Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: ліпень


Вальтэр Фірле «Казка» (1929)
Вальтэр Фірле «Казка» (1929)

Ліпеньскія кніжныя навінкі і літаратурныя падзеі ў нашым суботнім аглядзе.

Гэты невялікі, але дыхтоўны сьпіс паказвае, што яно ўсё жыве і будзе жыць — беларускае прыўкраснае пісьменства. Чалавекалюбнае, унівэрсальнае, вечнае як само роднае слова, зь якога ўсё і пачынаецца. Праменьні словаў з вуснаў творцаў, зьнізаныя ў даўгія зіхоткія нізкі караляў разьвеюць самоту, асьветляць змрок, натоляць засьмяглых, абудзяць надзею ў паніклых.

Проза

Павал Касьпяровіч. «Чорная рэчка». Менск, «Кнігазбор».

«Не вучы чалавека, покуль ня пройдзеш некалькі міль у яго макасінах», — гэтую індзейскую прымаўку згадвае адзін з герояў кнігі. Але чытаючы яе, ловіш сябе на думцы, што словы мудрасьці карэнных насельнікаў далёкай Амэрыкі сталіся лейтматывам творчасьці беларуса Паўла Касьпяровіча. Яно і зразумела, бо ўсе сюжэты ягоных апавяданьняў пабудаваныя на сьцьверджаньні ўнівэрсальных чалавечых каштоўнасьцяў. Нічога новага — дзесяць запаветаў. Але штодзённае жыцьцё герояў кнігі пададзенае так, што чытач сам апынаецца ў шкуры кніжных пэрсанажаў. А калі ведаць, што аўтар дэбютнае кнігі — ня толькі музыка, празаік і паэт, а яшчэ і клірык Сьвята-Пакроўскага сабора ў Горадні, то з асаблівым пачуцьцём успрымаеш заключную сцэну з апавяданьня «Дзень Волі».

«Сьвятар маліўся і пяшчотна цалаваў замерзлыя шчочкі сына зь сьлязінкамі ад ветру і адчуваў, што соль не страціла сваю сілу, а засталася ў дзіцячых вачах. А значыць, ня ўсё так кепска ў гэтым сусьвеце, бо дзеці калісьці вырастуць, і некаторыя зь іх стануць героямі.

…Над Вільняй гулі званы…»

Вольга Гапеева. «Самота, што жыла ў пакоі насупраць». Менск, «Галіяфы».

«З таго моманту, як пачалася цішыня, быццам нехта пераключыў рэгістры. Я болей ня чую, што кажуць людзі, з чаго сьмяюцца, чаму засмучаюцца. Замест гэтага лаўлю, як перашэптваюцца будынкі, растае сьнег. Позна вечарам, калі вуліцы належаць сабе, а я належу іхняй цішыні, прыходзіць разуменьне. Я спыняюся, і адчуваю, што навокал пустэча, запоўненая сьнегам і мной. Здаецца, што крапае дробны дождж, але ніякага дажджу няма, гэта растае сьнег і ўваходзіць у зямлю. Самы інтымны гук, калі-небудзь пачуты мной. Гук вечнасьці».

Здаецца, што гэта самае дакладнае апісаньне пачуцьця самоты, якое даводзілася чытаць. Прынамсі, у беларускай прозе. Вольга Гапеева ў сваім новым рамане шмат што робіць з таго, чаго да яе не заўважалася ў творах айчынных літаратараў. Задае чытачу нязручныя пытаньні. Прыкладам, ці зьвязаная схільнасьць да мэлянхоліі са здольнасьцю адчуваць прыгажосьць і эмпатыю? Чаму самота — вырак сапраўды «чалавечнага» чалавека? Адсутнасьць спачуваньня да жывёл, адмаўленьне жанчынам і рабам у правах — як усё гэта дзіўным чынам жыве ў адной душы і не знаходзіць месца ў іншай?

Магчыма, што чытачы, ці хаця б значная частка іх, разам з пэрсанажамі рамана знойдуць адказы на пытаньні аўтаркі. У любым разе ўсе яны маюць магчымасьць разам з героямі кнігі ўдосталь павандраваць, закахацца, уступіць у інтымныя стасункі, дасьледаваць паралельныя сусьветы людзей, жывёлаў і вульканаў.

Эліза Ажэшка. «Дзікунка». Пераклад з польскай Сьвятланы Воцінавай. Менск, «Галіяфы».

Гэтую кнігу можна назваць амаль бездакорным узорам сучаснае падачы твору, напісанага ў дзевятнаццатым стагодзьдзі. Сьвятлана Воцінава палічыла для сябе замалым клопат перакладу невядомага беларускамоўнаму чытачу раману славутай горадзенкі і дадала да яго грунтоўнае дасьледаваньне акалічнасьцяў стварэньня «Дзікункі», ліставаньне аўтаркі з выдаўцамі і артыкулы пра раман.

Больш за тое, яна зрабіла чытаньне гульнёй, зьмясьціўшы пад адной вокладкай мэлядраму Ажэшкі, нон-фікшн пра яе і ўцягнула сучаснага чытача ў сюжэт амаль паўтара векавой даўніны. Карацей, зрабіла амаль неверагоднае, каб абвергнуць прысуд «Дзікунцы», вынесены аўтарцы пры спробах надрукаваць раман. Раман, названы ў дзевятнаццатым стагодзьдзі «кавалкамі сказаў, налепленых адзін на адзін», з прымітыўным стылем, які «ледзь адпавядае мастацкаму твору», перад сучасным чытачом паўстаў зіхоткай пэрлінай. Не, не дарэмна Эліза Ажэшка была першай зь беларускіх зямель намінанткай на Нобэлеўскую прэмію!

Дзіцячая літаратура

Максім Клімковіч. «Шкляная лялька». Менск, «Галіяфы».

У кнізе «Шкляная лялька» Максім Клімковіч аб’яднаў скразным сюжэтам страшныя гісторыі дзіцячага гарадзкога фальклёру. Яны «непрычасаныя» крывадушным літаратурным маралізатарствам. Жорсткія расповеды застаюцца такімі, якімі іх расказвалі і расказваюць адно аднаму самі дзеці. Гэта працяг даўняй літаратурнай традыцыі, закладзенай яшчэ братамі Грым, Шарлем Пэро. У Беларусі яе працягвалі Ян Баршчэўскі («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях»), і бліжэйшы нам па часе Ігар Сідарук («Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука»).

Сам аўтар кажа, што ў гэтых гісторыях трансфармаваліся і матэрыялізаваліся ягоныя асабістыя дый ці ня ўсіх ягоных сяброў дзіцячыя фобіі. «Патрабавальная настаўніца ператваралася ў вядзьмарку, якая нябачнай прыходзіла да сваіх вучняў дахаты, зьбірала іх сьлёзы ў лыжачку, каб потым плескануць імі на агонь. А білецёр на каруселі ў парку выяўляўся выкрадальнікам дзяцей, уладаром іх жыцьцяў і душаў. Па вялікім рахунку ўсе страшныя гісторыі пра боязь сьмерці. Бо адно з самых вялікіх адкрыцьцяў для дзіцёнка гэта, калі ён пачынае разумець, што сьмерць здараецца ня толькі зь іншымі, але яна не міне і яго самога. Гэтая кніга пра дзяцей і для тых дзяцей, якімі мы ўсе некалі былі. Большасьць страшных гісторый у ёй прыдумаў не я, а проста запісаў такімі, якімі чуў у сваім дзяцінстве, альбо дазнаўся ўжо дарослым».

На кнізе стаіць пазнака 18+, але насамрэч яна адрасаваная чытачам узросту апавядальнікаў страшных гісторый і тым, хто захаваў здольнасьць разумець дзіцячы сьвет.

Нон-фікшн

Максім Багдановіч. Мастацка-дакумэнтальная біяграфія. Складальнік Міхал Бараноўскі. Менск, «Мастацкая літаратура».

Кніга выходзіць у сэрыі «Жыцьцё знакамітых людзей Беларусі». У ёй год за годам праз успаміны, лісты, дакумэнты, цытаты з дасьледаваньняў, невядомыя творы раскрываецца жыцьцё геніяльнага паэта. На яе старонках чытач знойдзе як ужо знаёмыя факты, так і тыя, што ўводзяцца ва ўжытак упершыню. Параскіданыя па шматлікіх выданьнях зьвесткі, сабраныя побач адпаведна храналёгіі, задаюць новы ракурс, раскрываюць унутраныя матывы і даюць адказы на многія загадкі. Да таго ж, выданьне мае больш за сотню фотавыяваў, некаторыя зь іх адкрыліся зусім нядаўна. Ну, а высокае эстэтычнае і этычнае майстэрства складальніка Міхала Бараноўскага гарантуе чытацкую асалоду ад знаёмства з невядомым і інтэрпрэтацыяй хрэстаматыйнага ў жыцьцяпісе любімага паэта.

Падзеі

  • Адкрыты прыём заявак на прэмію імя Ежы Гедройця за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакумэнтальнай прозы і выдадзеную ў 2020 годзе. Падаць заяўку і намінаваць кнігу на прэмію могуць аўтары, выдавецтвы, творчыя аб’яднаньні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ, аргкамітэт прэміі і сябры журы. Заяўкі прымаюцца да 12 ліпеня (уключна). Падрабязьней з умовамі прэміі можна азнаёміцца, прачытаўшы яе абноўлены статут і рэглямэнт. Дамовіцца аб перадачы кніг на ўдзел у прэміі можна праз электронную пошту giedroyc.by@gmail.com.
  • Запачаткаваны штогадовы літаратурны конкурс імя клясыка беларускай літаратуры Міхася Зарэцкага. Мэта конкурсу — падтрымаць новую беларускую прозу. Яго арганізатар — выдавецтва «Галіяфы». Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца літаратары ад 16 гадоў. На конкурс прымаюцца празаічныя творы (ці зборнікі твораў), якія асобнымі кнігамі дагэтуль не выходзілі. Рукапіс мусіць быць арыгінальным (не пераклад). Мова — беларуская. Мінімальны аб’ём рукапісу — 150 тысяч знакаў з прабеламі. Тэрмін прыёму рукапісаў — да 1 кастрычніка 2021 году. Дасылаць можна на адрас: vish@bk.ru Вынікі конкурсу будуць падведзеныя да 1 студзеня 2022 году. Рукапіс пераможцы конкурсу будзе выдадзены асобнай кнігай у выдавецтве «Галіяфы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG