Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Вольгі Такарчук кажа, што яна абвясьціла галадоўку ў карцары. МУС сьцьвярджае, што блогерка прымае ежу


Вольга Такарчук
Вольга Такарчук

Пра пачатак галадоўкі пратэсту 9 чэрвеня паведаміў яе бацька Андрэй Такарчук.

«Яна абвясьціла галадоўку праз надуманую падставу для зьмяшчэньня яе ў карцар. Тэрмін 7 сутак, з 7 па 14 чэрвеня. Вольга ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, але карцар ёсьць карцар. Зь ёй працуе псыхоляг», — сказаў ён.

Пра тое, што блогерку зьмясьцілі ў карцар, бацькі даведаліся 8 чэрвеня, калі ў турме ў Жодзіне ў іх не прынялі перадачу для дачкі. На наступны дзень з Вольгай сустрэўся адвакат.

«Яе зьмясьцілі ў карцар нібыта за дрэнную прыборку камэры, — кажа бацька. — Дачка тлумачыць, што дрэнна сябе адчувала. Яе зьвінавацілі, што нібыта дрэнна выцерты пыл. Таксама нібыта не прыйшла па відэльцы, была дзяжурнай па камэры. Оля сказала, што ў яе было расстройства страўніка і яна папярэджвала. Пайшла ў прыбіральню, а ў гэты час яе прымусілі ісьці па відэльцы. Потым у яе скочыў ціск, яна гіпатонік. У яе нармальны ціск 90 на 60, а было 150 на 100. Яна прысела на ложак, і ў гэты час зайшлі ахоўнікі і сказалі, што яна гэтым парушае рэжым. Гэта яўна надуманыя падставы. Оля абсалютна неканфліктны чалавек, які разумее, хто ў доме гаспадар».

Паводле бацькі, Вольга Такарчук ужо трэція суткі галадае, не прымае ежу, толькі п’е ваду. У сувязі з гэтым зь ёй працуе псыхоляг, да якога Вольга прэтэнзій ня мае.

«Яна абвясьціла галадоўку, бо нязгодная з тым, што яе паводзіны ў камэры заслугоўваюць карцарнага ўтрыманьня. Гэта надуманыя падставы», — кажа бацька, былы супрацоўнік міліцыі.

Андрэй Такарчук спадзяецца, што з прычыны праблем зь ціскам дачку зьмесьцяць у лячэбны стацыянар. Са слоў адваката, яна напісала пра гэта ў сваім звароце на імя кіраўніцтва турмы.

10 чэрвеня Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што Вольга Такарчук спыніла галадоўку.

«Падсьледная Вольга Такарчук прымае ежу. Стан яе здароўя здавальняючы. Як і належыць, яна знаходзіцца пад наглядам мэдыкаў»,— гаворыцца ў паведамленьні сілавога ведамства.

  • На маці двух непаўналетніх дзяцей, блогерку Вольгу Такарчук завялі справу па трох крымінальных артыкулах: 391-м (абраза судзьдзі або народнага засядацеля), 188-м (паклёп) і 342-м (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
  • Блогерку чарговым разам затрымалі 19 траўня і адвезьлі ў Першамайскі РУУС, а 23 траўня яе арыштаваў пракурор Першамайскага раёну Менску. З ізалятара на Акрэсьціна яе перавялі ў турму № 8 у Жодзіне.
  • У блогеркі Вольгі Такарчук двое непаўналетніх дзяцей — 3 і 7 гадоў.
  • Вольга Такарчук вядзе палітычны блог, які мае каля 37 тысяч падпісчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG