Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мая бабуля сядзела тут падчас нацысцкай акупацыі». Рэдактарка Tut.by Марына Золатава дала першае інтэрвію зь СІЗА


Марына Золатава, архіўнае фота
Марына Золатава, архіўнае фота

Амаль месяц галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава знаходзіцца за кратамі. Яе і яшчэ 14 чалавек, зьвязаных з кампаніяй, абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і саўдзеле ў злачынстве.

Зь лістоў Марыны Золатавай Tut.by удалося даведацца, ці чакала яна, што па яе прыйдуць, у якіх умовах яна ў СІЗА і што думае пра разгром Tut.by.

Пра знаходжаньне на Акрэсьціна і на Валадарцы

Як расказвае ў лістах Марына Золатава, першыя тры дні пасьля затрыманьня на Акрэсьціна яна была адна ў камэры. Першую ноч спала на матрацы, потым яго забралі. У камэры было халодна, таму, каб сагрэцца, яна ўставала ўначы і рабіла практыкаваньні. Перадачу ад сваякоў Золатавай не аддалі, сказаўшы: «Таму што ваша шарашкіна кантора ўжо напісала, што перадачу не прынялі».

21 траўня Марыну Золатаву і яшчэ некалькі супрацоўнікаў Tut.by перавезьлі ў СІЗА на Валадарскага, некаторых фігурантаў адправілі ў СІЗА КДБ. З 15 чалавек, якія зьяўляюцца падазраванымі, толькі трое не ў турме — пад хатнім арыштам.

Марына Золатава адзначае, што ў СІЗА на Валадарскага стаўленьне пэрсаналу да зьняволеных больш гуманнае, чым у ізалятары часовага ўтрыманьня, дзе працуюць «больш грубыя людзі».

«Першае, што я падумала, калі мы сюды трапілі, што мая бабуля падчас акупацыі сядзела вось тут, у склепе на Валадарцы, — кажа Марына Золатава. — І калі нас вядуць на шпацыр па скляпеністым сутарэньні, я ўзгадваю яе апавяданьні і думаю: ці ня тое гэта сутарэньне? Яна цудам пазьбегла сьмерці, яе павінны былі расстраляць. Потым яе пагналі ў палон. Але яна вярнулася дадому, і мы вернемся».

Камэра, дзе яна сядзіць, «падобная да купэ цягніка, але на другім ярусе можна стаяць на ўвесь рост і рабіць зарадку», піша Золатава. З 6 да 22 гадзіны практычна кожны дзень грае радыё, але навінаў не чуваць зусім. Па панядзелках іх водзяць у душ.

Паводле Марыны Золатавай, самае цяжкае для яе цяпер — адсутнасьць інфармацыі і сувязі з роднымі. Сын безь яе адзначыў 15-годзьдзе, а дачка правяла выпускны і будзе паступаць ва ўнівэрсытэт.

«Зноўку вучуся пісаць ад рукі і жыць без Google. Пайшла па сьлядах Барысевіч (журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч амаль 5 месяцаў правяла на „Валадарцы“. — рэд.): здаецца, чытаю ўсё тое, што яна чытала. А ўчора вось вывучыла „Дай, Джим, на счастье лапу мне“ Ясеніна».

Ці ведала Марына, што па яе прыйдуць, што будзе разгромлены Tut.by?

«Я разумела, што рэпрэсіі працягваюцца і рана ці позна закрануць нас, але тое, што адразу затрымаюць так шмат людзей і адначасова заблякуюць сайт, я ўявіць сабе не магла. Я дапускала, што адразу можа быць заблякаваны рэсурс. Да гэтага ўсё ішло, у тым ліку адпаведныя законы», — піша яна.

Галоўная рэдактарка кажа, што да затрыманьня прадстаўнікі ўлады наўпрост да яе не зьвярталіся «з наказамі». Але яна дапускае, што такія звароты маглі быць да кіраўніцтва кампаніі.

Пра наступствы разгрому Tut.by

У адказ на пытаньне пра наступствы разгрому самага буйнога онлайн-мэдыя ў Беларусі Марына Золатава адказвае, што «Tut.by нікуды ня дзенецца» і цяперашняя сытуацыя для яе — «часовая зьява».

«Разгром робіць яшчэ больш відавочным, што ідзе татальная зачыстка інфармацыйнай прасторы. Для ўладаў наш рэсурс — костка ў горле. Але тое, што Tut.by заблякаваны, не азначае, што ўсе пойдуць глядзець БТ. Tut.by — гэта 3 мільёны карыстальнікаў. Па рашэньні ўлады 3 млн чалавек засталіся без сваёй любімай крыніцы інфармацыі. Гаворка ідзе ня толькі пра навіны, але і пра неабходныя людзям сэрвісы накшталт „Афішы“ або „Фінансаў“. Мяркую, што людзі абураныя тым, што няма Tut.by. Але Tut.by на самой справе ёсьць, таму што мой калектыў працягвае працаваць у сацыяльных сетках, за што я ім бязьмерна ўдзячная», — піша Марына Золатава.

Яна кажа, што ведала, што зь яе камандай «ня можа быць па-іншаму», таму «Tut.by нікуды ня зьнікне»:

«Будзе як у песьні: „Плывуць у тумане стагодзьдзі, і сталь спарахнее ўшчэнт, а мы тут былі і тут будзем, пакуль існуе гэты сьвет“. Я па-ранейшаму ўпэўненая, што справядлівасьць рана ці позна пераможа, але рэпрэсіі закрануць яшчэ шмат людзей», — напісала галоўная рэдактарка Tut.by.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрыманыя агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG