Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 19 ліпеня: да 5 гадоў калёніі за пратэсты 9-11 жніўня, 8 гадоў за ўдзел у чатах «радыкальнай скіраванасьці»

абноўлена

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня

У Беларусі не спыняецца крымінальны перасьлед грамадзян за ўдзел у пратэстах супраць дзейнай улады. Свабода адсочвае падзеі.

Новыя выракі за ўдзел у чатах «радыкальнай скіраванасьці»

Двум сябрам Каардынацыйнай рады, Расьціславу Стэфановічу і Сяргею Плонісу, прысудзілі 8 гадоў за перапіску ў чатах. Пра гэта напісаў тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.

Менавіта такі тэрмін для абвінавачаных запрасіў пракурор. Усяго ў справе аб тэлеграм-чатах «радыкальнай скіраванасьці» праходзіць дзесяць палітвязьняў. Ім прысудзілі ад 5 да 10 гадоў калёніі. Фігурантаў справы абвінавацілі ва ўдзеле ў тэлеграм-чатах «радыкальнай скіраванасьці», а таксама ў намеры сапсаваць тры «Табакеркі». У сваіх апошніх словах падсудныя не прызналі віны і адзначылі, што абвінавачаньне збудавана на домыслах.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», сыстэмнага адміністратара ў сфэры лякальных сетак, відэаназіраньня Сяргея Плоніса затрымалі 2 кастрычніка ў Менску ў межах крымінальнай справы аб удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).

Сябра пашыранага складу Каардынацыйнай рады архітэктара і дызайнэра інтэр'ераў Расьціслава Стэфановіча, паводле «Вясны», затрымалі і пабілі 29 верасьня. Яго цялесныя пашкоджаньні пры жорсткім затрыманьні зафіксаваныя ў ІЧУ на Акрэсьціна і ў СІЗА на Валадарскага. Потым на Расьціслава завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб удзеле ў масавых беспарадках у Менску. У мужчыны двое дзяцей – 7-гадовая дачка і 5-гадовы сын.

Расьціслаў і Сяргей знаходзяцца пад вартай у СІЗА-1 у Менску.

Таксама 8 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі Паўлу Нядбайлу, Яўгену Прапольскаму, Аляксандру Рэзніку, Арцёму Міцуку, Аляксандру Юрчыку.

Арцёму Касакоўскаму, Дзьмітрыю Ластоўскаму, Дзьмітрыю Жабуртовічу — па 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Найбуйнейшы турэмны тэрмін у гэтай справе атрымаў Юры Бялько, яму прысудзілі 9 гадоў узмоцненага рэжыму.

Падчас абвяшчэння прысудаў зь вязняў не знялі кайданак. Некалькі зь іх, а таксама некаторыя слухачы ў залі выкрыкнулі: «Жыве Беларусь!».

Калёнія ўзмоцненага рэжыму за жнівеньскія пратэсты

У судзе Цэнтральнага раёну Менску вынесьлі прысуд у чарговым працэсе за пратэсты 9-11 жніўня 2020 году ў беларускай сталіцы. На лаве падсудных апынуліся палітвязьні Уладзіслаў Барысаў, Ян Фалькін, Уладзімер Мацюх, Мікіта Літвіненка. Іх абвінавацілі паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Масавыя беспарадкі») і арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Усіх мужчын затрымалі ў верасьні 2020 году.

Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня. Бок дзяржабвінавачаньня прадстаўляў памочнік пракурора Арцём Цьвяткоў.

Прысуды:

  • Уладзіславу Барысаву 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Мікіту Літвіненку 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Уладзімеру Мацюху 3 гады 6 месяцаў узмоцненага рэжыму
  • Яну Фалькіну 3 гады 6 месяцаў узмоцненага рэжыму і штраф 1500 рублёў.

Усім асуджаным Шабуня пастанавіла залічыць 1 дзень у СІЗА да прысуду як 1,5 дня тэрміну.

Акрамя таго, асуджаныя мусяць выплаціць дзяржаўнаму прадпрыемству «Менсктранс» па 20,5 рубля шкоды.

Падчас судовых слуханьняў палітвязень Літвіненка заявіў, што выходзіў на вуліцу «адзначыць перамогу», у яго і сяброў не было сумневаў у тым, што Сьвятлана Ціханоўская пераканаўча перамагла на выбарах.

«Пра якія 80% ён кажа пасьля гэтага?! У маім асяродку наогул няма людзей, якія б да яго нармальна ставіліся, ня тое каб галасавалі», — паведаміў палітвязень у судзе пра стаўленьне свайго атачэньня да Лукашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG