Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плаціць не зьбіраюся». Бабруйчанку праз 9 месяцаў аштрафавалі за пратэст супраць гвалту


Данута Чыгір (у квяцістай сукні, зьлева) на пратэставай акцыі ў Бабруйску
Данута Чыгір (у квяцістай сукні, зьлева) на пратэставай акцыі ў Бабруйску

Справу разглядалі без абвінавачанай, бо яна зь сям’ёй зьехала ад перасьледу за мяжу.

Паводле пастановы Бабруйскага суду, Данута Чыгір удзельнічала 6 верасьня 2020 году ў несанкцыянаваным шэсьці. Судзьдзя Ганна Асіпенка аштрафавала яе на 870 рублёў. Сьведкам на працэсе быў начальнік аддзяленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі палкоўнік Сяргей Рудзько.

Данута Чыгір з мужам Аляксандрам
Данута Чыгір з мужам Аляксандрам

Данута Чыгір — жонка былога дэпутата Бабруйскага гарсавету Аляксандра Чыгіра, які пасьля выбараў двойчы трапляў у мясцовы ізалятар. 10 жніўня сілавікі яго зьбілі ў аптэцы, дзе працавала Данута. Туды яны ўварваліся, бо Аляксандар фатаграфаваў затрыманьне маладога чалавека. Дануту, якая бараніла мужа, ударылі дручком па галаве, нагах ды трымалі падвешанай з вывернутымі назад рукамі. Жанчына пазьней зьняла пабоі і паскардзілася ў Сьледчы камітэт.

Яна кажа, што 11 верасьня ў аптэку заявіліся «трое мужчын спартовага целаскладу», гэтым разам па яе. Калі муж прыбег ратаваць, то забралі яго. Ёй жа паабяцалі суд за зьнявагу, але неўзабаве прынесьлі позву. У міліцыі склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. 1 кастрычніка суд адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку.

Пабоі пасьля таго, як міліцыя прыйшла ў аптэку да Дануты Чыгір
Пабоі пасьля таго, як міліцыя прыйшла ў аптэку да Дануты Чыгір

У сярэдзіне кастрычніка пасьля гутаркі з супрацоўнікам Сьледчага камітэту сям’я Чыгіроў вырашыла зьехаць. Данута спадзявалася, што ад сьледчага даведаецца пра расьсьледаваньне гвалту ў аптэцы, але яго цікавіла, колькі разоў яна з мужам выяжджала за мяжу, якіх палітыкаў ведае і зь якімі сустракаліся, а таксама ці давалі ім грошы.

Аб пакараньні Данута Чыгір даведалася з пастановы, якую даслалі ёй праз вайбэр. Адміністрацыйную справу разгледзелі 14 траўня. Жанчына не хавае, што ўдзельнічала ў пратэстах, бо была ня згодная з вынікамі выбараў і патрабавала разам зь іншымі дэманстрантамі пакараць вінаватых за гвалт. Плаціць штраф не зьбіраецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG