Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці рэдактара «Нашай нівы» расказала пра ператрус: «Большага вэрхалу ня бачыла ў сваім жыцьці»


Ягор Марціновіч
Ягор Марціновіч

У допісе на фэйсбуку Тацяна Мушынская расказала, як 8 ліпеня адбываўся ператрус у кватэры яе сына, галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча.

У нядзелю, па сканчэньні 10 сутак у ізалятары, Ягора Марціновіча на свабоду не адпусьцілі, яго затрымалі другі раз, ужо па новым артыкуле, а якім менавіта, сьледчы адмовіўся паведаміць сваякам. Пасьля затрыманьня 8 ліпеня ў СК паведамілі, што Марціновіч праходзіць падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка ці арганізацыя дзеяньняў, што груба парушылі грамадзкі парадак, або ўдзел у іх).

Паводле Тацяны Мушынскай, яна прыехала ў кватэру сына за некалькі хвілінаў да зьяўленьня там сілавікоў, пакуль сына везьлі з офісу рэдакцыі дахаты.

«Стаю на кухні. Раптам уваходныя дзьверы адчыняюцца. Спачатку зьяўляецца Альма (сабака. — РС) на павадку, потым Ягор. Нейкі дзіўны, маўклівы. Сьледам увальваецца проста зграя. Дзікае паляваньне, самае натуральнае! Чалавек 7 ці 8. У чорным, у масках, толькі прарэхі для вачэй. Галасы — з агрэсіяй.

— Так, вы хто?
Ні «добры дзень», ні тлумачэньня, хто заявіўся.
— Я маці!
— Мабільнік сюды! Ператрус! І выйсьці ў калідор».

Пасьля ператрусу сілавікі вывелі Ягора Марціновіча з рукамі за сьпінаю і загадалі маці журналіста замкнуць кватэру.

«Уваходжу ў пярэдні пакой. Відаць, што пагром і ўсё дагары дном. На сушцы зьверху ляжыць валізка. Падымаю. Туды я паклала мабільнік. Мабілы няма. Кожнаму нармальнаму чалавеку зразумела: у мабіле — рабочыя тэлефоны, сябры, кантакты, фота. Без мабілы як бяз рук. Бегма да ліфта. Можа, яшчэ чакаюць і ня зьехалі? Дзьверы зачыненыя, стаяць на пляцоўцы.

— Аддайце мой мабільнік! Аддайце!
З таго боку трымаюць дзьверы, каб я не адчыніла.
— Мабільнік далучаны ў ходзе ператрусу. Калі будзеце павышаць голас, тады...»

Мабільнага тэлефона Мушынскай не аддалі і зьехалі без складаньня пратаколу аб канфіскацыі.

«Вяртаюся ў кватэру. Большага вэрхалу ня бачыла ў сваім жыцьці ніколі. Калі ў гэтую ж кватэру прыходзіў месяц ці два таму ДФР, то ў тых аказалася неяк інтэлекту пабольш. Паводзілі сябе спакойна, карэктна. Прыстойна апранутыя, не хавалі твараў. Ня ведаю, што шукалі апошні раз і што знайшлі. Усё пераварочвалі зь нейкай злоснай, а можа, садысцкай радасьцю. Сілы няма куды падзець? З-за вуглавой канапы мала што дасталі коўдры, дык яшчэ і раскідалі па падлозе. Яшчэ і пакінулі паднятую на спружыне частку. Дзесьці паміж коўдраў — пульт ад тэлевізара, які немагчыма знайсьці. Матрац сьцягнулі і папярок кінулі. Рэчы з шафы вывалілі гарой у пярэднім пакоі.

Ведаеце, што мяне больш за ўсё забіла маральна? На створцы вакна ў залі вісела гірлянда. Для прыгажосьці. Ну каб увечары ўключыць і палюбавацца. Дык вось — гірлянду сарвалі з акна з такой злосьцю, што яна разьляцелася на мноства частак, а шкляныя аскепкі валяліся потым па ўсім пакоі. Што можна было схаваць і што шукаць у гірляндзе і ў маленькіх празрыстых лямпачках? Нічога».

«Я больш чым упэўнена: грамадзяне, якія ўчынілі пагром у кватэры майго сына, наўрад ці могуць складна напісаць ці сказаць пяць фразаў па-беларуску. Тым больш напісаць артыкул. Наўрад ці ведаюць беларускую гісторыю і яе падзеі. Ім яна глыбока нецікавая і непатрэбная. Але камусьці вельмі трэба пасадзіць за краты людзей, якія рыхтуюць і рэдагуюць выданьні, якія адлюстроўваюць беларускую рэальнасьць і беларускую гісторыю. Партал „Наша ніва“, часопіс „Наша гісторыя“, часопісы, адрасаваныя дзецям, карысталіся вялікай папулярнасьцю. Іх ніхто не прымушаў выпісваць пад пагрозай пакараньня.

Ад таго, што разам зь Ягорам Марціновічам загрэблі адначасова ягоных калег, вядомых грамадзкіх дзеячаў Андрэя Дынько і Андрэя Скурко, каму стала лягчэй? „Русскому миру“, тэлеканалу „Царград“ або вялікім начальнікам зь вядомых дамоў? Калі б вялікія начальнікі ўмелі пралічваць хоць на пяць крокаў наперад, маглі б сьцяміць: для многіх зь іх у Паўночна-Заходнім краі пасадаў ня хопіць. Ліквідуюць. Я пра пасады. А самі яны застануцца ў гісторыі з таўром Герастрата (калі, праўда, ведаюць, хто гэта). Беларуская культура ўсё роўна выжыве. Яна, што называецца, трывалая. Паднімецца і на папялішчы. Але найлепшых людзей свайго часу могуць запалохваць і мучыць толькі ворагі беларускай дзяржавы».

Разам зь Ягорам Марціновічам былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэклямы і маркетынгу Андрэй Скурко, а таксама галоўная бухгальтарка Вольга Раковіч (яе 16 ліпеня вызвалілі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG