Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мама, не хвалюйся, я жывая». Палітзьняволеную Вольгу Класкоўскую месяц трымалі ў карцары


Вольга Класкоўская, архіўнае фота
Вольга Класкоўская, архіўнае фота

27 траўня ў гомельскай калёніі № 4 адвакат сустрэўся з палітзьняволенай Вольгай Класкоўскай, якая там адбывае пакараньне. Дагэтуль сустрэчу не дазвалялі, адвакат зьвяртаўся да адміністрацыі ўстановы пяць разоў. Толькі на шосты раз сустрэчу дазволілі.

Пра гэта паведаміла маці палітзьняволенай Людміла.

Пасьля таго як Вольга Класкоўская адмовілася шыць форму для сілавікоў на вытворчасьці ў калёніі, яе пазбавілі магчымасьці атрымліваць пасылкі, доўгі час сваякі ня мелі пра яе ніякай інфармацыі. Маці хвалявалася за здароўе зьняволенай дачкі.

У сваім лісьце ад 23 траўня Вольга паведаміла, што месяц яе трымалі ў карцары.

«Галоўнае, чаго мы чакалі і што адбылося, — яна напісала: „Мама, не хвалюйся, я жывая“. Гэта як крык адтуль: проста жывая, — кажа Людміла. — Дагэтуль ад 12 сакавіка не было аніякіх зьвестак, ні тэлефанаваньняў, ні лістоў».

Каб дамагчыся інфармацыі пра дачку, маці зьвярталася да начальніка калёніі, пісала запыты ва ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Гомельскай вобласьці.

«Я датэлефанавалася на прамую лінію да начальніка ўпраўленьня, ён размаўляў ветліва і пацьвердзіў, што будзе разьбірацца. Маё галоўнае пытаньне было: чаму да Вольгі не пускаюць адваката? Што зь ёй адбываецца? Ён пагадзіўся, што знаходжаньне ў карцары не зьяўляецца перашкодай для сустрэчы вязьня з адвакатам. Я папрасіла, каб правы Вольгі не парушалі і каб адвакат да яе трапіў. Ён мне гэта паабяцаў».

Сёньня адвакат сустрэўся з Вольгай Класкоўскай. Таксама Вользе дазволілі патэлефанаваць бацьку — Аляксандру Класкоўскаму.

Пра што Вольга піша ў лісьце да маці?

Людміла кажа, што яна ў шоку ад таго, што даведалася зь ліста.

«Мамачка, сёньня (ліст датаваны 23 траўня. — РС) зьявілася магчымасьць табе напісаць, бо 30 сутак я правяла ў ШЫЗА, з 22 красавіка па 22 траўня. Вызвалілася ўчора позна ўвечары, і адтуль адразу мяне перавялі ў мэдсанчастку», — піша Вольга.

Першыя 10 сутак карцару Вользе далі за адмову шыць форму для сілавікоў. Наступныя 10 сутак — нібыта за тое, што яна не была ветлівая з прадстаўнікамі адміністрацыі падчас камісіі па пакараньні. І яшчэ 10 сутак ёй далі за тое, што яна, маўляў, не па форме назвалася. Прычым давалі гэтыя суткі адны за аднымі.

«Мамачка, умовы там жахлівыя, вельмі холадна, бо гэта падвальнае памяшканьне. Панчохі забралі, ногі аголеныя, выдаюць толькі форму, пінжак і спадніцу, і ты ўвесь час трасесься ад холаду. Рукі і ногі ўвесь час у мяне былі сіняга колеру і нос, як ільдзінка, сіні. На голай дошцы цалкам, без пасьцельнай бялізны і падушак, без матраца і коўдры, — піша Вольга. — Пад’ём а 5 гадзіне раніцы, і адразу цябе прыстаўляюць да сьцяны, у цябе ёсьць магчымасьць толькі хадзіць па камэры ці сядзець на халоднай падлозе. Цэмэнт і зьверху прыбітыя дошкі. Страшна холадна, шпацыры забароненыя, 30 сутак я была бязь сьвежага паветра і сонца».

Вользе цягам месяца не перадавалі лісты і тэлеграмы, па частках пачалі перадаваць толькі пасьля карцару.

«Забаронена было ўсё, нават грабеньчык мець у камэры. Уяўляеш, што гэта такое, месяц не расчэсваць валасы. Сапраўднае катаваньне, і фізычнага пляну, і псыхалягічнага. Грабеньчык далі толькі адзін раз пасьля душу і адразу забралі, — піша Вольга. — Ад страшэннага холаду ў мяне з вачэй часта цяклі сьлёзы. Мамачка, ня ведаю, ці хопіць у мяне цэлага жыцьця, каб адагрэцца».

У карцары Вользе не выдавалі кнігі і пэрыядычныя выданьні. Можна было мець у камэры толькі зубную шчотку, пасту, мыла, туалетную паперу і ручнік. Атаварвацца было таксама нельга.

«Я ня ведаю, хто прыдумаў такія страшэнныя ўмовы для людзей, але гэта сапраўдны садызм і катаваньні сярэднявечча. Так не павінна быць у эўрапейскай краіне 21-га стагодзьдзя, — піша Вольга. — Што мяне яшчэ ўразіла, што начальнік санчасткі ўвесь час даваў згоду на маё зьмяшчэньне ў ШЫЗА. Маўляў, проціпаказаньняў па здароўі для знаходжаньня ў ШЫЗА няма. І гэта кажа чалавек у белым халаце».

Вольга прымае ў дзень па 24 таблеткі, і гэта сьведчыць пра стан здароўя, кажа маці.

«Калі мяне закрывалі ў ШЫЗА, у мяне быў крывацёк, але ім было ўсё роўна. Прыносілі туды абязбольвальныя, гармоны, і ўсё на гэтым. Мама, калі б не твае таблеткі, я ня ведаю, што было б са мной. Плюс, я перанесла ў ШЫЗА гіпэртанічны крыз і некалькі прыступаў удушша, моцна ацяклі ногі і рукі, як шары. Дагэтуль ацёкі не сышлі, таму не зьвяртай увагі на почырк, дрэнна пішу».

З прычыны боляў у жываце Вольгу выводзілі ў санчастку, там дыягнаставалі запаленьне сьпіны, сказалі, што гэта такі від радыкуліту, які аддае болямі ў жывот. Ёй выпісалі лекі і зноў зьмясьцілі ў карцар.

«Я не магу сказаць, што я здаровая, але я трымаюся», — піша Вольга.

Як прайшла сустрэча з адвакатам?

Адвакат трапіў да Вольгі Класкоўскай з шостай спробы, сустрэча цягнулася каля гадзіны. Паводле адваката, Вольга выглядае слабой, у яе сінякі пад вачыма, але ўсьміхаецца, у яе моцны характар. Папрасіла, каб маці пераслала лекі. Да ўсіх хваробаў у яе дадаліся радыкуліт і вянозная недастатковасьць (пад пытальнікам), патрабуецца агляд хірурга, ацякаюць ногі і ступні.

У калёніі Вользе прымацавалі жоўтую бірку, што азначае схільнасьць да экстрэмізму. Стаўленьне асуджаных адчуваецца, яны перастаюць зь ёй мець зносіны, але яна ўжо прызвычаілася.

«Яна прасіла ўсім перадаць прывітаньне і вельмі распытвала пра сытуацыю ў краіне, бо абсалютна нічога ня ведае, — кажа Людміла. — Яна размаўляла праз тэлефон з бацькам і распытвала, што адбываецца. Сярод іншага, ён расказаў ёй пра Вітольда Ашурка. Ён папрасіў, каб яна была больш сьвядомая ў тым сэнсе, што такія карцары і жудасныя ўмовы трэба неяк выключаць, бо гэты адзіночны бунт ні да чога не прывядзе. Нам яна патрэбная тут жывая і здаровая. Яе чакаюць бацькі і дачка».

Людміла зьбіраецца пагутарыць з начальнікам мэдсанчасткі калёніі і выслаць дачцэ неабходныя лекі. Пасылка, якую яна раней пасылала, вярнулася, перадаць Вользе яе не дазволілі. Наступную можна будзе паслаць толькі ў ліпені.

«Я схіляю сваю галаву перад памяцьцю Вітольда Ашурка, сьветлага чалавека, якога загубіла гэтая злачынная сыстэма. Я плачу па гэтым хлопчыку, які скінуўся. Я схіляю галаву і хачу папрасіць прабачэньня за нас, людзей сталага ўзросту. Як піша паэт, „Прости меня, мальчик веселый, Совёнок замученный мой!“. Няхай ён нас выбачыць. Ня трэба пакідаць людзей у гэтай бядзе, — кажа Людміла. — Гэта трэба так сірату давесьці! Нічога, дажывём, адсьвяткуем новую раніцу нашай краіны».

У чым зьвінавацілі Вольгу?

Былую журналістку «Народнай Волі» Вольгу Класкоўскую асудзілі за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» — меўся на ўвазе інцыдэнт у менскім раёне Серабранка. Пры затрыманьні яе моцна зьбілі, а затым забралі ў турму зь лякарні. Судзьдзя Марына Запасьнік ніяк не ўлічыла гэтага пры вынясеньні прысуду, прысудзіўшы жанчыне 2 гады зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG