Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На палітоляга Валерыю Касьцюгову завялі крымінальную справу, яна ў СІЗА. Што вядома?


Валерыя Касьцюгова.
Валерыя Касьцюгова.

У чым яе абвінавачваюць, сваякам невядома.

Дачка Валерыі Касьцюговай Анастасія паведаміла ў Фэйсбуку:

«Мама цяпер на Валадарцы, мера стрыманьня — арышт. Падпіска аб невыдаваньні, таму пра справу і абвінавачаньне нічога не вядома, ведае толькі адвакат. Перадачу перадалі».

«Цёмныя часы для палітычнай рэчаіснасьці». Хто такая Валерыя Касьцюгова?

Палітычную аглядальніцу і кансультантку Валерыю Касьцюгову затрымалі 30 чэрвеня. Паводле інфармацыі дачкі, яна ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Палітоляг Валерыя Касьцюгова.
Палітоляг Валерыя Касьцюгова.

Валерыя Касьцюгова ёсьць заснавальніцай і рэдактаркай сайту экспэртнай супольнасьці «Наше мнение». Таксама яна рэдактарка і ўкладальніца выданьня «Белорусский ежегодник», кіруе экспэртнай групай маніторынгу«Беларусь у фокусе».

Гэтыя праекты яна вядзе разам з мужам, доктарам філязофіі Анатолем Панькоўскім.

«Наше мнение» — інтэрнэт-праект, які зьбірае аналітычныя думкі беларускіх і замежных экспэртаў і навукоўцаў. Там друкаваліся амаль усе вядомыя беларускія аналітыкі і палітолягі. Першы выпуск апублікаваны ў 2003 годзе. У радзе праекту сярод іншых значыцца Аляксандар Фядута (цяпер зьняволены ў СІЗА КДБ. — РС).

Вядомы ў экспэртным асяродзьдзі «Белорусский ежегодник» быў аналітычным зрэзам таго, што адбывалася ў Беларусі. Паводле сайту nmnby.eu, у сфэры інтарэсаў Валерыі Касьцюговай былі беларуска-расейскія дачыненьні, беларускія партыі і палітычныя арганізацыі.

Раней Валерыя Касьцюгова працавала журналісткай у «Белорусской деловой газете».

Палітоляг, рэдактарка сайту «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова
Палітоляг, рэдактарка сайту «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова

«Улады пачалі рэпрэсіі супраць людзей, якія ніколі не стаялі на радыкальных пазыцыях»


Экспэрты, зь якімі пагутарыла Свабода, адзначаюць, што пазыцыі Валерыі Касьцюговай былі даволі памяркоўныя, «яна не дазваляла сабе нейкіх публіцыстычных выразаў у бок рэжыму».

«Здаралася, што мы маглі паспрачацца аб палітыцы Захаду стасоўна рэжыму Лукашэнкі, аб палітыцы дыялёгу. Яна заўсёды шукала магчымасьці кампрамісу, я быў больш радыкальны, — кажа палітоляг Павал Вусаў. — Таксама спрачаліся наконт удзелу ці няўдзелу ў выбарах, аб „гібрыднай апазыцыі“ ў Беларусі. Я заўсёды быў прыхільнікам таго, што ўдзел у выбарах без канкрэтнай стратэгіі абароны выбару бессэнсоўны. Валерыя лічыла, што выбары — гэта магчымасьць у пэўным сэнсе палітычнай дзейнасьці і палітычнай пляцоўкі для апазыцыйных структураў. У нечым яна мела рацыю, калі мы будзем зыходзіць з таго, што адбылося ў 2020 годзе».

Павал Вусаў называе Валерю Касьцюгову адным з выбітных прадстаўнікоў беларускае палітычнае думкі.

«Той факт, што ўлады пачалі рэпрэсіі супраць людзей, якія ніколі не стаялі на радыкальных пазыцыях непрымірэнчай палітыкі да Беларусі, сьведчыць, што надышлі вельмі цёмныя часы для нашай палітычнай рэчаіснасьці», — сказаў Вусаў.

Першым пра затрыманьне Касьцюговай 30 чэрвеня паведаміў у сваім тэлеграм-канале палітоляг, кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў. Інфармацыю пацьвердзіла Свабодзе дачка Валерыі Наста. Пазьней яна паведаміла, што пасьля ператрусу маці павезьлі ў Сьледчы камітэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG