Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту Андрэю Аляксандраву выставілі абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе


Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота
Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота

Журналісту і мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву 30 чэрвеня выставілі новае абвінавачаньне — паводле часткі 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве).

Пра гэта паведаміў БелаПАН яго адвакат Антон Гашынскі. Такім чынам, Аляксандраву пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Раней Аляксандрава абвінавацілі па ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Максымальны тэрмін трыманьня пад вартай паводле гэтага артыкула — шэсьць месяцаў. Ён мінае 12 ліпеня.

Аляксандрава і яго дзяўчыну, грамадзкую актывістку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расьсьледаваньня справы Аляксандрава прайшоў ператрус у офісе БелаПАН, дзе ў 2014–2018 гадах ён працаваў намесьнікам дырэктара.

Пасьля затрыманьня Аляксандрава і Злобінай намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заяўляў, што з 22 жніўня па 9 лістапада 2020 году затрыманыя аплацілі больш за 250 штрафаў розным асобам. Грошы для гэтых мэтаў прадастаўляў фонд ByHelp. Неўзабаве падазраванымі ў справе сталі сузаснавальнікі дадзенага фонду Аляксей Лявончык і Андрэй Стрыжак, якія знаходзяцца за мяжой.

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч раней назваў выстаўленае Аляксандраву і Злобінай абвінавачаньне недарэчным і зьвязаў яго з публічнай і праваабарончай дзейнасьцю.

У менскім СІЗА № 1 Аляксандрава і Злобіну паставілі на ўлік у якасьці «асобаў, схільных да экстрэмізму». Пакуль невядома, ці вылучылі новае абвінавачаньне супраць Злобінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG