Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol расказаў, хто затрымліваў і катаваў Сьцяпана Латыпава


Офіс ГУБАЗіК у Менску
Офіс ГУБАЗіК у Менску

Ініцыятыва паказала вынікі чарговага расьсьледаваньня, на гэты раз яно пра супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія давялі палітзьняволенага да спробы самагубства.

Падчас першага судовага паседжаньня ў сваёй справе, што адбылося 1 чэрвеня, Сьцяпан Латыпаў зьдзейсьніў спробу суіцыду ў клетцы. Ён уваткнуў сабе ў горла асадку.

Праваабаронцы запатрабавалі праверак па вядомых выпадках катаваньняў з боку ГУБАЗіК, у прыватнасьці, адносна Міколы Дзядка, Сьцяпана Латыпава, Івана Багдзевіча, Ігара Ярмолава, Аляксандра Мар’ясава, Давіда Слашчова, Віталя Шышлова, Арцёма Анішчука і іншых. У патрабаваньні адзначалася, што сваімі дзеяньнямі ГУБАЗіК і іншыя сілавыя органы парушылі шэраг законаў і нормаў як беларускіх, так і міжнародных.

ByPol высьветліў, што затрымала Латыпава ня 3-е ўпраўленьне ГУБАЗіК, асабліва вядомае ўдзелам у апэрацыях супраць палітычных апанэнтаў улады, а 1-е. Распрацоўкай Латыпава, паводле інфармацыі ініцыятывы, займаўся падпалкоўнік Аляксандар С. Менавіта ён кіраваў і ператрусам у кватэры Латыпава, які ў выніку перарос у пагром.

ByPol назваў і іншых удзельнікаў таго вобшуку: намесьніка начальніка аддзелу падпалкоўніка Аляксандра Ж., падпалкоўніка Аляксандра Я., капітана Андрэя К., а кіраваў мікраааўтобусам, на якім яны езьдзілі, капітан Вадзім Б.

Прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў паведаміў, што ўсіх пералічаных супрацоўнікаў 1-га ўпраўленьня ГУБАЗіК ужо ўнесьлі ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу і ЗША.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG