Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылі мэмарыяльную дошку Васілю Вітку. Ягоная ўнучка — пад хатнім арыштам


Васіль Вітка
Васіль Вітка

Унучка славутага беларускага дзіцячага пісьменьніка Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам, на сям’ю чыняць ціск, аднак гэта ня стала падставай адкласьці адкрыцьцё.

Мэмарыяльная дошка ў гонар Васіля Віткі зьявілася на вуліцы Карла Маркса ў Менску. Знак адкрылі на доме нумар 36, дзе некалькі дзесяцігодзьдзяў жыў і працаваў пісьменьнік. Менавіта там нарадзіліся яго вядомыя творы «Бусьлінае лета», «Азбука Васі Вясёлкіна», шматлікія пераклады і іншыя творы, паведаміла радыё «Культура».

Над шыльдай працаваў скульптар Аляксандар Шапо, які стварыў яе паводле эскізу вядомага мастака Арлена Кашкурэвіча. Адкрыцьцё памятнага знаку прымеркавалі да юбілейнай даты — 16 траўня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэньня літаратара.

Першая намесьніца старшыні дзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алена Стэльмах расказала, што ў арганізацыі вельмі радыя таму, што задума адбылася пры падтрымцы Менгарвыканкаму. Дошку адкрываў таксама старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі СПБ Міхась Пазьнякоў.

«Радуемся таму, што ўслаўляем літаратара, услаўляем чалавека, які вельмі важны для нас, беларусаў, як наша нацыянальная годнасьць», — сказала Стэльмах.

Аднак стварэньне мэмарыяльнай дошкі ініцыявалі не дзяржаўныя чыноўнікі, а нашчадкі Васіля Віткі. У прыватнасьці, фундатарам выступіла родная ўнучка пісьменьніка, культуроляг і драматург Юлія Чарняўская, якая ад 18 траўня знаходзіцца пад хатнім арыштам у «справе Tut.by». Яе, як і іншых фігурантаў гэтай крымінальнай справы, прызналі палітзьняволенай.

Аднак вымушаная адсутнасьць унучкі пісьменьніка, блякаваньне беларускіх рахункаў праўнучкі Віткі Яўгеніі ня сталі падставай для пераносу адкрыцьця шыльды.

Васіль Вітка (Цімох Крысько) быў першым рэдактарам часопіса «Вясёлка», дзе шмат друкаваў былых ахвяраў сталінскай сыстэмы: Станіслава Пятровіча Шушкевіча, Уладзімера Дубоўку, Алеся Пальчэўскага, Сяргея Грахоўскага. Вітка — клясык беларускай дзіцячай літаратуры, аўтар выдатных твораў «Вавёрчына гора», «Генэрал верабей». Унучка пісьменьніка Юлія Чарняўская прыгадвала, што дзед пачаў складаць вершы для дзяцей, бо пры таталітарызьме ў гэтым жанры адчуваў сябе найбольш свабодным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG