А ўлічваючы, што паўстаньне — гэта апошні этап вызваленьня беларусаў ад вонкавых уплываў і залежнасьцяў, яго можна называць і нацыянальна-вызвольным.

Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году
Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году

Пакуль што паўстаньне пацярпела паразу ад узброенага маналітнага рэжыму меншасьці. Але, як падаецца, усё, што адбылося зь беларусамі ў 2014–2021 гадах, сцэмэнтавала нацыю канчаткова і назаўжды. Раней ці пазьней рэжым павінен будзе сысьці, а Расея, верагодна, ужо ня зможа асыміляваць беларусаў.

***

Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»

Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.

Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».

Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.

Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.

На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.

  • 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
  • Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG