Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі да аб’яднаньня «Зьвяно». Арганізацыя запрашае ў свае шэрагі новых сяброў


Кіраўніца «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская
Кіраўніца «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская

У красавіку ў офісе арганізацыі, а таксама дома ў актывістаў прайшлі ператрусы, канфіскавалі тэхніку, дакумэнты, грошы.

Тады пяцярых чалавек затрымалі, а за кіраўніцай Тацянай Гацурай-Яворскай замацаваны статус падазраванай паводле крымінальнага артыкулу «арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

9 чэрвеня «Зьвяно» атрымала пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі аб парушэньні дзейнага заканадаўства. Паводле ведамства, наладжаны «Зьвяном» маніторынг працы сыстэмы аховы здароўя ў пэрыяд пандэміі супярэчыць заканадаўству і статуту арганізацыі, хоць ажыцьцяўленьне такой дзейнасьці статус акурат прадугледжвае — збор і аналіз інфармацыі, накіраванай на прапаганду здаровага ладу жыцьця, абарону сем’яў, мацярынства, дзяцінства.

«Нібыта 19 траўня на наш адрас накіравалі праграму праверкі адпаведнасьці дзейнасьцi патрабаваньням заканадаўства і статуту, згодна зь якой мы мусілі даць адпаведную інфармацыю. Аднак гэтага ліста мы не атрымлівалі. Акрамя таго, дакумэнты, тэхніка і нават пячатка знаходзяцца ў Сьледчым камітэце на экспэртызе, мы фізычна ня ў стане падаць усе патрэбныя зьвесткі», — гаворыцца ў заяве.

Кіраўніцтва «Зьвяна» робіць выснову, што вынесенае папярэджаньне аб парушэньні заканадаўства зьяўляецца беспадстаўным, палітычна матываваным і арганізацыю хочуць папросту ліквідаваць (орган рэгіструацыі можа пачаць працэдуру за «сыстэматычнае парушэньне заканадаўства»).

«Мы зьвяртаемся да ўсіх неабыякавых грамадзян па ўсім сьвеце: калі ўлады хочуць нас зьнішчыць, хай гэта будзе самая вялікая па колькасьці ў Беларусі арганізацыя з годнымі і паважанымі чальцамі. У нас засталося мала часу: да 18 чэрвеня мы павінны прадаставіць у міністэрства сьпісы сваіх сяброў. Калі ласка, калі гатовыя праявіць з намі салідарнасьць, запоўніце нашу форму (гэта зойме хвіліну) і раскажыце пра наш заклік», — просяць актывісты.

Чым вядомае «Зьвяно»

Грамадзкае аб’яднаньне «Звяно» зарэгістраванае ў жніўні 2013 году. За час існаваньня ініцыятывы рэалізаваныя розныя праекты, сярод якіх:

  • Штогадовы міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus з прэміяй для беларускіх рэжысэраў-дакумэнталістаў.
  • Служба бэбі-сітэрства для адзінокіх бацькоў, хворых на алькагалізм, каб яны маглі рэгулярна наведваць групы ананімных алькаголікаў і тым самым заставацца цьвярозымі.
  • Праграма рэабілітацыі і сацыялізацыі былых зьняволеных, якая ўключала бясплатныя кансультацыі, курсы базавых навыкаў карыстаньня кампутарам і працу з псыхолягам.
  • Маніторынг працы сыстэмы аховы здароўя ў пэрыяд пандэміі каранавірусу.
  • Захады на зьмену алькагольнай палітыкі ў краіне, у тым ліку першы ў гісторыі краіны 24-гадзінны онлайн-маратон НЕ-залежнасьці.
  • Выстава ўдзячнасьці мэдыкам «Машына дыхае, а я — не», прысьвечаная праблеме палітызацыі сыстэмы аховы здароўя і гвалту, зь якім сутыкнуліся лекары (закрытая праз два дні пасьля адкрыцьця з наступным перасьледам актывістаў).

Акрамя таго, арганізацыя падрыхтавала даклад аб парушэньні правоў чалавека ў сярэдзіне жніўня 2020 году, дапамагала пацярпелым у шпіталях, а таксама зьяўляецца сузаснавальніцай Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў (уваходзіць у склад кіроўнага камітэту Міжнароднай плятформы для Беларусі дзеля прыцягненню вінаватых да адказнасьці).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG