Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны выйшлі з-пад кантролю. Чаму рэжым баіцца змаганьня за жаночыя правы


Жанчыны ў белым, пратэст у Менску 12 траўня 2021
Жанчыны ў белым, пратэст у Менску 12 траўня 2021

Падчас ператрусу ў старшыні праўленьня адукацыйнага цэнтру ПОСТ Сафіі Емяльянавай забралі кнігу «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю». І гэта зноў настолькі сымбалічна, што сцэнарыстам будучых фільмаў пра пратэсты ў Беларусі будзе цяжка пераканаць гледача, што яны не перабольшваюць.

Але ж гэта праўда — рэжым Лукашэнкі баіцца ня толькі нацыянальна арыентаванай актыўнасьці, але і жаночай эмансыпацыі. Яны, вядома ж, традыцыйна прыкрываюцца так званымі традыцыйнымі каштоўнасьцямі, але рэч там у сухіх падліках — калі супраць дыктатуры змагаюцца толькі беларусы, гэта ня так небясьпечна для рэжыму, чым калі да справы падключаюцца яшчэ і беларускі.

Фэмінізм заўжды палохае таталітарныя рэжымы, бо калі жанчыны пачынаюць змагацца супраць гендэрна-арыентаванага прыгнёту, хутка дабіраюцца і да несправядлівага стаўленьня з боку дзяржавы ў іншых сфэрах. У цяперашняй Беларусі гэта значыць, што жанчыны змагаюцца супраць рэпрэсіўнай машыны і садыстаў, якія хочуць зьнішчыць усё, што ня моліцца на Лукашэнку.

Памятаеце, як у 2010 годзе Лідзія Ярмошына заклікала жанчын сядзець дома і варыць боршч? Такога кшталту заявы заўжды асабліва сьмешна гучаць з вуснаў пасьпяховых жанчын. Гэта так званы кішэнны фэмінізм — для сябе Ярмошына хоча ўсіх правоў і магчымасьцяў, а астатнія хай займаюцца баршчамі і маўчаць.

Нешта падобнае цяпер дэманструе супрацоўніца СБ Людміла Гладкая, калі піша пра вобшук у Міжнародным грамадзкім аб’яднаньні «Гендэрныя пэрспэктывы». Выбачайце, але я працытую: «Дарэчы, гэтыя недаправаабарончыя істоты... бясполыя. Прафэсіяналізм, кажуць яны, ня мае полу. Брр. Магу ўявіць, зь якой агідай туды заходзілі апэратыўнікі».

Гэта ж клясычны падыход: «Паглядзіце, я сапраўдная добрая жанчына! Ня тое, што ГЭТЫЯ!». Магчыма, Гладкая нават шчыра верыць у тое, што яе гаспадары лічаць яе «сваёй» і ўвогуле сапраўдным чалавекам, а ня нейкай там бабай, якой месца на кухні. Але ў мяне ёсьць кепская навіна для стаханаўкі прапагандысцкага цэху: яе будуць выкарыстоўваць, пакуль зручна, а потым выкінуць.

Так заўжды бывае, і я ня бачу ніводнай нагоды, з чаго б гэта Гладкай быць выключэньнем. Ёй было б карысна даведацца, што тыя самыя апэратыўнікі, якім яна так эмацыйна спачувае, лічаць «істотамі» ня толькі супрацоўніц «Гендэрных пэрспэктыў», але і яе саму. Проста яна пакуль што зручная істота.

Рэжым заўжды ненавідзеў жанчын, і з кожным годам гэта станавілася ўсё больш відавочна. У Беларусі ёсьць сьпіс забароненых для жанчын прафэсій, ствараюцца ўсё новыя перашкоды для рэалізацыі права на аборт, расьце антыжаночая рэлігійная прапаганда, а на ўроках працоўнага навучаньня ў школе дзяўчат вучаць абслугоўваньню. І гэта ня кажучы ўжо пра разрыў у аплаце працы і фактычную дыскрымінацыю жанчын на рынку працы насуперак законам. Уладам зручна, каб жанчыны заставаліся пад максымальным кантролем, і іх асобна абураюць любыя згадкі пра «жаночы твар беларускай рэвалюцыі».

Жанчынамі, якія звыклі слухацца, лёгка кіраваць. А хай паспрабуюць кіраваць такімі, як Паліна Шарэнда-Панасюк — палітзьняволенай, якая запытвалася ў судзьдзі пра сумленьне і заяўляла адвод усёй сыстэме. Так што ня дзіва, што рэжым Лукашэнкі гатовы зрабіць што заўгодна, абы жанчыны вярнуліся на кухні і не цікавіліся палітыкай.

Але позна ўжо. Жанчыны выйшлі з-пад кантролю.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG