Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завялі справу супраць стваральніка праграмы, якая нібыта распазнавала  твары сілавікоў


Міністэрства ўнутраных спраў завяло крымінальную справу супроць 31-гадовага менчука, які падазраецца «ва ўмяшаньні ў дзейнасьць супрацоўнікаў МУС».

Пра гэта паведаміў ананімны супрацоўнік ГУБАЗіК МУС у ютубе, адзначыўшы, што падазраваны можа цяпер знаходзіцца ў ЗША.

«Устаноўлена, што мужчына ў верасьні летась на сваім ютуб-канале разьмясьціў відэаролік, у якім дэманстраваліся фатаздымкі і пэрсанальныя зьвесткі міліцыянтаў, якія спынялі масавыя беспарадкі і ахоўвалі правапарадак, — заявіў супрацоўнік ГУБАЗіК, сам з закрытым тварам і са зьмененым голасам. — Пры гэтым асобы супрацоўнікаў у балаклавах і масках вызначаліся нібыта пры дапамозе адмысловай праграмы. Высьветлілася, што насамрэч фігурант атрымаў усе зьвесткі ў дэструктыўных Тэлеграм-каналах і абнародаваў іх, выкарыстоўваючы мантаж».

У верасьні 2020 г. Свабода ўзяла інтэрвію ў Андрэя Максімава, беларускага айцішніка, які разам з камандай калегаў стварыў праект «вяртаньня твараў» на фота схаваных пад балаклавамі сілавікоў, што ўдзельнічалі ў разгоне акцый пратэстаў у Беларусі.

Максімаў сам прызнаваўся ў верасьні, што некаторыя прыклады дэананімізацыі, прыведзеныя ў ягоным нашумелым ютуб-роліку пра вызначэньне асобаў сілавікоў, — гэта ня вынік працы сыстэмы распазнаваньня, а проста запазычаньне з тэлеграм-каналу, альгарытм жа пакуль не гатовы.

«Мы не зьбіраліся так хутка паказваць свой праект, але з прычыны раптоўнай інаўгурацыі [Лукашэнкі] і эскаляцыі ўзроўню гвалту перад намі ўстаў няпросты выбар — і ён быў зроблены на карысьць таго, каб у сьпешным парадку прадэманстраваць тое, што ў нас ёсьць. Нам захацелася паставіць сілавікоў на ўлік — даць ім зразумець, што ўсе тэхналёгіі, якія патрэбны, каб іх ідэнтыфікаваць, існуюць, і што з часам іх поўная ідэнтыфікацыя непазьбежная», – сказаў ён тады.

  • Андрэй Максімаў — беларускі распрацоўнік гульняў, цяпер жыве ў Каліфорніі. Сваю кар'еру ён пачынаў 3D-мастаком у беларускім офісе Wargaming, а пасьля пераезду ў Лос-Анджэлес уладкаваўся ў кампанію Naughty Dog, дзе хутка вырас да арт-дырэктара і працаваў над Uncharted і The Last of Us — дзьвюма асноўнымі франшызамі кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG