Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальны пра словы Пуціна на саміце: «Ні слова праўды»


Графіці з Навальным у Жэнэве
Графіці з Навальным у Жэнэве

У інстаграме расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, які знаходзіцца ў калёніі, ад яго імя зьявіўся запіс з ацэнкай выступу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам у Жэнэве 16 чэрвеня.

На думку Навальнага, Пуцін «пастаянна хлусіць» і «ня кажа ні слова праўды».

У доказ свайго тэзісу апазыцыянэр працытаваў дзьве фразы Пуціна, якія ён лічыць хлусьнёй, — пра сябе самога і пра заснаваны ім ФБК (Фонд барацьбы з карупцыяй, які ў Расеі прызналі замежным агентам). Адказваючы на пытаньні журналістаў, Пуцін, у прыватнасьці, сказаў, што Навальны «зьехаў за мяжу на лячэньне», чым парушыў правілы ўмоўнага тэрміну, а таксама што ФБК публікаваў рэцэпты «кактэйляў Молатава» (запальнай сумесі). Паплечнікі Навальнага ўжо напярэдадні паказвалі, што апазыцыянэр не па сваёй волі выехаў у жніўні 2020 году за мяжу, а быў туды перавезены ў стане комы пасьля атручваньня, і што ФБК не публікаваў ніякіх рэцэптаў «кактэйляў Молатава» і не заклікаў да беспарадкаў.

  • Аляксей Навальны знаходзіцца ў калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці РФ — туды яго адправіў у лютым суд, замяніўшы ўмоўны тэрмін па старой крымінальнай справе на рэальны. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем, а краіны Захаду заклікаюць яго вызваліць. Ягоны інстаграм працягвае абнаўляцца запісамі ад ягонага імя, хоць і ня вельмі часта.
  • І Пуцін, і Байдэн на прэс-канферэнцыях пасьля сустрэчы ў Жэнэве пацьвердзілі, што абмяркоўвалі тэму Навальнага. Пра падрабязнасьці яны не сказалі.
  • Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у чацьвер сказаў, што амэрыканскі бок ня ставіў пытаньня пра ўключэньне Навальнага ў сьпіс на абмен вязьнямі.
  • Байдэн, адказваючы на пытаньне журналіста, сказаў, што гіпатэтычная сьмерць Навальнага ў турме будзе мець для Расеі «катастрафічныя наступствы», у першую чаргу пацярпіць яе пазыцыя на міжнароднай арэне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG