Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё, што робіцца цяпер, катастрофай адгукнецца ў будучыні», — знаныя лекары пра арышты і ад’езд дактароў


Акцыя пратэсту мэдыкаў РНПЦ "Кардыялёгія". Менск, 12 лютага 2021.
Акцыя пратэсту мэдыкаў РНПЦ "Кардыялёгія". Менск, 12 лютага 2021.

Арышты мэдыкаў, кадравы дэфіцыт, інтэрны ці прафэсійна непрыдатныя людзі замест звольненых дактароў, уплыў санкцый на абсталяваньне мэдычных установаў і наяўнасьць лекаў.

Пра галоўныя выклікі і праблемы беларускай мэдыцыны расказваюць вядомыя беларускія дактары, якія зазналі рэпрэсіі і ціск за сваю грамадзянскую пазыцыю.


Удзельнічаюць

  • Прадстаўнік вядомай віцебскай дынастыі мэдыкаў Уладзімер Мартаў, які загадваў аддзяленьнем анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі і якому не працягнулі кантракт, бо ён адкрыта выказваўся аб праблемах у мэдыцыне і ў краіне.
  • Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка, якая цяпер працуе ва Ўкраіне, а раней была загадчыцай аддзяленьня эндаскапіі ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Лідзія зьехала зь Беларусі ва Ўкраіну летась праз палітычную сытуацыю ў краіне.
  • Дзіцячы анколяг Надзея Пятроўская, якая неўзабаве пачне працу па спэцыяльнасьці ў Чэскім Крумлаве. Надзея была загадчыцай аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, увосень яна звольнілася на знак пратэсту супраць таго, што ў РПНЦ насуперак волі пэрсаналу зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі.


«Задача „загнаць назад“ у нас вырашаецца, а мэдыцына ня важная»

— Спадар Уладзімер, што вам цяпер найбольш баліць, што вас найбольш непакоіць як беларускага доктара?

Уладзімер Мартаў
Уладзімер Мартаў

Уладзімер Мартаў: Сыстэма аховы здароўя — зусім не пра ахову здароўя і мэдыцыну. Яна вырашае зусім іншыя задачы. Задача аказаньня якаснай мэдычнай дапамогі, пра якую мы дбалі ўсё жыцьцё, адсунутая на другое, трэцяе месца. На першым месцы зусім іншыя праблемы вырашаюцца сыстэмай. Мэдыкі сталі адным з рухавікоў пратэстаў, бо немагчыма было застацца абыякавым да тых падзеяў. І калі мэдыкі выступілі, узьнікла задача, як іх «загнаць» назад. Задача «загнаць назад» у нас вырашаецца, а мэдыцына ня важная. Гэта для мяне жахліва насамрэч.

Я цяпер не працую. Я не магу займацца тым, чым хацеў бы, а проста ўладкавацца недзе падпрацаваць пакуль я не хачу. Мы займаліся вельмі сурʼёзнымі рэчамі, праблемамі, і гэтыя праблемы цяпер вырашаць проста няма з кім. Мэдыцына — гэта ня проста калі пацыент прыйшоў да доктара. Гэта вельмі складаная сыстэма, пра якую трэба дбаць, якую трэба вырошчваць. Калі цябе зь яе выкінулі, вельмі складана знайсьці занятак, дзе ты быў бы на сваім месцы.

«Пандэмія і палітычны крызіс паказалі поўнае фіяска сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня»

— Вы маеце вялікі досьвед працы ў мэдыцыне, ведаеце яе праблемы і дасягненьні. Які галоўны выклік цяпер стаіць перад беларускай мэдыцынай?

Лідзія Тарасенка
Лідзія Тарасенка

Лідзія Тарасенка: Нягледзячы на ўвесь жах, кашмар і чарнуху беспрасьветную, насамрэч нарэшце мы гэта ўсьвядомілі, і мне здаецца, што цяпер як ніколі раней у нас ёсьць шанцы і надзея на тое, што яшчэ пры нашым жыцьці мы пабачым разварот на іншыя рэйкі. І я б хацела канцэнтравацца не на нэгатыве, якога зашмат, а на тым, што мы рэальна хутка атрымаем магчымасьць для дзеяньня. Выклік перад мэдыцынай стаў ня ўчора і нават не з пачаткам ковіду (тады гэта набыло максымальную вастрыню). Выбар стаіць паміж тым, каб захоўваць бачнасьць і проста з гэтай сыстэмай гінуць, ці сказаць, што так далей нельга і трэба нешта рабіць.

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская: Каб пачаць вырашаць любую праблему, неабходна прызнаць яе наяўнасьць. Доўгі час нас прывучалі да вывучанай бездапаможнасьці, да таго, што ёсьць больш інфармаваныя і разумныя, якія ведаюць жаданы канчатковы вынік і як яго дамагчыся. Пандэмія і палітычны крызіс паказалі поўнае фіяска сыстэмы дзяржкіраваньня. Стала зразумела, што ня маюць чыноўнікі больш-менш адэкватнага пляну і ня ведаюць шляхоў вырашэньня праблемы. Спроба ўтаіць наяўнасьць праблемы або перакласьці адказнасьць за наступствы выглядае як абсалютнае адміністрацыйнае банкруцтва. Галоўным выклікам для айчыннай аховы здароўя я лічу менавіта прызнаньне падобнага мэнэджмэнту нядзейным і адмову ад яго.

Інтэрны і прафэсійна непрыдатныя замест мэдыкаў, якія зьехалі

— Цяжка атрымаць дакладныя лічбы мэдыкаў, якіх пазвальнялі з прычыны іх грамадзянскай пазыцыі, тых, каму не працягнулі кантракты, хто звольніўся сам на знак пратэсту альбо на ўласнае жаданьне з прычыны сытуацыі ў краіне. Зыходзячы з вашых кантактаў з мэдыкамі ў розных шпіталях у розных рэгіёнах Беларусі, наколькі сурʼёзны недахоп лекараў у Беларусі? І наколькі гэта крытычна для мэдычнай сыстэмы, з вашага пункту гледжаньня?

Уладзімер Мартаў: Адʼезд, адток мазгоў у маёй прафэсіі (я анэстэзіёляг-рэаніматоляг) катастрафічны і жахлівы, страшней няма куды. Але ён пачаўся не з палітычных падзеяў, а раней. Нават раней за ковід, калі людзі сталі проста зьяжджаць, таму што ня бачаць сэнсу біцца галавай аб сьцяну сыстэмы, якой на ўсё напляваць. Мэдык у аснове сваёй — чалавек з сумленьнем. Людзі выгараюць, кідаюць усё. Маральна гэта выглядае вельмі несымпатычна.

Вось маё ўлюбёнае аддзяленьне ў РНПЦ трансплянталёгіі, дзе я быў на стажах. За той час, што я езьдзіў, там зьмяніліся ўсе загадчыкі, большая частка зь іх проста зьехалі. Сёлета на Дзень мэдыка я пачаў па сваёй запісной кніжцы ўсіх абзвоньваць — і з жахам даведаўся, што тыя, пра каго я думаў, што яны ў Беларусі, працуюць хто ў Нямеччыне, хто ў Польшчы, хто ў Расеі, хто ва Ўкраіне. Для мяне быў шок. Гэта зьехалі ня дзеці, не пэнсіянэры, гэта цьвет, па нашых мерках, зьехаў. І, каб закрыць гэтыя дзіркі, пачынаюць скрэбці па засеках. І справа ня ў тым, што паставілі студэнтаў-інтэрнаў, гэта палова бяды. Пачынаюць дапускаць да працы тых, каго гнаць трэба мятлой. Мы гэтым у свой час займаліся — адбор, вычышчэньне ў сваёй прафэсіі прафэсійна непрыдатных людзей. Цяпер гэтая тэма закрылася, бо адміністрацыя вымушаная зваць усіх, хто ёсьць, няважна, якой кваліфікацыі. Гэта для мяне жахліва.

Лідзія Тарасенка: Ніхто з нас ня мае дакладнай статыстыкі і магчымасьці падлічыць. Калі я пачынала працаваць у 2008 годзе, мяне адправілі ў раённы шпіталь, які быў даволі далёка. І там не было ніводнага спрактыкаванага доктара-хірурга. Нас было пяць хірургаў, і ўсе першага ці другога году працы. Ні пры якіх абставінах туды не ўдавалася знайсьці дасьведчанага доктара. Раён «закрывалі» практычна дзецьмі, учорашнімі выпускнікамі.

Калі я вучылася, вельмі хацела трапіць на працу ў адзін з онкадыспансэраў. Я туды хадзіла загадзя, казала, што хачу да іх на працу. Мне сказалі, што кадры забясьпечаныя, можа, мы цябе возьмем да нас у паліклініку. А ў той момант, калі я заканчвала сваю адпрацоўку на раёне, мяне пыталіся, калі я да іх прыйду, бо кадраў не хапае. Я тады сказала, што пайду не да іх, а ў РНПЦ анкалёгіі. І пайшла ў РНПЦ анкалёгіі працаваць, а калі стала там загадчыцай аддзяленьня, не магла знайсьці талковага доктара на вакансію. За ўсе 6 гадоў, што я там працавала, мы ўзялі яшчэ толькі аднаго доктара, каб закрыць вакансіі. І гэта ў РНПЦ, галаўной установе краіны. А ковід усё разбурыў, што вісела на нітачцы. Ён гэтую нітачку адрэзаў.

«Для дзіцячай анкалёгіі адток кадраў — катастрофа»

Надзея Пятроўская: Зараз пераважае тэндэнцыя звальненьня хутчэй на жаданьне работніка. Людзі, ацаніўшы пэрспэктывы і рызыкі, не працягваюць кантракту і сыходзяць ціха. Звальненьні на жаданьне наймальніка звычайна агучваюцца ў СМІ, але іх ня шмат, таму ствараецца ўражаньне, што няма масавага звальненьня мэдработнікаў. Але кадравы дэфіцыт, асабліва вузкіх спэцыялістаў і асабліва на пэрыфэрыі, сьведчыць пра адваротнае. На мой погляд, гэта крытычна для пацыентаў з арфаннымі, гэта значыць рэдкімі, захворваньнямі, да якіх адносіцца дзіцячы рак.

Для нашай сфэры адток кадраў — катастрофа. Разам са мной на знак пратэсту звольніліся лекары, і на гэтыя месцы ўзялі на працу інтэрнаў. Так вырашаецца пытаньне, узялі маладых людзей. Вучыць іх асабліва няма каму, бо дактары занятыя сваёй працай і няма магчымасьці і часу, рэсурсаў займацца навучаньнем. Маладыя людзі вучацца самі па сабе тым самым жахлівым мэтадам уласных спробаў і памылак. Памылкі дыягностыкі і лячэньня здараліся заўсёды, цяпер іх болей.

«Тых, хто перашкаджае, будуць арыштоўваць. Гэта катастрофа для мяне»

— Якое ваша стаўленьне да негалоснага сьпісу на звальненьне лекараў, якія не даспадобы? Арышты, звальненьні мэдыкаў адбываюцца практычна штодня...

Уладзімер Мартаў: У выходныя быў чарговы арышт чарговага анэстэзіёляга. Нядаўна мой калега проста ўцёк пасьля вобшуку, зьехаў з краіны. Для мяне гэта кожны раз шок. Калі я быў загадчыкам аддзяленьня, у мяне былі лекары з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, я шукаў формулу, як выказаць ім салідарнасьць, калі б зь імі штосьці здарылася. На жаль, я гэтай формулы не знайшоў. Адчуваньне бясьсільля прысутнічала. Гэта кожны раз шок, і кожны раз напамін, што нічога ня скончылася, ніхто не зьбіраецца адступаць, ісьці на замірэньне. Гнуць сваю лінію, і вельмі хацелі б усё гэта загнаць у стойла, каб усе працавалі і маўчалі, увайшлі зноў у прафсаюз і падпісаліся на газэты. Няма іншых задачаў, а тых, хто перашкаджае гэтаму, будуць арыштоўваць. Гэта катастрофа для мяне.

«Так абразіць дваіх заслужаных людзей — беспрэцэдэнтна ў мэдыцыне»

— Як вы мяркуеце, што ўлады хацелі прадэманстраваць мэдычнай супольнасьці, пазбавіўшы знаных анколягаў дзяржаўных прэмій? Каму гэтае пасланьне — канкрэтным дактарам, усёй мэдычнай супольнасьці, усім людзям?

Лідзія Тарасенка: Тут не прынцыпова, дактарам ці яшчэ каму. Гэта рэакцыя фэадала, які пакрыўдзіўся, што ягоныя прыгонныя ня надта моцна яго любяць, і вырашыў пакараць іх за гэта. Гэта ня мае дачыненьня да нейкай асобнай сфэры дзейнасьці. Так, наш фэадал пакрыўдзіўся.

Надзея Пятроўская: Я чытаю за гэтым мэсыдж, што ніхто не ў бясьпецы, нічые ні рэпутацыя, ні заслугі ня будуць прымацца пад увагу пры недастатковай ляяльнасьці да ўлады. Так абразіць дваіх заслужаных людзей — гэта беспрэцэдэнтна ў мэдыцыне, увогуле ў гісторыі. Бачу ў гэтым нешта падобнае да таго, што было з самалётам. Ці вы за мяжой, ці вы вядомыя людзі, ня мае значэньня. Калі вы не ляяльныя, мы будзем вас перасьледаваць і караць, шукаць вашы слабыя месцы, на якія можна ўзьдзейнічаць.

«Каб зарабіць, трэба браць дзяжурства, бо начная праца аплачваецца лепей»

— Вы ўсе былыя загадчыкі аддзяленьняў. Якія ў сярэднім памеры заробку ў лекараў вашай кваліфікацыі і статусу? Ці маюць беларускія мэдыкі нейкі спэцыяльны сацыяльны пакет?

Уладзімер Мартаў: Трэба разглядаць два пэрыяды — да ковіду і пасьля. Да пандэміі быў звычайны заробак, нічога асаблівага. Каб зарабіць, трэба браць дзяжурства, бо начная праца аплачваецца лепей. Пра сацыяльны пакет казаць сьмешна. Паперу для гісторыі хваробы самі набывалі, прынтэр трэба было купляць самім, тонэр мяняць самім, мэдычную форму мыць самім. Што тычыцца ковіду, то калі пачалася паніка, мэдработнікі адмаўляліся ўваходзіць у небясьпечную зону, узьнікла тэма адʼезду, то Міністэрства аховы здароўя прыняло слушнае рашэньне зрабіць даплату 3000 рублёў на стаўку для лекара-анэстэзіёляга (мэдсястры ў рэанімацыі — 1500 рублёў на стаўку). Гэта велізарныя грошы. Гэты крок прыпыніў адток кадраў, людзі ўпершыню сталі атрымліваць заробак, крыху суадносны зь іх затратамі. Гэта было прымальна.

Лідзія Тарасенка: У 2018 годзе я пакінула дзяржаўную мэдыцыну. Мой заробак як загадчыцы аддзяленьня ніколі не перавышаў з усімі даплатамі 750 даляраў у эквіваленце.

Надзея Пятроўская: Па мерках Беларусі сярэдняя зарплата загадчыка большая, чым лекара аддзяленьня. Калі я працавала загадчыцай з начнымі дзяжурствамі і яшчэ сумяшчала з працай у двух прыватных цэнтрах практычна без выходных, мой заробак складаў каля 2,5 тысяч беларускіх рублёў у месяц. Калі лічыць дапамогу калегаў у абсьледаваньні і лячэньні блізкіх сваякоў, то так, мы мелі спэцыяльны сацыяльны пакет. Наколькі адчуваюць сябе мэдыкі абароненымі, паказваюць шматлікія прыклады звальненьня і эміграцыі.

Санкцыі і мэдыцына

— Як эканамічныя, сэктаральныя санкцыі могуць паўплываць на мэдычную сыстэму Беларусі? Незалежна ад канкрэтных санкцый, у любым разе будзе закранутая і ўжо закранутая сыстэма імпарту-экспарту, што можа азначаць спыненьне паставак мэдычнага абсталяваньня, а таксама некаторых лекаў. Як гэта можа адбіцца на функцыянаваньні шпіталяў, дзе вы працавалі, і іншых мэдустановаў?

Уладзімер Мартаў: Мне не падаецца, што гэта будзе ўплываць на сурʼёзныя працэсы. Унутраныя адмоўныя тэндэнцыі ў нашай мэдыцыне адыгрываюць значна большую ролю, чым санкцыі.

Лідзія Тарасенка: Адзін чалавек мне аднойчы сказаў: «Ва ўсім сьвеце вытворцы апаратуры канкуруюць паміж сабой, а ў нас — зь дзяржавай». Калі ішла гаворка пра закуп дарагой апаратуры ў РНПЦ анкалёгіі, шмат чаго куплялі, у тым ліку і мэдычную мэблю. Натуральна, хацелася б, каб самае лепшае купілі, а нас прывялі на завод беларускай мэдтэхнікі і сказалі, каб тут і выбіралі.

Надзея Пятроўская: Я думаю, што гэта на дзіцячай анкалёгіі адабʼецца нэгатыўным чынам і прывядзе да вельмі сурʼёзных праблемаў. Я б на месцы бацькоў непакоілася ўжо цяпер. Я думаю, што гэта будуць жыцьцёва неабходныя прэпараты, расходнікі для апаратуры, якія неабходныя нашым дзецям для лячэньня.

«Людзі, якія кіруюць рэпрэсіўнымі працэсамі, ня вельмі разумныя»

— Надзея Пятроўская ў свой час сфармулявала этычныя праблемы мэдыкаў падчас рэпрэсій. Як вы мяркуеце, адказныя і ўдзельнікі фальсыфікацыі, звальненьня, рэпрэсій усьведамляюць, што гэта ў пэўным сэнсе стрэл сабе ў нагу, бо ім, семʼям, іх блізкім, як і ўсім іншым, наўпрост давядзецца сутыкнуцца з праблемамі ў мэдыцыне?

Уладзімер Мартаў: У мяне склалася ўражаньне, што людзі, якія кіруюць рэпрэсіўнымі працэсамі, пра гэта ня думаюць. Яны ўвогуле, як мне падаецца, ня вельмі разумныя людзі ў цэлым, груба кажучы. Яны дакладна не разумеюць, што такое мэдыцына, наколькі яна складаная. Ты, будучы вялікім начальнікам, «выбіваеш» сабе гадзіны вядомага прафэсара на кансультацыю і лячэньне і думаеш, што ўсё гэтым вырашыў. Гэта сьмешна выглядае. Я 30 гадоў у мэдыцыне. За 30 гадоў мы зразумелі, наколькі гэта складаная сыстэма, як лёгка яе парушыць і зламаць і як складана яе адбудоўваць.

Зразумела, што ад апэндыцыту іх дзеці, найхутчэй, не памруць (хоць таксама ўжо ня факт), але калі нешта складанае, дзіцячая анкалёгія, напрыклад... Яны свае непрыемнасьці і сьмерць успрымуць як «Бог даў, Бог узяў», але не разумеюць, што цяпер у сьвеце шмат што лечыцца, шмат што мае вырашэньне. Ім гэта недаступна.

«Усё, што робіцца цяпер, катастрафічнымі наступствамі адгукнецца ў будучыні»

Лідзія Тарасенка: Няма ўсьведамленьня. У фэадальнай сьвядомасьці тых, хто цяпер трымае ўладу, усё вельмі фэадальна: «Я начальнік, ты дурань». Калі я гучна буду грукаць у стол і крычаць, а перада мной усе будуць бегаць на задніх лапках, то, напэўна, гэта і ёсьць добрая мэдычная дапамога. Людзі ня ў стане адрозьніць гатовасьць кланяцца ад мэдыцыны. Мала знайсьці лекара, які ўмее апэраваць рак у чацьвёртай стадыі, трэба было дзесяць гадоў таму шукаць тэрапэўта, які вам зробіць слушны дыягназ і аналіз, каб нешта маленькае адшчыпнуць і гэты рак ня вырас. Хто ж пра гэта думае. Занадта складана.

Надзея Пятроўская: Магу адказаць цытатай: «Калі дагэтуль ня вырашаная праблема голаду і ня знойдзены лекі ад раку, дык гэта толькі таму, што розумы, якія маглі гэта зрабіць, згарэлі ў печах Асьвенціма». Гісторыя ня мае ўмоўнага ладу, але ўсё, што робіцца цяпер, катастрафічнымі наступствамі адгукнецца ў будучыні. Наколькі чыноўнікі разумеюць увесь маштаб свайго злачынства, я ня ведаю. Праўдападобна, не разумеюць, а можа і разумеюць, але спадзяюцца на нешта лепшае. Сьвет мяняецца дастаткова хутка. І ўсё можа зьмяніцца даволі хутка, па шчаўчку. І я веру, што гэты шчаўчок адбудзецца і ўсё зьменіцца.

«Сыстэма развальваецца, бо спажывае рэсурсаў значна болей, чым стварае»


— Давайце паспрабуем завяршыць размову на пазытыўнай ноце. Адна зь нядаўніх добрых навінаў — стварэньне онлайн-сэрвісу мэдычных кансультацый, дзе можна атрымаць прафэсійную параду і адначасна падтрымаць рэпрэсаваных лекараў. А якое ваша пазытыўнае пасланьне?

Уладзімер Мартаў: Хачу пажадаць людзям не хварэць. І каб, ня дай Бог, не дайшло да аддзяленьня рэанімацыі.

Лідзія Тарасенка: Цяпер у нас ва ўсіх пытаньне: што рабіць, што я магу зрабіць, бо мае сілы абмежаваныя. Добрая навіна ў тым, што сыстэма сама сябе зжарэ. Яна развальваецца, бо спажывае рэсурсаў значна болей, чым стварае. Таму наша задача — проста не дапамагаць ёй выжыць. Памрэ яна сама, і даволі хутка. А наша задача — дажыць да гэтага і адбудаваць краіну нанава.

Надзея Пятроўская: Вялізарная колькасьць маіх калегаў, сяброў, блізкіх людзей цяпер у Беларусі. Яны цяпер на фронце, на вайне. Мы таксама на вайне, але ня бачым тых жахаў, якія бачаць яны. Я проста хачу пажадаць ім мужнасьці і цярпеньня. І абяцаю, што калі сытуацыя будзе спрыяць, абавязкова вярнуся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG