Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Казалі, што абавязкова прашэньне на імя Лукашэнкі». Як датэрмінова вызвалялі асуджаных за Плошчу-2010


Пратэст 19 сьнежня 2010 году
Пратэст 19 сьнежня 2010 году

Шэраг мэдыя паведамілі, што палітвязьням пачалі прапаноўваць зьвярнуцца на імя Аляксандра Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні. Такія прапановы нібыта гучалі ў калёніях Наваполацку, Віцебску і Шклова. Паводле тых жа зьвестак, памілаваньне можа быць прымеркавана да 3 ліпеня.

Апошні раз масавае памілаваньне адбывалася ў 2011 годзе. А якія тады былі патрабаваньні да палітвязьняў, якія пагаджаліся пісаць прашэньні, і ці чынілі на іх ціск?

Былы палітвязень, які прасіў не называць ягонага імя і прозьвішча, больш за 8 год адбыў у вязьніцы пасьля падзей 2010 году, восеньню 2011-га выйшаў на волю праз памілаваньне. Суразмоўца згадаў, як у яго разгортвалася сытуацыя з прашэньнем аб памілаваньні.

«У калёніі выклікалі на размову. Сустрэў чалавек у цывільным, але было бачна, што службовец, хутчэй за ўсё з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў — было бачна па стаўленьні да яго супрацоўніка калёніі. Паводле ягонага ўзросту меркаваў, што ён мог быць у званьні падпалкоўніка. Прапанаваў напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, казаў, што вырашыцца станоўча і хутка. Але я выслухаў яго і адмовіўся», — сказаў былы палітвязень.

Зь ягоных словаў, другім разам прапанову аб напісаньні прашэньня ён атрымаў ад чалавека, на якога б ніколі не падумаў, што той зьвязаны з адміністрацыяй.

«Ва ўсіх вязьніцах у адміністрацыі сярод вязьняў ёсьць свае людзі. Вось неўзабаве пасьля той сустрэчы такі чалавек загаварыў са мной пра напісаньне прашэньня. Маўляў, ты б падумаў, чаго адмаўляцца? І неяк пасьля гэтага я заўважыў, што вакол мяне ў калёніі пачалі адбывацца незвычайныя рэчы. То ўзьнікне канфлікт з асуджаным наконт маёй беларускай мовы, то ўсіх вязьняў атраду раптам пашыхтуюць і пачнуць чапляцца за нешта. Не магу сказаць, што адкрыта ад мяне нешта патрабавалі, ціснулі, але вось такія выпадкі пачалі здарацца адзін за адным. І я задумаўся», — кажа суразмоўца.

У выніку былы палітвязень усё ж напісаў прашэньне. Як яно выглядала?

«Кароткае, нейкая стандартная форма. Абавязкова на імя Лукашэнкі. Што прызнаю віну і прашу мяне памілаваць. Нешта такое, дакладны тэкст ужо не згадаю», — сказаў былы палітвязень.

Паводле гэтага чалавека, адміністрацыя цалкам выканала абяцаньне, і менш як праз пару тыдняў яго вызвалілі.

«Выклікалі, сказалі зьбіраць рэчы ды ехаць дамоў. Такім чынам, трапіў у другую хвалю — тых, хто выходзіў на пачатку верасьня. А была яшчэ трэцяя хваля, якія выходзілі пасьля нас, недзе ў сярэдзіне верасьня. Гэта тыя, хто да апошняга не пагаджаўся падпісваць прашэньні. Некаторыя потым казалі, што радок аб прызнаньні віны не ўпісалі ў свае прашэньні, абмежаваліся словамі „прашу памілаваць“. Але ці так, ня ведаю. Можа і так. Уладзе трэба было вызваліць тых, каго вызначылі, таму маглі і такія паперы ў іх прыняць. Магчыма, так і цяпер будзе. Спачатку будуць патрабаваць абавязкова прызнаць віну, а потым тых, хто не паддасца, усё роўна выпусьцяць. Але самых важных яшчэ будуць трымаць», — мяркуе суразмоўца.

Першых палітвязьняў Плошчы-2010 вызвалілі ў сярэдзіне жніўня 2011 году. Тады на волю выйшлі сама меней сем чалавек. У другой хвалі, 1 верасьня, былі вызваленыя яшчэ 4 вязьні.

Наступнае вызваленьне паводле прашэньня аб памілаваньні было 14 верасьня. На волю тады выйшлі 9 чалавек, у тым ліку актывіст Павал Вінаградаў, асуджаны на 4 гады зьняволеньня. Павал пацьвердзіў, што не прызнаў віны, і кажа, што ўвогуле не падпісаў прашэньня аб памілаваньні, якое яму таксама прапаноўвалі.

«Спачатку, недзе ў сярэдзіне лета, выклікалі на размову з опэрам атраду, які сказаў, што можна выйсьці, падпісаўшы такі дакумэнт. Але я сказаў, што яшчэ не перавыхаваўся, і адмовіўся. Адчапіліся. Хутка, недзе ў жніўні, ад сябра Эдуарда Лобава, які таксама сядзеў у Івацэвічах, даведаўся, што на волю выйшла першая група палітвязьняў, якія падпісалі прашэньні. Пасьля гэтага мяне выклікалі да начальніка калёніі. Зноў прапанова: пішы, бо іншыя ўжо выходзяць. Умовы былі такія: каб на імя Лукашэнкі і каб прызнаў віну. Не пагражалі, але папярэдзілі, што калі не скарыстаюся такой магчымасьцю, дык буду сядзець увесь тэрмін. Але зноў адмовіўся. І гэтак дачакаўся 14 верасьня, калі проста выклікалі і сказалі зьбіраць рэчы», — кажа Павал Вінаградаў.

Пры вызваленьні, згадвае Павал, ён падпісваў нейкія дакумэнты. А ці магло так быць, што яго падманулі і падклалі сярод іх прашэньне на імя Лукашэнкі? Гэта Павал Вінаградаў выключае.

«Ужо ня памятаю, пра што там ішлося ў тых паперах. Нешта такое, што абавязаны прыйсьці ў пэўны час у міліцыю і стаць на ўлік. Мінуў час, ужо сьцерлася ў памяці. Але прашэньня не было, гэта дакладна. Гэткія паперы я адсочваў».

Павал Вінаградаў ня думае, што чуткі наконт прапановаў пісаць прашэньне аб памілаваньні, якія днямі зьявіліся, могуць быць правакацыяй. «Хутчэй, да гэтага сапраўды ідзе. Калі б я быў на месцы гэтага чалавека, дык ужо пачаў бы выпускаць», — мяркуе Павал Вінаградаў.

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч кажа, што мае зьвесткі ад сваякоў сама меней 5 палітвязьняў, якім прапанавана напісаць прашэньне аб памілаваньні. Аднак, паводле Марыны Адамовіч, пакуль толькі ад маці аднаго зь іх яна атрымала паведамленьне, што пазьней тая гатовая пацьвердзіць гэта журналісту.

Свабода працягвае сачыць за сытуацыяй і паведаміць пра размову з гэтай крыніцай, калі яна выйдзе на сувязь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG