Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неверагодны 2020-ы». Сьвятлана Алексіевіч: «Трэба назапашваць новую эліту і ня ўпасьці ў роспач»


Марш Свабоды ў Менску, 16 жніўня 2020
Марш Свабоды ў Менску, 16 жніўня 2020

Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай падзяліцца іх бачаньнем і разуменьнем падзеяў 2020 году, адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне «Што гэта было?». Сёньня прапануем вашай увазе адказы пісьменьніцы, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч

Што адбылося зь беларускім грамадзтвам у 2020 годзе: сасьпяваньне, дасьпяваньне, ці разрадка напружанасьці? Ці можа вярнуцца вецер на кругі свае?

— Не, я думаю, што Беларусь ніколі ўжо ня стане ранейшай. Ніколі ўжо не загнаць нас, як той казаў, у стойла, хоць, напэўна, наверсе меркавалі, што гэта магчыма. Гэта ўжо немагчыма. Грамадзтва стала дарослым, мы нарэшце сталі нацыяй. Мы задалі сабе пытаньні, якія імкнуліся не задаваць: хто мы, дзе мы, чаго мы хочам, з кім мы хочам быць.

Гэта важныя пытаньні, якіх 100 гадоў не задавалі. Мы сваіх нацыянальных праблем ня вырашылі. Мінулы год паказаў, што гэта назапашвалася ў народзе. І ён выйшаў. Не выпадковыя і гэты сьцяг, і гэтыя песьні пратэсту з рэхам пачатку стагодзьдзя. І нахабная брутальнасьць не змагла гэта здушыць. Яна здолела прыбраць з вуліц нашы галовы, але мы ўжо нацыя.

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры
Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры

Як у падзеях 2020 году праявілася беларускае нацыянальнае?

— Беларусы задумаліся пра самастойнасьць свайго шляху. Можа, гэта было наіўна — што мы зможам побач з такім суседам, як Расея, пабудаваць цалкам незалежную дзяржаву, роўную нашым марам. Гэта наіўна, Расея ніколі нас не адпусьціць. І Эўропа будзе няздольная дапамагчы нам.

Але тое, што мы выйшлі на вуліцу — гэта адыграла ролю ў тым, што ў нас не апынуліся расейскія войскі.

Мне здаецца, што такая здача была прадугледжаная ў плянах Пуціна і Лукашэнкі. Хоць кажуць, што Лукашэнка ніколі ня здасьць Беларусь. Але я думаю, што за 26 гадоў яго кіраваньня эканоміка адвучылася самастойна жыць.

Чаму беларускі пратэст 2020 году ня меў геапалітычнага вымярэньня?

— Вядома, беларускі пратэст гаварыў па-расейску. Я ня ведаю, якія лічбы апытаньняў, як беларусы ставяцца цяпер да саюзу з Расеяй. Але я думаю, што яны ў сваіх думках ніколі не адыходзяць ад Расеі. І калі Расея і страціла сваіх саюзьнікаў у Беларусі, дык толькі ад таго, што яна падтрымала Лукашэнку. Да гэтага народ больш верыў у Расею. Ён быў не за зьліцьцё з Расеяй, але за дружбу зь ёй. Беларусы не сьпявалі, як ва Ўкраіне: «Ніколі мы ня будзем братамі». Такога ў беларускай сьвядомасьці яшчэ няма.

З другога боку, я думаю, што страх перад тым, што было ва Ўкраіне, перашкодзіў курсу на Эўропу, нягледзячы на ўнутраную эўрапейскую арыентацыю.

Вы пагаварыце зь любым беларусам, я ня раз гэта рабіла, калі пісала свае кнігі. Яны ня думаюць пра сябе з Эўропай. Досьвед Украіны спарадзіў страх паказаць свае праэўрапейскія памкненьні.

Жанчыны перад затрыманьнямі падчас акцыі пратэсту 18 верасьня 2020
Жанчыны перад затрыманьнямі падчас акцыі пратэсту 18 верасьня 2020

Ці засьведчылі падзеі 2020 году раскол у беларускім грамадзтве?

— Сёньня нам цяжка вызначыць, якая частка грамадзтва падтрымлівае Лукашэнку. Я думаю, што адсоткаў 30 яго ўсё-ткі падтрымліваюць.

Але пасьля 9 жніўня 2020 году мы ўбачылі, як нават у малых вёсачках, на паўстанках з 50 чалавек жыхароў два-тры чалавекі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі выходзілі на вуліцу.

Усе хацелі пераменаў, усе хацелі новага жыцьця. І ўсе разумелі, што стары лідэр ужо няздольны гэта даць, няздольны ўзначаліць гэтыя перамены.

Але потым, з нашым генэтычным досьведам гвалту, калі ён пачаўся, — уключыўся мэханізм самазахаваньня.

Людзі сышлі ў сябе. І я ад многіх людзей чула: «Ізноў нічога не атрымалася». Тут важнае слова «ізноў». Я гэта чула ад людзей узросту 50 гадоў і старэйшых.

Напачатку, калі выходзілі на вуліцу сотні тысяч, можна было сказаць, што краіна была на баку новай апазыцыі, на баку Ціханоўскай. І я думаю, што тады яна выйграла.

Але калі б выбары былі зараз, я ня ведаю, хто б на іх выйграў.

Трыццаць адсоткаў, якія падтрымлівалі Лукашэнку, — гэта людзі, якія баяліся пераменаў ці таго, што прыйдзе за імі. Яго брутальнасьць, дэманстрацыя сілы — яны зачароўвалі людзей, частку людзей. Многія гадамі задавалі пытаньне: «А хто, калі ня ён?». Ня ўсе паверылі гэтаму трыюмвірату жанчын. Хоць рэвалюцыя гэтая мела жаночы твар.

Але ўсё ж я думаю, што адсоткаў 30 у яго было. Асабліва гэта адчуваецца ў вёсках, гэтыя людзі ёсьць, яны ягоныя людзі шмат у чым.

Цяпер, пасьля гэтай жахлівай жорсткасьці, мы ня ведаем узроўню яго падтрымкі, цяпер ня можа быць сумленнай сацыялёгіі, бо людзі затаіліся.

Страх перашкаджае нам даведацца праўду, што такое сёньня нашае грамадзтва.

У Ціханоўскай была сапраўдная народная падтрымка. Гэта нечым нагадвала эпоху перабудовы — тая ж вера, той жа парыў. А за яго былі людзі, якія заўсёды баяцца пераменаў.

Сьвятлана Ціханоўская выстапае на шматтысячным перадвыбарным мітынгу ў Берасьці 2 жніўня 2020 году
Сьвятлана Ціханоўская выстапае на шматтысячным перадвыбарным мітынгу ў Берасьці 2 жніўня 2020 году

Ці магчымае прымірэньне, і калі так, то якой можа быць яго формула?

Калі б сёньня з жыцьця зьнік Лукашэнка, краіна б ірванулася да пераменаў. Гэта была б зусім іншая краіна. А мы зноў губляем гістарычны час. Замест гістарычнага часу мы жывём у біялягічным — у часе проста жыцьця, часе выратаваньня сябе, сваёй сям’і.

Гісторыю можна пачуць, калі ты чытаеш матэрыялы судоў, апошнія словы падсудных, якіх адпраўляюць на катаргу.

Уражвае годнасьць маладых людзей, тое, як яны разумеюць сваю будучыню.

Прыгадваю выступ на судзе Паліны Шарэнды-Панасюк — двое дзяцей, муж пад хатнім арыштам. Зь якой годнасьцю яна адказвала судзьдзі, як гэта было бясстрашна.

Гэта ўсё падае ў народ, недзе застаецца.

На жаль, у гэтым сіла аўтарытарызму — што ўсё замыкаецца на адным чалавеку. Варта прыбраць гэтую фігуру з дошкі — і дошка робіцца зусім іншай.

Гэта даволі банальная асаблівасьць аўтарытарызму — што з адным і тым жа народам можна зрабіць і тое, і іншае.

Ці шкадуеце вы пра тое, што адбылося ў 2020 годзе, ці варта яно было сьмерцяў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?

Гэта недакладнае пытаньне. Гэта ня значыць, што варта было — у нас не было выбару. Нам трэба выскачыць з гэтага аўтарытарнага досьведу жыцьця. Гэта ж было жыцьцё многіх пакаленьняў. Мы не маглі пагадзіцца з тым жа прыніжэньнем, таптаньнем на месцы, адсутнасьцю сябе ў гісторыі.

Нават нельга сказаць, што людзі робяць выбар, гэта сам час робіць выбар.

Гэта любімы мой кавалак у «Вайне і міры» Талстога, калі Кутузаў разьвітваецца з генэраламі пасьля вырашальнай нарады перад Барадзіном і думае пра сябе: «Усё зробяць мае салдаты, усё зробяць мае генэралы, усё зраблю я, што змагу. Але нешта зробіць нехта яшчэ».

Гэта нават ня Бог. Але неяк счэпяцца гэтыя тысячы воляў, і народзіцца тое, што будзе называцца нашым часам.

Я думаю, што ў нас было нешта падобнае. Нельга ўявіць, што гісторыя адбываецца сьвядома, пад кіраўніцтвам нейкіх сілаў, таго ж Лукашэнкі.

Ён можа стаць коркам, які закаркоўвае бутэльку. Але газ усё роўна выпхне гэты корак.

Якія ўрокі зь беларускіх падзеяў 2020 году?

— Урок той, што мы мусім назапашваць эліту, мусім шанаваць кожнага чалавека, які здольны стаць насуперак аўтарытарным жаданьням аднаго чалавека ці групы людзей. Тут яшчэ і сілавая структура аказалася разам з палітычнай. Такія часы счапляюць палітычную эліту зь сілавой, калі ўжо невядома, хто кім камандуе і хто ад каго залежыць.

Нам сёньня трэба назапашваць новую эліту, гэтых хлопцаў, якіх раскідвае па ўсім сьвеце, якія цяпер сядзяць у турмах, у калёніях.

І важна, каб яны ацалелі для новага часу, трэба ня ўпасьці ў роспач, рыхтаваць сябе да новага часу — рыхтаваць інтэлектуальна, рыхтаваць прафэсійна. А то прыйдуць новыя часы, а ў нас няма новых людзей. І будзе толькі гэтая старая палітычная эліта, якая занятая толькі самавыжываньнем.

Юры Дракахруст пра праект «Неверагодны 2020-ы»

Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.

Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».

Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.

Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.

На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.

  • 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
  • Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG