Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагрозы брутальнага і беспакаранага гвалту». Сьцяпан Латыпаў пісаў дзіўны ліст перад судом


Сьцяпан Латыпаў, архіўнае фота
Сьцяпан Латыпаў, архіўнае фота

Чытачка Свабоды Лера падзялілася лістом, які ёй нядаўна прыйшоў зь СІЗА ад Сьцяпана Латыпава, які спрабаваў парэзаць сабе горла падчас суду.

На лісьце напісана «2005». Меркавана, гэта дата, калі Сьцяпан пісаў тэкст, — 20 траўня. Ліст напісаны па-расейску. На аркушы і на канвэрце намаляваны вожык, якіх любіць Сьцяпан, з цацкай-медзьведзяняткам у лапах. Лера мяркуе, што ліст цьмяны, дайшоў ня цалкам, няма пачатку. Ён, мажліва, і не дапісаны, і частку аркуша адарвалі.

Сьцяпан апісвае пэрыяд, калі яму было 5 гадоў і ён хадзіў у дзіцячы садок.

Прыводзім увесь тэкст, што атрымала дзяўчына.

«У дзіцячым садку мая неўтаймоўная фантазія нярэдка дакучала выхавальніцам. Выдуманыя гісторыі па матывах фільмаў, кніг, а то і папросту створаныя бязьмежным уяўленьнем захоплівалі кожнага, хто знаходзіўся ў межах чутнасьці не па-дзіцячы басавітага голасу.

Слухаючы, аднакашнікі спынялі паглынаньне вышэйзгаданага прадукту, цалкам паглыбляючыся ў „дзівосны новы сьвет“, які адкрыўся пасярод сьцен сталоўкі. Паміж малюнкам Мальчыша-Кібальчыша і дзвярыма на кухню.

Падобнае парушэньне рэжыму не магло застацца па-за ўвагай пэрсаналу, і ў адзін зь дзён быў выстаўлены ўльтыматум. Калі не перастану парушаць звыклы парадак — мне зашыюць рот. У якасьці дэманстрацыі сур’ёзнасьці намераў на стол каля талеркі маннай кашы паставілі катушку тоўстых капронавых нітак са здаравеннай „цыганскай“ іголкай.

Відавочна, першапачаткова не прадугледжвалася іншых спосабаў ўзьдзеяньня на пяцігадовае дзіця, апрача пагроз брутальнага і беспакаранага гвалту.

На дадатак да фармаваньня вобразу расправы выканалі вартую Чапліна пантаміму. Адна далонь мажнай паслядоўніцы Пэсталёцы (прозьвішча напісана неразборліва) ухоплівала нябачныя вусны, а другая размашыстымі шыўкамі дамагалася цішыні і паслухмянасьці.

І тут разьвітае ўяўленьне адыграла злы жарт. У тое імгненьне настолькі жыва ўявіў, як іголка пранізвае губу, як брудная, зашмальцаваная нітка цягнецца скрозь раскрытую рану, расьпілоўваючы і... to be.

Сьцяпан Латыпаў».

На гэтым ліст абрываецца.

Што адбылося?

Жыхар «плошчы Перамен» Сьцяпан Латыпаў падчас суду над ім 1 чэрвеня ўторкнуў сабе ручку ў горла. Перад гэтым ён заявіў, што ГУБАЗіК пагражаў яму завесьці крымінальныя справы на ягоных сваякоў і суседзяў. Таксама яму пагражалі «прэс-хатай», дзе Латыпаў, зь ягоных словаў, урэшце правёў 51 дзень.

Хуткая завезла Сьцяпана ў шпіталь. Яму зрабілі апэрацыю. Па словах мэдыкаў, Сьцяпан апрытомнеў, стан стабільны, пагрозы жыцьцю няма, плянуецца яго далейшая шпіталізацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG