Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іх мэтады нагадваюць 1937 год». Былы супрацоўнік ГУБАЗіКу пра тое, як сілавікі маглі атрымаць «прызнаньні» Пратасевіча


Былы начальнік аддзелу 3-га ўпраўленьня Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), а цяпер прадстаўнік ініцыятывы BYPOL Аляксандар Азараў.
Былы начальнік аддзелу 3-га ўпраўленьня Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), а цяпер прадстаўнік ініцыятывы BYPOL Аляксандар Азараў.

«Прызнаньні» былога галоўнага рэдактара телеграм-каналу Nexta Рамана Пратасевіча, паказаныя ў чацьвер у эфіры беларускага дзяржаўнага каналу АНТ, былі скрытыкаваныя яго паплечнікамі і блізкімі.

Бацькі кажуць, што сына трымаюць у закладніках, у штабе Сьвятланы Ціханоўскай адзначаюць, што сьведчаньні Рамана дадзеныя відавочна пад ціскам.

Былы начальнік аддзелу 3-га ўпраўленьня Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), а цяпер прадстаўнік ініцыятывы BYPOL Аляксандар Азараў упэўнены, што да Пратасевіча маглі прымяняцца мэтады і фізычнага, і псыхічнага ўзьдзеяньня.

Акрамя таго, Азараў у інтэрвію журналісту каналу «Настоящее время» Ўладзіміру Міхайлаву пракамэнтаваў заявы беларускіх уладаў аб тым, што нібыта Пратасевіч прымаў удзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Украіны ў складзе батальёну «Азоў» (першы кіраўнік «Азову» Аляксандр Білецкі казаў, што Пратасевіч прыяжджаў у зону баявых дзеяньняў як журналіст).

Паводле Азарава, у яго яшчэ з часоў службы ў беларускай міліцыі ёсьць дакладная інфармацыя пра тое, што КДБ Беларусі ўжо дапытваў Пратасевіча з нагоды яго паездкі на ўсход Украіны і яшчэ ў 2015 годзе пераканаўся, што гаворка ішла толькі пра рэпарцёрскую працу.

— Якое ў вас склалася ўражаньне ад інтэрвію Рамана Пратасевіча? Што гэта — апытаньне або допыт, зроблены пад ціскам?

— Калі я пачуў пра затрыманьне Рамана Пратасевіча, я ўжо адразу зразумеў, што ён будзе даваць прызнальныя паказаньні. Ведаючы мэтады беларускіх уладаў, КДБ, ГУБАЗіКа, цяжка было адмовіцца ад дачы паказаньняў. Іх мэтады цяпер вельмі нагадваюць 1937 год.

— Што гэта за мэтады?

— Зараз, паводле пацьверджанай стоадсоткавай інфармацыі, у будынку ГУБАЗіКу супрацоўнікі могуць класьці людзей на падлогу, зьбіваць гумавай дубінкай, страляць зь незараджанага пісталета ў галаву, ад чаго людзі могуць мачыцца, і гэтак далей. Яны зараз ужываюць усё што заўгодна, зараз няма ніякіх праблем. Галоўнае, каб чалавек прызнаўся ў тым, што ім трэба.

А таксама прымяняюцца мэтады ўнутрыкамэрнай распрацоўкі, то бок, калі чалавек не згадзіўся адразу даваць паказаньні, яго зьмяшчаюць у камэру, да яго падсаджваюцца пэўныя асобы. Усе ведаюць такія «прэс-камэры», дзе людзі, якія там знаходзяцца, — гэта пазаштатныя супрацоўнікі, якія працуюць на зарплату. Яны чалавека зьневажаюць, зьбіваюць, «апускаюць», можна так сказаць, пасьля чаго ён ужо гатовы зрабіць усё, што хочаш, абы яго пасадзілі ў іншае месца.

— Камэнтатары ў інтэрнэце кажуць пра тое, што Раману Пратасевічу прыгразілі тым, што выдадуць баевікам ў Луганск, калі ён ня зробіць прызнальныя паказаньні.

— Я ў гэта ня веру, гэта чыстай вады блеф. Я сам узначальваў аддзел з 2015 году, які займаўся распрацоўкай якраз гэтых баевікоў, якія ваявалі ва Ўкраіне як на баку Ўкраіны, так і на баку «ЛНР» і «ДНР». Такога быць ня можа. Але яны аказвалі псыхалягічны ціск. Раман сапраўды знаходзіўся ў зоне АТА, яны паказалі яго фатаграфію, нібыта ён прымаў удзел у баявых дзеяньнях і сапраўды ваяваў. І, магчыма, яны яго гэтым запалохалі.

Але ў нас ёсьць стоадсоткавая інфармацыя, якую я атрымаў, калі працаваў тады, што ў жніўні 2015 году Раман Пратасевіч выклікаўся ў чацьвёртае Галоўнае ўпраўленьне КДБ (у першы аддзел другога ўпраўленьня, калі канкрэтна), і там праводзілася яго апытаньне. Згодна гэтага апытаньня, КДБ прыйшоў да высновы, што ён быў проста рэпарцёрам у зоне баявых дзеяньняў і ніякага ўдзелу [у саміх дзеяньнях] не прымаў .

— Гэта значыць, у 2015 годзе ў беларускіх сілавікоў да яго пытаньняў па Данбасе не было?

— Не было. Яго апыталі, выпусьцілі, склалі даведку, што ён не датычны, і ўсё. Таму гэта толькі пагрозы.

— На каго скіраваныя гэтыя прызнальныя паказаньні? Многія дапускаюць, што ўсе гэтыя словы сказаныя пад ціскам. Хто ў іх можа паверыць?

— Што гэта пад ціскам — гэта сто адсоткаў. Ня толькі пад ціскам, але і пад катаваньнямі, таму што бачныя сьляды цялесных пашкоджаньняў — на запясьцях рук, твар у яго наогул няправільнай формы. Я ж яго бачыў ужывую, яго з цяжкасьцю можна пазнаць.

— Што значыць «твар няправільнай формы»?

— Калі з чалавекам маеш зносіны ўжывую, і цяпер, гледзячы на экран, відаць, што з гэтым тварам нешта ня тое, на ім маюцца нейкія выпукласьці, якія могуць быць ад прымяненьня фізычнага ўзьдзеяньня. Яны, магчыма, загрыміраваныя.

— Бацька дапускае, што да яго сына маглі прымяніць псыхатропныя рэчывы. Што пра гэта скажаце?

— Наконт псыхатропных рэчываў ня ведаю. Калі я служыў — такога не сустракаў. Я думаю, што [тут] дастаткова фізычнага ўзьдзеяньня. Рамана можна запалохаць, як я казаў, папрацаваць зь ім у камэры, і ён будзе распавядаць што заўгодна.

Праслухаўшы яго выступ, нічога такога звышнатуральнага я не пачуў. Ён там у асноўным распавядае пра тыя чуткі, пра якія ведае КДБ, МУС, проста ён дадаваў нейкія дэталі больш падрабязныя. Але гэта ўсё пераважна чуткі. Гэта значыць ён казаў тое, што яму трэба было казаць, што ад яго патрабавалі казаць.

— Для чаго ўсім беларусам паказваюць гэтае відэа?

— Уладам трэба запалохаць насельніцтва, трэба здушыць у корані пратэстны настрой, таму ўсё гэта накіравана менавіта на падаўленьне пратэстных настрояў. Яны распаўсюджваюць інфармацыю, я ведаю, у сацыяльных сетках, што нібыта выпампавалі ўсю інфармацыю з тэлефона Рамана, пішуць: «Уцякайце, таму што мы да вас зараз прыйдзем».

Ім трэба, каб альбо ўсё пратэстнае насельніцтва выехала, альбо села ў турму, каб не было ніякіх пратэстаў, каб паказаць таму ж Пуціну пры перамовах, што ў нас усё ў парадку. Расеі таксама вельмі важна, каб у Беларусі не адбываліся пратэсты. Навошта ім такі край — браць пад сваю апеку [краіну], дзе пастаянна адбываюцца хваляваньні.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
  • 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
  • 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
  • У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG