Падзеі 29 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
29 чэрвеня 1940 году адбылася адна з найбуйнейшых дэпартацыяў жыхароў Заходняй Беларусі ў Сыбір. Толькі за адзін гэты дзень былі вывезены 23 тысячы чалавек.
Таксама ў гэты дзень
1440 — вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім быў абраны Казімер Ягелёнчык.
1613 — дашчэнту згарэў лёнданскі тэатар «Глёбус».
1944 — пачалася Менская апэрацыя, у выніку якой вызвалілі Менск.
У гэты дзень нарадзіліся
1896 — Уладзіслаў Казлоўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, паэт, публіцыст.
1900 — Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, францускі пісьменьнік і лётчык.
1913 — Часлаў Будзька, беларускі грамадзкі дзяяч, гісторык, настаўнік.
1925 — Юры Астроўскі, беларускі акадэмік, дырэктар Інстытуту біяхіміі Акадэміі навук, стваральнік Горадзенскай біяхімічнай школы.
1956 — Ніна Баршчэўская, беларуская мовазнаўца, грамадзкая й культурная дзяячка, кіраўніца Катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту.
1962 — Мікола Маркевіч, беларускі журналіст і палітык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, рэдактар горадзенскай газэты «Пагоня».
У памяці
1958 — Фабіян Ярэміч, палітык, культурны дзяяч. Сябра Рады БНР у 1918 годзе. Актыўна ўдзельнічаў у працы Таварыства беларускай школы.
1994 — Іван Ласкоў, беларускі пісьменьнік, перакладнік, крытык, гісторык.
Дагэтуль памятаю поціск ягонай моцнай і шурпатай, нібыта й не пісьменьніцкай рукі.
Памятаю таўшчэзныя тэчкі зь ягоным дагэтуль не надрукаваным 750-старонкавым дасьледаваньнем пра ўдзел фіна-вуграў у нашым этнагенэзе. Відаць, не ў мяне аднаго ў памяці неадназначны розгалас пасьля публікацыі ягонага артыкула на гэтую ж тэму — «Племя пяці родаў».
Скончыўшы хімічны факультэт БДУ і маскоўскі Літаратурны інстытут, Іван Ласкоў, здавалася б, надзейна атабарыўся на жончынай радзіме ў Якутыі.
Ён пісаў па-расейску, друкаваўся ў самых прэстыжных маскоўскіх часопісах — ад «Юности» да «Нового мира», выпусьціў дзьве прыхiльна заўважаныя крытыкай паэтычныя кнігі… І раптам вярнуўся да беларускай мовы, на якой пачынаў вершаваць у школе.
Жывая плынь чужое мовы!
Я сам ня ведаю, калі
Яе канчаткі і асновы
Мяне падманам аплялі.
Ды я ня зьведаў зь імі шчасьця,
Не прасьвятліў замерлы змрок,
Не прычасьціўся тых причастий,
Глаголом сэрцы не апёк.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 405–406
2003 — Кэтрын Хэпбёрн, амэрыканская кінаакторка.