Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Латушка адкрыў Міжнародны тыдзень беларускай культуры. ВІДЭА


Помнік Янку Купалу ў Менску
Помнік Янку Купалу ў Менску

Міжнародны тыдзень беларускай культуры праходзіць з 5 па 11 ліпеня.

Беларуская рада культуры разам з Офісам Святланы Ціханоўскай і Народным антыкрызісным кіраўніцтвам абвясьцілі 7 ліпеня Днём беларускай культуры, каб адзначыць той культурны сьлед, які беларускі народ пакінуў у сьвеце. Таксама заплянаваны Міжнародны тыдзень беларускай культуры з 5 па 11 ліпеня.

«Сёньня, пачынаючы Міжнародны тыдзень беларускай культуры, заклікаю ўсіх беларусаў далучыцца, каб наш голас і наша песьня гучала ва ўсім сьвеце», – заявiў Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і былы міністар культуры Беларусі.

Ідэя правядзеньня міжнароднага тыдня беларускай культуры і ўстанаўленьня Дня беларускай культуры, прымеркаванага да 7 ліпеня, калі нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал і Ян Чачот, належыць Беларускай радзе культуры, якую ачольвае Сяргей Будкін.

Сяргей Будкін у інтэрвію Радыё Рацыя так апісаў ініцыятыву:

«Мы доўга думалі над гэтай падзеяй, таму што ў календары, як афіцыйным, так і неафіцыйным, няма такога дня беларускай культуры, у адрозьненне ад шмат якіх іншых народаў. Як такога дня няма, то яго трэба прыдумаць. Фармальна трэба было знайсьці такі дзень, ад якога можна было б адштурхнуцца. 7-га ліпеня сутыкаецца неймаверная колькасьць падзеяў, самая галоўная зь якіх – дні народзінаў Янкі Купалы, Марка Шагала, Яна Чачота, ды яшчэ і Купальле па адным са стыляў. Таму гэта проста ідэальны дзень, каб яго абвесьціць Днём беларускай культуры, каб у будучыні ён увайшоў у наш каляндар.

Але, каб разгарнуцца на ўвесь сьвет, аднаго дня мала. Таму мы вырашылі адзначаць яго цэлы тыдзень: з 5-га па 11-га ліпеня абвяшчаецца Міжнародны тыдзень беларускай культуры. Абвяшчаецца намі як Радай культуры ў супрацы з Офісам Святланы Ціханоўскай, структурай НАК Паўла Латушкі, Каардынацыйнай радай і іншымі сябрамі і партнэрамі».

«Доўгія гады рэжым спрабаваў зрабіць так, каб мы ня ведалі сваіх каранёў і сваёй культуры, хацеў пазбавіць беларусаў пачуцьця нацыянальнай самасьвядомасьці, выкрасьці ў беларускага народу павагу да гістарычных і культурных каштоўнасьцяў. Але яму гэта не ўдалося» — гаворыцца ў заяве НАК.

У ініцыятыве адзначылі, што НАК ня толькі далучаецца да міжнароднага тыдня беларускай культуры, але і «заклікае да гэтага кожнага вольнага беларуса».

«Ёсьць дзясяткі спосабаў праявіць салідарнасьць і далучыцца да ініцыятывы. Вы можаце наведаць у сваім горадзе мясьціны, зьвязаныя зь вядомымі дзеячамі беларускай культуры, сумесна з аднадумцамі яшчэ раз перачытаць нашых клясыкаў, арганізаваць беларускі канцэрт ці выставу, пачаць культурны флэшмоб у сацыяльных сетках з тэгам #by_culture ці схадзіць з сябрамі на традыцыйнае для беларусаў сьвята Купальле».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG