Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы: Ірак гатовы да дыялёгу аб праблеме сваіх грамадзян, якія нелегальна прыбываюць зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ірак гатовы да дыялёгу аб праблеме сваіх грамадзян, якія нелегальна прыбываюць у Літву зь Беларусі, заявіў літоўскі міністар замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс паводле вынікаў сустрэчы 21 чэрвеня з ірацкім калегам Фуадам Хусэйнам, перадае БелаПАН.

Кіраўнік літоўскай дыпляматыі паведаміў Фуаду Хусэйну пра значнае павелічэньне патоку нелегальных мігрантаў – грамадзян Іраку церазь літоўска-беларускую мяжу і заклікаў да больш цеснага супрацоўніцтва ў галіне міграцыі і рэадмісіі.

«Мы ня можам дазволіць [беларускаму] рэжыму выкарыстоўваць ірацкіх грамадзян як свой інструмэнт, — сказаў Ландсбергіс. — Я пачуў ад калегі, што Ірак адкрыты для дыялёгу. Мы зь нецярпеньнем чакаем працягу нашай размовы ў найбліжэйшай будучыні, каб разам знайсьці рашэньне міграцыйных праблем, у тым ліку пытаньняў, якія тычацца дакумэнтаў мігрантаў і іх бясьпечнага вяртаньня ў краіну паходжаньня. Ірак таксама паабяцаў разгледзець магчымасьць аказаньня дапамогі Літве ў вызначэньні асобаў мігрантаў, якія прыбываюць у краіну празь беларускую мяжу».

Акрамя таго, міністар заклікаў ірацкага калегу да ўмацаваньня супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі праваахоўных органаў дзьвюх краін.

У гэты ж дзень Ландсбергіс абмеркаваў праблему нелегальнай міграцыі ў Літву з калегамі на пасяджэньні Савета міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Люксэмбургу.

«Беларускі рэжым ператварыў міграцыю ў зброю і выкарыстоўвае яе як інструмэнт націску, — заявіў чыноўнік. — У нас ёсьць інфармацыя, што рэжым арганізуе паездкі мігрантаў у Менск, а беларускія памежнікі дапамагаюць групам мігрантаў перасякаць літоўскую мяжу ў абыход міжнародных пагадненьняў. Сытуацыя на гэты момант знаходзіцца пад кантролем, але можна чакаць павелічэньня патокаў пасьля абвяшчэньня санкцый. Можа наступіць час, калі Літве давядзецца зьвярнуцца па дапамогу да інстытутаў ЭЗ і іншых дзяржаў-членаў».

Паводле кіраўніка літоўскай дыпляматыі, яго краіна да гэтага часу не сутыкалася з такім маштабам нелегальных міграцыйных плыняў, таму ёй, пэўна, спатрэбіцца досьвед і падтрымка іншых дзяржаў – сяброў ЭЗ, асабліва ў абароне межаў і перасяленьні мігрантаў. Ландсбергіс падзякаваў Фінляндыі, Грэцыі і краінам Балтыі за падтрымку і дапамогу ў гэтым пытаньні.

26 траўня ў беларускіх праўладных тэлеграм-каналах зьявіліся паведамленьні, як сьцьвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіраваньня. У прыватнасьці было апублікавана паведамленьне зь яго рэакцыяй на дзеяньні Захаду: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есьці і лавіць».

Гэтыя паведамленьні былі перадрукаваныя тэлеграм-каналам аднаго зь дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расейскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступленьня на яго сайце такіх заяў не прыводзіць. Няма іх і ў паведамленьнях дзяржаўных СМІ.

На гэтым жа мерапрыемстве міністар замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў: «Мы вымушаныя і будзем жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя крокі ў наш адрас. Мы разглядаем магчымасьць прыпыненьня ўзаемадзеяньня з ЭЗ у пытаньнях барацьбы з нелегальнай міграцыяй, аргзлачыннасьцю, арганізацыі ядзернай бясьпекі».

У якасьці рэакцыі на такія заявы Габрыелюс Ландсбергіс напісаў на сваёй старонцы ў твітэры: «Лукашэнка адкрыта пагражае накіраваць наркотыкі і нелегальных мігрантаў у наш бок. Тэрарыст — гэта той, хто робіць або мае намер рабіць як тэрарыст. Гэта далейшая эскаляцыя з боку рэжыму, да якой Эўропа павінна быць гатовая».

З пачатку году ў Літву з тэрыторыі Беларусі спрабавалі ўехаць больш за 400 нелегальных мігрантаў, большасьць — грамадзяне Іраку. Пасьля згаданых заяў беларускіх чыноўнікаў патокі рэзка павялічыліся. Для параўнаньня: у 2020 годзе быў затрыманы 81 нелегальны мігрант, у 2019-м — 46, у 2018-м — 104.

5 чэрвеня міністар унутраных спраў Агне Білатайце заявіла: «Відавочна, што супраць Літвы вядзецца гібрыдная вайна, а нелегальная міграцыя — адзін са сродкаў». Пазьней кіраўнік МЗС Ландсбэргіс адкрыта абвінаваціў улады Беларусі ў тым, што яны ўчынілі «гібрыдную атаку на Эўропу», спрыяючы перамяшчэньню нелегальных мігрантаў да літоўскай мяжы.

Дырэктар Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс у апублікаваным 16 чэрвеня інтэрвію парталу 15min.lt заявіў, што з павелічэньнем патокаў нелегальнай міграцыі расьце рызыка трапляньня ў краіну асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, а таксама супрацоўнікаў спэцслужбаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

16 чэрвеня Білатайце зьвярнулася ў Генпракуратуру Літвы з просьбай пачаць расьсьледаваньне з нагоды арганізацыі незаконнага перамяшчэньня людзей церазь мяжу зь Беларусі. Тым жа вечарам у эфіры тэлеканала LRT яна заявіла, што МУС разам з іншымі ведамствамі абмяркоўвае пытаньне аб узьвядзеньні агароджы на мяжы зь Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG