Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty Intеrnational заявіла пра масавыя рэпрэсіі супраць мэдыкаў у Беларусі


«Ланцуг салідарнасьці» мэдыкаў, жнівень 2020
«Ланцуг салідарнасьці» мэдыкаў, жнівень 2020

У Беларусі звольнілі дзясяткі мэдыцынскіх работнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах або крытыкавалі ўлады, гаворыцца ў справаздачы Amnesty Intrnational.

Беларускія лекары заплацілі неймаверную цану за прафэсіяналізм і нязгоду, перакананыя ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Яна заявіла пра жорсткія рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць мэдыкаў, якія ня ўтойвалі сваёй грамадзянскай пазыцыі. Паводле зьвестак арганізацыі, у сувязі з гэтым звольненілі дзясяткі работнікаў, многія пазбавіліся працы ў мэдычнай галіне.

Як адзін з найбольш абуральных выпадкаў называецца гісторыя анестэзіёляга менскай лякарні хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна, асуджанага разам з журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч у справе аб «разгалошваньні мэдычнай тайны» пасьля гібелі актывіста Рамана Бандарэнкі. Яны паведамілі вынікі экспэртызы, якія сьведчылі, што Бандарэнка быў цьвярозы ,у той час як улады казалі, што ў ягонай крыві выявілі алькаголь.

Пры гэтым масавыя звальненьні мэдыкаў у Беларусі адбываюцца, нягледзячы на нястачу кадраў у сфэры аховы здароўя, што прыводзіць да катастрафічнай сытуацыі, асабліва ў правінцыі.

«Улады Беларусі не клапоцяцца аб праве на здароўе і іншых правах чалавека. Рэакцыя ўладаў на любую мірную нязгоду — гвалт і жорсткія рэпрэсіі. Лекары і мэдсёстры апынуліся сярод тых, хто заплаціў неймаверную чалавечую цану за свой прафэсіяналізм і праяву чалавечага спачуваньня», — заявіў намесьнік дырэктара Amnesty Intrnational ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Брус Мілар.

Ён падкрэсьліў, што беларускія мэдыкі «апынуліся на перадавой падчас цяперашняга крызісу з правамі чалавека ў краіне». Пры гэтым яны аказвалі дапамогу пацярпелым дэманстрантам, а таксама выкрывалі спробы ўладаў прыменшыць маштабы кровапраліцьця, заплаціўшы высокую цану за сваю прыстойнасьць, страціўшы сродкі для існаваньня, а ў некаторых выпадках і свабоду. Нецярпімасьць уладаў да мірнага іншадумства падрывае мэдычную супольнасьць ва ўмовах глябальнай пандэміі.

Па яго словах, улады Беларусі на чале з Лукашэнкам «разбураюць самыя каштоўныя інстытуты беларускага грамадзтва — ад культурных арганізацый і студэнцкіх саюзаў да журналісцкай і мэдычнай суполак».
Amnesty International заклікала сусьветную супольнасьць не пакінуць сытуацыю незаўважанай і выступіць супраць рэпрэсій у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG