Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці кардынала Сьвёнтка


Казімір Сьвёнтак
Казімір Сьвёнтак

Падзеі 21 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

21 ліпеня 2011 году памёр Казімір Сьвёнтак, арцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, першы кардынал у гісторыі незалежнай Беларусі, вязень ГУЛАГу.

Вы калі-небудзь спрабавалі зьлічыць анёлаў у храме? Ён ведаў, што гэта немагчыма, бо іхні лік штохвілінна мяняецца.

«Вадзіў нас ад зялёнага дворыка з чатырох’яруснай званіцай і аж да лазаў у сьценах добры знаўца францысканскіх муроў і ўвогуле старажытнага Пінску, сіваваты ўжо, харошы чалавек з усьмешлівым і разумным абліччам Казімер Сьвёнтак. Дужа добры фатограф, матацыкліст, кінэматаграфіст-аматар, чалавек, які здатны цэлую ноч нерухома праляжаць у лесе, каб запісаць на магнітафон такаваньне глушцоў...»

Знаўцы творчасьці Ўладзімера Караткевіча, магчыма, пазналі ўжо фрагмэнт нарысу «Званы ў прадоньнях азёраў», упершыню надрукаванага ў часопісе «Маладосць» у 1969-м.

На жаль, Караткевіч праз цэнзурныя рагаткі ня здолеў паведаміць чытачам, які ж галоўны занятак гэтага знаўцы старасьвеччыны і заядлага матацыкліста. Пагатоў ён ня мог распавесьці, што ксёндз Казімер паходзіць з польскай шляхецкай сям’і і да Другой усясьветнай вайны скончыў Пінскую духоўную каталіцкую сэмінарыю, а ў 1939-м, з прыходам саветаў, быў абвінавачаны ў шпіянажы і кінуты ў турму.

Пасьля вайны яго засудзілі на дзесяць гадоў лягераў. Адтуль, зь сібірскай тундры, ён, адцягнуўшы тэрмін ад званка да званка, вярнуўся ў 1954-м у Пінск і пачаў служыць у францысканскім касьцёле. Адмовіўся выяжджаць у Польшчу. Не атрымаўшы рэабілітацыі, усё жыцьцё пісаў у анкетах пра судзімасьць.

Ад канца ХVІІІ стагодзьдзя беларускія католікі ня мелі сваіх кардыналаў. Бясконца доўгі перапынак скончыўся ў 1994-м, калі Ян Павал ІІ надаў гэтую годнасьць Казімеру Сьвёнтку. Міжнародным прызнаньнем яго заслугаў сталася ўзнагароджаньне ў 2006-м францускім Ордэнам камандора Ганаровага легіёну.

За палякам (адзін час нават намесьнікам старшыні Саюзу палякаў Беларусі) Сьвёнткам адбывалася беларусізацыя нашага Касьцёлу. Маючы гонар быць запрошаным на 90-годзьдзе яго эмінэнцыі, я загаварыў пра гэта зь юбілярам і зразумеў, як няпроста давалася вяртаньне нашай мовы ў сьвятыні.

А вось наконт таго, што Сьвёнтак быў «кінэматаграфістам-аматарам», Караткевіч, відаць, памыляўся. Прынамсі, беларускі кінарэжысэр Юры Гарулёў лічыць, што фільмы «абсалютна прафэсійныя». Зрэшты, кожны можа сам пагадзіцца з гэтай думкаю або аспрэчыць яе, зьвярнуўшыся да выпушчанай у 2014-м выдавецтвам «Pro Christo» кнігі «Чары Палесься». Туды ўвайшлі дыскі зь фільмамі выбітнага сьвятара. Дыктарскі тэкст — польская паэзія, музыка — Сьвёнткаў улюбёны Шапэн.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.610-611.

Таксама ў гэты дзень

356 да н. э. — Герастрат спаліў Храм Артэміды ў Эфэсе.

1831 — Леапольд І абраны канстытуцыйным манархам Бэльгійскага каралеўства, сьвяткуецца як Дзень Бэльгіі.

1917 — у Менску пачаўся Зьезд беларускіх арганізацыяў i партыяў, які ўтварыў Цэнтральную Раду беларускіх арганізацыяў.

1960 — катастрофа Іл-12 у Менску. Загінулі 8 чалавек.

1969 — першы зямлянін, амэрыканскі астранаўт Нэйл Армстранг, ступіў на Месяц. Армстранг, разам з астранаўтамі Майклам Колінзам і Эдвінам Олдрынам, зьдзейсьніў пасадку карабля «Апалён-11» на Месяцы днём раней — 20 ліпеня 1969 году.

Нэйл Армстранг на Месяцы, 21 ліпеня 1969
Нэйл Армстранг на Месяцы, 21 ліпеня 1969

1983 — на антарктычнай станцыі «Ўсход» была зафіксаваная самая нізкая тэмпэратура на Зямлі за ўсю гісторыю назіраньня −89,2 ° C.

У гэты дзень нарадзіліся

356 да н. э. — Аляксандар Макэдонскі, цар Макэдоніі, вайскавод, стваральнік сусьветнай імпэрыі.

1816 — Пoль Ройтэр, заснавальнік найбуйнейшага сучаснага брытанскага інфармацыйнага агенцтва Reuters.

1860 — Антон Каменскі, беларускі, польскі і францускі ілюстратар і графік.

1891 — Сымон Кандыбовіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, гісторык.

1897 — Васіль Сакалоўскі, савецкі вайскавод, маршал Савецкага Саюзу, ураджэнец Беларусі.

1899 — Эрнст Хэмінгуэй, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1954 год.

Эрнст Хэмінгуэй
Эрнст Хэмінгуэй

У памяці

1944 — Клаўс Шэнк фон Штауфэнбэрг, палкоўнік нямецкай арміі, адзін з арганізатараў і выканаўца замаху на Адольфа Гітлера (пакараны сьмерцю).

Клаўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг
Клаўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг

1994 — Уладзіслаў Рубанаў, пісьменьнік.

Ён на вачах рабіўся чалавекам унутрана свабодным, вызваленым ад нядаўніх догмаў і схемаў, захопленым зусім іншымі ідэямі, героямі й сюжэтамі.

З шэрага вопрадня выбаўляўся, каб узьляцець, новы, цікавы й арыгінальны, глыбока нацыянальны пісьменьнік, што засьведчыла публікацыя ў першых нумарах «Маладосці» за 1994 год ягонага раману «Неаднойчы забіты».

У творы сутыкаліся тры сьветы: фізычная паўсядзённасьць, рэальнасьць сноў і космас душаў тых, хто ўжо прайшоў свой зямны шлях.

На думку аўтара, мяноўна гэты, трэці сьвет, дзе сілы згоды, любові і гармоніі знаходзяцца ў жорсткім супрацьстаяньні зь сіламі хаосу і разбурэньня, і кіруе нашым быцьцём.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.410-411.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG