Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пагражае санкцыямі, калі хаця б адзін беларускі самалёт апынецца на тэрыторыі акупаванага Крыму


Эмінэ Джапарава
Эмінэ Джапарава

У замежнапалітычным ведамстве Ўкраіны перасьцераглі Лукашэнку ад далейшых крокаў у спробе легітымізацыі расейскай акупацыі ўкраінскіх земляў.

Першая намесьніца міністра замежных спраў Украіны Эмінэ Джапарава заявіла, што Ўкраіна імгненна адрэагуе, калі хоць адзін самалёт «Белавія» прызямліцца ў акупаваным Расеяй Крыме, піша Укрінфарм.

«Мы зафіксавалі для сябе заявы Лукашэнкі адносна звароту да Расеі і Пуціна з магчымым адкрыцьцём рэйсаў у акупаваны Крым», — заявіла Джапарава.

Паводле яе слоў, правакацыйныя заявы, верагодна, зьяўляюцца эмацыйнай рэакцыяй Лукашэнкі на адказ Украіны на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у аэрапорце Менску, а таксама на санкцыі пасьля наступу ўладаў Беларусі на апазыцыю і свабоду слова, у тым ліку на арышт Рамана Пратасевіча.

«Мы будзем неадкладна дзейнічаць супраць любых спробаў легітымізацыі расейскай акупацыі Крыму, супраць любых спробаў усталяваць кантакты з так званымі „ЛНР“ ці „ДНР“. І калі хаця б адзін самалёт беларускай авіякампаніі апынецца на тэрыторыі акупаванага Крыму, санкцыі будуць непазьбежныя з усімі нэгатыўнымі наступствамі», — заявіла Эмінэ Джапарава.

Яна лічыць, што поўную адказнасьць за санкцыі і абмежаваньні ў паветраных зносінах зь Беларусьсю і за нязручнасьці, што адчуваюць грамадзяне Беларусі, нясе пэрсанальна Лукашэнка.

Джапарава таксама падкрэсьліла, што рашэньне аб абмежаваньні паветраных зносінаў зь Беларусьсю носіць не палітычны, а бясьпекавы характар, «паколькі дзеяньні ўладаў Беларусі непрадказальныя, і мы ня можам загадзя ацаніць усе рызыкі знаходжаньня ў паветранай прасторы Беларусі».

Для першай намесьніцы кіраўніка МЗС Украіны відавочна, што Беларусь учыніла скандальную пасадку самалёта паводле сцэнару Крамля.

«Чым болей Лукашэнка трапляе ў моцныя абдымкі Пуціна, тым менш шанцаў у Беларусі застацца сапраўды незалежнай і сувэрэннай дзяржавай. Звычайныя беларусы, якія нам вельмі блізкія, ужо пакутуюць ад неабдуманых і правакацыйных дзеяньняў Лукашэнкі».

Джапарава папярэдзіла, што Лукашэнка рызыкуе апынуцца на лаве падсудных у Гаазе разам з Пуціным у справе акупацыі Крыму і частак Данецкай і Луганскай абласьцей. Разам з гэтым яна перакананая, што гэта ягоны асабісты выбар, а не пазыцыя беларускага народу.

Акупацыя Крыму Расеяй трывае ад 2014 году. Да 2021 афіцыйны Менск прызнаваў паўвостраў неад’емнай часткай Украіны, як і абсалютная бальшыня дзяржаў сьвету. Аднак пасьля чарговых перамоваў з Пуціным у Сочы і шэрагу забаронаў на пералёты «Белавія» і пралёты іншаземных самалётаў у беларускай паветранай прасторы Лукашэнка заявіў пра гатовасьць запусьціць рэйсы ў Крым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG