Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень узяцьця Бастыліі


Падзеі 14 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

14 ліпеня 1789 году ў Парыжы была ўзятая турма Бастылія. З гэтай падзеі пачалася Вялікая француская рэвалюцыя.

Таксама ў гэты дзень

1099 — падчас 1-га Крыжовага паходу крыжакі штурмам узялі Ерусалім.

1913 — у Вільні заснаванае Беларускае выдавецкае таварыства — галоўнае на той час беларускае кніжнае выдавецтва. Стварыў яго на базе тагачаснай рэдакцыі «Нашай Нівы» Іван Луцкевіч разам зь сябрамі.

Іван Луцкевіч
Іван Луцкевіч

1920 — Чырвоная Армія заняла Вільню.

1990 — выйшаў указ Міхаіла Гарбачова «Аб дэмакратызацыі і разьвіцьці тэлебачаньня ў СССР».

1995 — чачэнскія ваеўнікі на чале з Шамілем Басаевым захапілі больш за 1600 закладнікаў у шпіталі горада Будзёнаўску.

У гэты дзень нарадзіліся

1911 — Павал Пруднікаў, беларускі пісьменьнік.

1918 — Інгмар Бэргман, швэдзкі кінарэжысэр.

1927 — Георгі Штыхаў, беларускі археоляг, гісторык.

Доктар гістарычных навук, археоляг Георгі Штыхаў і сам стаў неадлучнай часткаю айчыннай гісторыі.

Некалі мы, студэнты-гістфакаўцы, зачытваліся ягонай кніжкай «Ажываюць сівыя стагодзьдзі». Потым ён выдаў цэлую бібліятэку манаграфій, што зрабіліся клясыкай нацыянальнай археалёгіі, а таксама навукова-папулярных кніг і школьных падручнікаў.

У савецкія яшчэ часы, калі нам адурманьвалі галовы бясконцай хлусьнёй, нібыта беларусы атрымалі дзяржаўнасьць «выключна дзякуючы Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі», Штыхаў прапанаваў адлічваць нашу гісторыю і традыцыю дзяржаўнасьці ад Полацкага княства.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 720–721.

1942 — Хавіер Саляна, гішпанскі палітык, генэральны сакратар НАТО ў 1995–1999 гадах.

У памяці

1992 — Аляксей Карпюк, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзяяч.

У 1969 годзе канцылярыя ЦК КПСС атрымала сакрэтны ліст, у якім паведамлялася: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях писателей Алексея Карпюка и Василия Быкова. Карпюк нелегально распространяет среди знакомых различные антисоветские пасквили. Отрицательно воздействует на молодежь. С санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц…» Пад лістом стаяў подпіс старшыні КГБ СССР Юрыя Андропава.

У дачыненьні да камуніста Аляксея Карпюка плянаваныя гэбістамі захады хутка выявіліся ў допытах, ператрусах, выключэньні з партыі.

Яго, былога камандзіра партызанскага аддзелу імя Каліноўскага, кавалера савецкіх і польскіх баявых узнагародаў, на падставе сфабрыкаваных чэкістамі Фаміным і Клімовічам дакумэнтаў абвінавацілі ў калябарацыянізьме. Два гады Карпюк ня мог уладкавацца на працу.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 390–391.

1994 — Пятро Конюх, беларускі опэрны сьпявак.

Яго клікалі Пятро Конюх, і ён ня толькі зухавата выцінаў на гармоніку, але і ўражваў сваім голасам прыхаджанаў мясцовай царквы, «а калі выходзіў з клірасу да аналою й урачыста чытаў магутным басам „Апостала“, рэчытатыў быў такі, што вісюлькі панікадзіла дрыжалі, гайдаліся й пазвоньвалі».

Праз колькі гадоў ягоным басам захапляліся ўжо жаўнеры й афіцэры польскай арміі генэрала Андэрса, у якой Пятро ваяваў з нацыстамі. У 1945-м ён атрымаў вайсковую стыпэндыю, каб дасканаліць талент у Рымскай Акадэміі мастацтваў.

Невераемная шырыня галасавога дыяпазону, яго тэмбравая афарбоўка і моц дазвалялі яму выконваць вядучыя партыі ў «Фаўсту» Ш. Гуно, «Барысу Гадунову» М.Мусаргскага, «Дону Карласу» Дж. Вэрдзі. Нейкі час Пятро Конюх выступаў у Італіі й гастраляваў па Эўропе, а потым атабарыўся ў Амэрыцы. Безь ягонага магутнага басу амаль трыццаць гадоў немагчыма было ўявіць знакамітага на эміграцыі Хору данскіх казакоў.

Пятро Конюх перамагаў на Міжнародным конкурсе вакалістаў у Рыме, выкладаў сьпевы ва ўласных школах у Гамбургу і Нью-Ёрку, але ніколі не забываў Беларусі: сьпяваў па-беларуску, ліставаўся з Рыгорам Шырмам і Янкам Брылём.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 408–409.

2002 — Уладзімер Кармілкін, беларускі фатограф.

Яшчэ пры жыцьці ён здабыў сабе славу фоталетапісца БНФ і ўсёй апошняй хвалі беларускага Адраджэньня. У дзень народзінаў за сталом у спадара Кармілкіна можна было сустрэць Васіля Быкава, вучонага і палітыка Юрыя Хадыку, вядомых мастакоў, літаратараў, музыкаў. Іхнія клопаты й памкненьні былі і справаю яго жыцьця.

Безь ягонай рухавай цыбатай постаці я не магу згадаць, здаецца, ніводнай вулічнай акцыі, дзе ён заўсёды апынаўся ў віры падзеяў.

Памятаю, як на Чарнобыльскім шляху 1996 году ён адарваўся ад аб’ектыву, каб перавязаць параненага, і сам атрымаў жорсткі ўдар па галаве.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 490–491.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG