Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Залатая мэдалістка. Зьехала ў Маскву, але вярнулася і вывучыла беларускую мову», — клясная кіраўніца пра Вольгу Філатчанкаву


Вольга Філатчанкава, архіўнае фота
Вольга Філатчанкава, архіўнае фота

16 ліпеня ў Савецкім раённым судзе Менскe абвесьцяць прысуды 12 «фігурантам справы студэнтаў». Сярод іх былая выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава.

Што вядома пра Вольгу Філатчанкаву?

Вользе 42 гады, яна выкладчыца, мае сына-студэнта і 8-гадовую дачку. Удзельнічала ў зваротах супраць фальшаваньня выбараў і гвалту. Летась 12 лістапада была затрыманая супрацоўнікамі КДБ. Віны не прызнала ані на сьледзтве, ані ў судзе.

Пракурор запрасіла для Вольгі Філатчанкавай 2,5 года. Вольга адзіная зь фігурантаў справы, хто апошняе слова прамаўляў па-беларуску. У ім яна таксама зьвярнулася да дачкі Машы, якой ня бачыла 8 месяцаў.

«Гонар і сумленьне маёй клясы»

Аксана Каляда — былая клясная кіраўніца Вольгі. Яна ходзіць падтрымаць яе ў судзе.

«Уяўляеце, быў мой дзень народзінаў, дык Вольга нават адтуль, зь вязьніцы, арганізавала, каб мне перадалі падарунак, — расказвае Аксана Каляда. — О, яна заўсёды была гонарам і сумленьнем маёй клясы!».

Аксана Каляда
Аксана Каляда

Аксана Аляксееўна Каляда выкладала ў клясе, дзе вучылася Вольга Філатчанкава, матэматыку і інфарматыку, пяць гадоў была яе кляснай кіраўніцай у 187-й менскай школе.

«Школа ў раёне Камароўскага рынку. Зь іншых школ зьбіралі вучняў і, каб прывабіць лепшых, арганізавалі адмысловыя клясы. Мой быў з ухілам у матэматыку і інфарматыку. Нагрузкі хапала з аднае клясы на цэлую стаўку», — згадвае Аксана Каляда.

Сярод фатаздымкаў, якія захоўваюцца ў асабістым архіве Аксаны Аляксееўны, — выпускное фота, зробленае ў 1996 годзе. Вольга ў цэнтры здымка невыпадкова, мяркуе настаўніца.

На выпускным фота Вольга ў цэнтры першага шэрагу
На выпускным фота Вольга ў цэнтры першага шэрагу

Аксана расказвае, як склаліся лёсы яе вучняў. Гэты цяпер у ЗША, гэты праграмістам у Гішпаніі, той лекарам у Анголе, бо там больш плацяць, гэтая дзяўчына ў Маскве, яна замужам за дэпутатам Дзярждумы. А вось гэты хлопчык, у якога зусім простыя бацькі, быў найлепшым вучнем па матэматыцы і стаў сьвятаром.

«Толькі Вольга яму не саступала», — кажа Аксана і нагадвае, што яе вучаніца скончыла школу з залатым мэдалём.

«Прычым у яе сапраўдны мэдаль. У нас з гэтым было строга, кожны мэдаль абмяркоўвалі на пэдагагічнай радзе», — запэўнівае Аксана Аляксееўна.

Сама Аксана скончыла мэхмат БДУ, а ў школу прыйшла з заводу Арджанікідзэ, дзе ў канцы 80-х заробкі ўпалі. Яна з захапленьнем расказвае, як было ў школе на пачатку 90-х, калі ў настаўніцтве нарэшце стала магчымаю творчасьць.

«Ва ўсякім разе ў нашай школе, хто да гэтага імкнуўся і сябе не шкадаваў, творчасьць дазвалялі. Праграмаў новых не было, але шукай веды зь іншых крыніц і выкладай. Спачатку за гэта давялося пазмагацца», — кажа Аксана і расказвае, як настаўнікам з дапамогай бацькоў удалося адправіць у адстаўку дырэктарку школы з кансэрватыўнымі поглядамі.

«Складалі разам лісты і звароты, даводзілі, што старая пэдагогіка зь яе стукацтвам сваё аджыла, што прыйшоў новы час, трэба давяраць вучням, разьвіваць іх здольнасьці. І падзейнічала! Нас пачулі, замянілі дырэктара на чалавека дэмакратычных поглядаў. Літаральна за год усё зьмянілася, запрацавалася з такім натхненьнем! Але з 1996 году ўсё пайшло ў адваротны бок. З дырэктараў школ пачалі рабіць фальсыфікатараў выбараў, з настаўнікаў — сьляпых выканаўцаў інструкцый РАНА. І ў выніку са школы я зусім сышла. Цяпер выкладаю ў прыватнай школе, гэта зусім іншае», — кажа Аксана Каляда.

Аксана Каляда
Аксана Каляда

«У нас лічылася, што сьпісваць — сабе шкодзіць»

У клясе, дзе вучылася Вольга Філатчанкава, па словах былой кляснай кіраўніцы, панавала атмасфэра даверу.

«Можа, быў час такі? Падчас кантрольнай я магла выйсьці з клясы, бо ведала, што ніхто ні ў кога ня будзе сьпісваць. Усе разумелі, што сьпісваць — сабе на шкоду. Але неяк у 9-й клясе да нас прыйшоў новы хлопчык. Аднойчы пасьля кантрольнай ён разварушыў стос аркушыкаў, дапісаў, што трэба, і паклаў на месца. Я заўважыла, што нешта ня тое з аркушыкамі, абурылася, сказала, што гэтак яны ўсе могуць страціць мой давер, хай тады самі ставяць сабе адзнакі. Тут паднялася Вольга і сказала, што ведае, хто гэта зрабіў, але казаць ня будзе, а просіць яго самога прызнацца. І новенькі прызнаўся! Яшчэ хлопцы зь ім потым самі нейкую „прафіляктычную размову“ правялі, і ў выніку ўсё ўладкавалася. І ў вучня таго прэтэнзій ня ўзьнікла, і расколу ў клясе не атрымалася, і такое больш не паўтаралася. Да выпускнога мы дажылі выключна дружна», — згадвае Аксана.

Тульпаны зь лецішча — для вэтэранаў

Таксама настаўніца ня можа забыць, якой Вольга была шчырай і актыўнай, калі гаворка заходзіла пра гэтак званыя «школьныя мерапрыемствы».

«Былі ж ня толькі вечарыны з танцамі, якія большасьці падабаюцца, але і „абавязалаўка“. Прыкладам, на 9 траўня ўсім старэйшым клясам паводле загаду дырэктара трэба было ісьці да праспэкту, каб вітаць вэтэранаў, калі яны праходзяць шэсьцем. Наша кляса заўсёды прыходзіла амаль цалкам, заганяць не даводзілася. Нават у 96-м годзе, калі мы былі выпускнымі і дырэктар дазволіў прыходзіць па жаданьні, амаль усе зьявіліся. Вольга дык звычайна прыходзіла з ахапкам тульпанаў зь лецішча. Тады вэтэранаў яшчэ было шмат, а кветкі ў дэфіцыце, і як жа яе тульпаны нас ратавалі!» — усьміхаецца Аксана.

Фрагмэнт ліста Вольгі Філатчанкавай.
Фрагмэнт ліста Вольгі Філатчанкавай.

Вывучыла беларускую мову на курсах і цяпер выступае на роднай мове

Вольга Філатчанкава паступіла ў ВНУ і скончыла яе з чырвоным дыплёмам. Клясная кіраўніца Вольгі ведае, што дзяўчына зьбіралася навучацца ў асьпірантуры, здала патрэбны мінімум, але раптам аказалася ў Маскве. Паводле зьвестак настаўніцы, месца ў асьпірантуры, на якое яна разьлічвала, аддалі нейкаму навучэнцу з важнымі сувязямі.

«Мяркую, Вольгу гэта моцна зачапіла, бо яна чалавек, які і сам не дапускае несумленнасьці адносна іншых, але не цярпіць несправядлівасьці і на свой адрас. У выніку яна сышла, а потым і ўвогуле пераехала зь Менску ў Маскву», — кажа Аксана.

На шмат гадоў яны зьвялі кантакты да сустрэч на гадавіны выпускнога і перапіскі. Зноў былая клясная кіраўніца з вучаніцай актыўна закантактавалі ўжо ў 2020 годзе, напярэдадні падзей, зьвязаных з выбарамі.

«Я ведала, што ў Вольгі нарадзілася дачка, што яна вярнулася ў Менск, знайшла працу ў БДУІРы, што яна навучалася на курсах беларускай мовы — мы зь ёй цалкам па-беларуску цяпер перапісваемся. І вось у судзе яна апошняе слова прамаўляла па-беларуску, гэта сьвядомы ўчынак», — мяркуе Аксана.

Аксана Каляда
Аксана Каляда

Яшчэ настаўніца згадвае свае размовы з вучаніцай пра студэнтаў.

«Як размаўлялі аб працы, Вольга заўсёды ў захапленьні ад сваіх студэнтаў. Называе іх любоўна „маімі студзікамі“, можа гадзінамі расказваць пра іх посьпехі. Ну акурат як я. Таму я ні на ёту не сумнявалася, што Вольга была шчырая, калі на судзе сказала, што не магла не падтрымаць сваіх студэнтаў, як тыя пачалі выходзіць на акцыі пратэсту. Упэўненая, якія б наступствы ёй ні пагражалі, яна інакш не магла», — мяркуе Аксана.

Аксана Каляда лічыць, што яе вучаніца ўвогуле не вінаватая і суд павінен яе апраўдаць. Але ў такі вынік працэсу, па шчырасьці, ня верыць. І ўсё ж Аксана разьлічвае ўбачыць Вольгу на волі значна раней, чым праз тыя 2,5 года, што запрасіла для яе пракурор.

«Ня можа быць, каб яе не адпусьцілі датэрмінова — у яе ж зусім малая дачка. Як гэта магчыма — разлучаць маці зь дзіцем?» — абураецца клясная кіраўніца Вольгі Філатчанкавай Аксана Каляда.

Паштоўка, дасланая Вольгай з-за кратаў
Паштоўка, дасланая Вольгай з-за кратаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG