Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перавозіць па этапе будуць у кайданках». Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» прызналі схільным да суіцыду


Павал Севярынец, Максім Вінярскі і Андрэй Войніч у судзе. Магілёў, 24 траўня 2021 году.
Павал Севярынец, Максім Вінярскі і Андрэй Войніч у судзе. Магілёў, 24 траўня 2021 году.

Палітвязьня Максіма Вінярскага прызналі схільным да суіцыду, што значна пагоршыць ягоныя ўмовы зьняволеньня.

Пра гэта паведаміла сястра Вінярскага Алена Церашкова са спасылкай на зьвесткі ад Максіма і крыніцу ў Магілёўскім СІЗА.

«Раней быў пастаўлены на прафіляктычны ўлік як схільны да экстрэмісцкіх дзеяньняў, а цяпер прызналі схільным і да суіцыду, хоць брат ніколі такіх намераў не выказваў», — абураецца сястра палітвязьня Алена Церашкова.

Пастаноўка на ўлік схільных да суіцыду вязьняў звычайна суправаджаецца экспэртызай лекараў-псыхіятраў у стацыянары, такім, як Цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках пад Менскам. Але ў выпадку з Максімам Вінярскім такой экспэртызы дакладна не было, сьцьвярджае Алена Церашкова, сама прафэсійны мэдык. Жанчына мяркуе, што адміністрацыя Магілёўскага СІЗА, дзе другі месяц утрымліваюць яе брата, зладзіла экспэртызу на месцы ці ўвогуле абышлася безь яе. «Магчыма, гэта помста адносна асабіста яго, хоць ёсьць зьвесткі, што іншым фігурантам таксама гэта пагражае», — мяркуе Алена.

Ірына Шчасная, Павал Севярынец, Андрэй Войніч, перад ім — Максім Вінярскі. Магілёў, 24 траўня 2021 году.
Ірына Шчасная, Павал Севярынец, Андрэй Войніч, перад ім — Максім Вінярскі. Магілёў, 24 траўня 2021 году.

«Нас непакоіць, навошта спатрэбілася гэтак раптоўна паставіць яго на гэты ўлік? Памятаем, што калісьці адбылося з актывістам „Эўрапейскай Беларусі“ Алегам Бябеніным, ведаем, што можа адбыцца ў вязьніцах, на прыкладзе Вітольда Ашурка, і баімся ўжо ўсяго. Наша маці цяпер не знаходзіць сабе месца, гэтак перажывае за Макса», — кажа сястра Максіма Вінярскага.

Паводле зьвестак Алены Церашковай, цяпер яе брата будуць этапаваць у кайданках, бо нагляд за ім становіцца яшчэ больш пільным. Этапаваньне ў кайданках азначае для вязьня дадатковыя выпрабаваньні, кажа Алена і спасылаецца на расказы тых вязьняў, хто зазнаў такое этапаваньне.

«Прыкладам, вязень, якога перавозяць зь СІЗА ў калёнію ў кайданках, мусіць усю дарогу трымаць свае торбы з рэчамі скаванымі рукамі. Гэтак можна атрымаць траўмы рук», — кажа Алена.

Куды накіруюць Максіма Вінярскага для адбыцьця пакараньня, сястра ня ведае.

«Скарга на прысуд пададзеная, але апэляцыйны суд яшчэ не прызначаны. Наш ліст пра тое, куды накіруюць, застаўся без адказу», — кажа сястра Максіма Вінярскага Алена Церашкова.

Месяц таму Магілёўскі абласны суд асудзіў Максіма Вінярскага на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Такія ж тэрміны атрымалі фігуранты той жа справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Дзьмітрый Казлоў і актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Павал Юхневіч. А найбольш строга судзьдзя Ірына Ланчава пакарала палітыка Паўла Севярынца, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля і актывіста Андрэя Войніча — іх асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Рэдактар Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь» Ірына Шчасная была асуджаная на 4 гады зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле Вольгі Севярынец, яе муж Павал пастаўлены на прафіляктычны ўлік зь дзьвюх прычын: як схільны да экстрэмісцкіх дзеяньняў і да нападу на прадстаўнікоў турэмнай адміністрацыі.

«Ведаю, што ўсім палітычным даюць улік па экстрэмізьме, а Паўлу дадалі яшчэ і верагодны напад на кіраўніцтва турмаў, але пра схільнасьць да суіцыду ня чула. Днямі ў яго будзе адвакат, можа што пэўна стане вядома», — сказала Вольга Севярынец.

Пакуль нічога ня ведае пра верагодную пастаноўку на ўлік жонка Яўгена Афнагеля Кацярына. Зь яе словаў, Яўген пастаўлены на ўлік толькі як схільны да экстрэмісцкіх дзеяньняў. Тое самае паведамілі сваякі пра Паўла Юхневіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG