Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 10 сутак ад затрыманьня фігуранты «справы Tut.by», якія знаходзяцца ў СІЗА, ня выйшлі на волю


Затрыманыя супрацоўнікі Tut.by.
Затрыманыя супрацоўнікі Tut.by.

Гэта значыць, што ім выстаўленыя абвінавачаньні і яны застануцца пад вартай, паведамляе тэлеграм-канал Tut.by.

Адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні. Ім забаронена паведамляць, па якім артыкуле падабаронным выстаўленыя абвінавачаньні і на які тэрмін абрана такая мера стрыманьня. Аднак, зыходзячы з практыкі, можна меркаваць, што на два месяцы.

Дачка Юліі Чарняўскай Яўгенія паведаміла ў фэйсбуку са спасылкай на адваката, што яе маме прад’явілі абвінавачаньне. Але адвакатцы нельга выдаваць ні артыкул, ні нейкія тэрміны.

Адвакатка спытала: «Дачка хвалюецца, якія можна перадаць падрабязнасьці?» — «Ніякіх», — адказалі ёй.

Абвінавачаньні выставілі таксама галоўнаму бухгальтару «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Анжэле Асад, а таксама мэнэджару праекту Tam.by Дар'і Данілавай.

Пра гэта паведаміў Tut.by. Дакладнай інфармацыі, якія менавіта абвінавачаньні выстаўленыя, няма, бо адвакаты ня могуць выдаваць гэтыя зьвесткі.

25 траўня Юлію Чарняўскую, удаву заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера, праваабаронцы прызналі палітычнай зьняволенай разам з астатнімі затрыманымі супрацоўнікамі парталу.

Гэта затрыманыя кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by, а таксама генэральны дырэктар Hoster.by: Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Сяргей Павалішаў, Дарʼя Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка.

Офіс рэдакцыі Tut.by 18 траўня быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ДФР паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

Агулам у справе Tut.by затрымалі 15 чалавек, яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ, СІЗА нумар 1 гораду Менску, у жодзінскай турме.

Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.

Сам сайт Tut.by заблякаваны на рашэньне Мінінфармацыі.

У Яўгеніі Чарняўскай, дачкі памерлага заснавальніка парталу Tut.by Юрыя Зісера і зьмешчанай пад хатні арышт Юліі Чарняўскай, арыштавалі беларускія банкаўскія рахункі.

Зьняволеныя ў справе Tut.by

Марына Золатава
Галоўная рэдактарка Tut.by.
Знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

Вольга Лойка
Галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку навін Tut.by.
У СІЗА на Валадарскага.

Алена Талкачова
Журналістка разьдзелу «Грошы і ўлада» Tut.by.
У СІЗА на Валадарскага.

Людміла Чэкіна
Генэральная дырэктарка Tut.by.
У СІЗА на Валадарскага.

Ала Лапатка
Галоўны інжынэр Tut.by.
У СІЗА на Валадарскага.

Аляксандар Дайнэка
Намесьнік генэральнага дырэктара Tut.by у тэхнічных пытаньнях.
У СІЗА КДБ.

Ірына Рыбалка
Намесьніца генэральнага дырэктара Tut.by у агульных пытаньнях.
У СІЗА на Валадарскага.

Анжэла Асад
Галоўны бухгальтар Tut.by.
У СІЗА КДБ.

Марыя Новік
Намесьнік галоўнага бухгальтара Tut.by.
У СІЗА на Валадарскага.

Кацярына Ткачэнка
Юрысконсульт Tut.by.
Пад хатнім арыштам.

Ірына Касьцючэнка
Экс-юрысконсульт Tut.by.
Пад хатнім арыштам.

Сяргей Павалішаў
Генэральны дырэктар hoster.by – гостынг-правайдэра і рэгістратара дамэнаў, які раней уваходзіў у холдынг Tut.by.
У СІЗА КДБ.

Дарʼя Данілава
Мэнэджар праекту Tam.by, які ўваходзіць у склад ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА».
У СІЗА КДБ.

Андрэй Аўдзееў
Мэнэджар Publisher Box — кампаніі, якая дапамагае беларускім сайтам зарабляць з дапамогай рэклямных сетак Яндэксу і Google.
У СІЗА КДБ.

Юлія Чарняўская
Удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера.
Пад хатнім арыштам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG