Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень гібелі Генрыка Дмахоўскага


Генрык Дмахоўскі
Генрык Дмахоўскі

Падзеі 26 траўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

25 траўня 1863 году быў забіты Генрык Дмахоўскі, скульптар, палітэмігрант, удзельнік вызвольных паўстаньняў 1831 і 1863–1864 гадоў.

На сустрэчы з чытачамі прыйшло нечаканае пытаньне: «У якога гістарычнага героя вы хацелі б пераўвасобіцца, каб пражыць ягонае жыцьцё?» Я паспрабаваў адказаць жартам, ды аўтар настойваў, і зь сьвядомасьці выплыла імя — Генрык Дмахоўскі.

Упершыню я ўведаў яго, як гэта ні дзіўна, у 1990-я гады ў Кангрэсе ЗША, куды, дарэчы, мог безь вялікіх праблемаў трапіць тады любы турыст. Спадарожнік, амэрыканскі беларус Васіль Мельяновіч, зьвярнуў маю ўвагу на тое, што бюсты Касьцюшкі, як і прэзыдэнтаў Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэфэрсана, а таксама аднаго зь лідэраў вайны за незалежнасьць Злучаных Штатаў Бэнджаміна Франкліна, стварыў для Кангрэсу беларус Дмахоўскі.

У юнацтве Генрык вывучаў у Віленскім унівэрсытэце юрыспрудэнцыю й адначасова браў урокі маляваньня і скульптуры. Жывучы пасьля паўстаньня 1831 году ў Парыжы, ён не зьбіраўся супакойвацца : зьвязаўся з карбанарыямі, падтрымаў ідэю свайго колішняга паўстанцкага камандзіра Юзафа Заліўскага вярнуцца ў Беларусь і зноў распаліць агонь змаганьня.

На шляху да мэты Генрык мусіў зрабіць сямігадовы прыпынак у турме-фартэцы Куфштайн у Тыролі. У камэры ляпіў з хлебу розныя фігуркі. Потым Генрык адшліхтуе свой талент у мастацкай вучэльні ў Парыжы, будзе ўдзельнічаць там у стварэньні саркафагу Напалеона. (Пасьля Плошчы-2006 мой сын Багдан, узгадаўшы аднаго з бацькавых герояў, зьлепіць у менскай турме з хлебнага мякішу зграбныя шахматы.)

Праз колькі гадоў такая асоба, як Дмахоўскі, у Эўропе зьнікае. Затое ў ЗША зьяўляецца скульптар Гэнры Сандэрз, геній якога нараджае бюсты прэзыдэнтаў, скульптурную групу «Гарыбальдзі з ваярамі», бюст Лаяша Кошута. Чалавек з такімі сымпатыямі ня мог не вярнуцца на радзіму, адкуль даходзілі зьвесткі пра падрыхтоўку новага паўстаньня.

У 1861-м ён зноў ступіў на віленскі брук, адчыніў насупраць катэдры скульптурнае атэлье, а ў 1863-м быў прызначаны камісарам Дзісенскага павету.

У траўні на ягоны аддзел зьнячэўку напалі карнікі. «Дмахоўскі васьмю кулямі прашыты — упаў на рукі моладзі», — пісаў у сваім лісьце адзін з паўстанцаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 60-61.

Таксама ў гэты дзень

1865 — капітуляцыя апошніх частак арміі Поўдня пад кіраўніцтвам генэрала Сьміта, канец Грамадзянскай вайны ў ЗША.

Грамадзянская вайна ў ЗША
Грамадзянская вайна ў ЗША

1926 — пачатак дзейнасьці ў БССР літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша».

Літаратурнае аб'яднаньне «Ўзвышша». Першы рад: Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Чорны, З.Бядуля, К.Крапіва. Другі рад: М.Лужанін, С.Дарожны, А.Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка.
Літаратурнае аб'яднаньне «Ўзвышша». Першы рад: Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Чорны, З.Бядуля, К.Крапіва. Другі рад: М.Лужанін, С.Дарожны, А.Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка.

1991 — у Грузіі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх атрымаў перамогу Зьвіяд Гамсахурдыя.

Зьвіяд Гамсахурдыя
Зьвіяд Гамсахурдыя

1991 — у Менску ўтварылася Міжнародная асацыяцыя беларусістаў.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні з Ізраілем.

1996 — адбылася цырымонія зьняцьця мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй.

Цырымонія ліквідацыі мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй. Расейскі прэм'ер Віктар Чарнамырдзін і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, 26 траўня 1995
Цырымонія ліквідацыі мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй. Расейскі прэм'ер Віктар Чарнамырдзін і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, 26 траўня 1995

У гэты дзень нарадзіліся

1265 — Дантэ Аліг’еры, флярэнтыйскі паэт, адзін з заснавальнікаў літаратурнай італьянскай мовы, аўтар знакамітай «Боскай Камэдыі», багаслоў, палітычны дзеяч.

1909 — Часлаў Ханяўка, беларускі грамадзкі дзеяч.

1926 — Ільля Курган, беларускі актор, дыктар радыё, пэдагог, заслужаны артыст Беларусі.

У памяці

1876 — Францішак Палацкі, чэскі гісторык, заснавальнік чэскага нацыяналізму.

Надпіс на помніку Палацкаму ў Празе: Свайму абуджальніку і правадыру ўваскрослы народ
Надпіс на помніку Палацкаму ў Празе: Свайму абуджальніку і правадыру ўваскрослы народ

1976 — Марцін Гайдэгер, нямецкі філёзаф.

1977 — Янка Пачопка, беларускі паэт і фальклярыст.

2017 — Зьбігнеў Бжазінскі, амэрыканскі палітоляг, сацыёляг і дзяржаўны дзеяч польскага паходжаньня.

Зьбігнеў Бжазінскі
Зьбігнеў Бжазінскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG