Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень нараджэньня папы Яна Паўла II


Помнік Яну Паўлу ІІ у Магілёве
Помнік Яну Паўлу ІІ у Магілёве

Падзеі 18 траўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

18 траўня 2016 году памёр Алег Аблажэй, мастак, пісьменьнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Алег Аблажэй
Алег Аблажэй

Героі раману Рычарда Гавяліса «Віленскі покер», культавай кнігі сучаснай літоўскай літаратуры, ня раз спрачаюцца, чыёй жа насамрэч была Вільня: літоўскай, польскай, габрэйскай? Мы можам упэўнена працягнуць гэты пералік.

Адным з твараў беларускай Вільні для мяне назаўсёды застанецца Алег Аблажэй — мудры мастак, пісьменьнік-інтэлектуал, змагар за незалежнасьць Літвы, узнагароджаны мэдалём за гераізм у падзеях 13 студзеня 1991 году каля тэлевежы.

Мы зь ім пазнаёміліся на паўтара года раней на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ на Туравай гары, тамсама, у Вільні. Ён быў асобаю ўжо вядомай, ня толькі як творца, але і як прыхільнік дэмакратычнага руху «Саюдзіс», сябра Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Алег уразіў шляхетнымі паводзінамі, удумлівасьцю, і — нечакана — нейкай незразумелай чуйнай насьцярожанасьцю. Пазьней агульныя прыяцелі распавялі, што апошняя якасьць перадалася ад бацькі. Таго ў вайну аднавяскоўцы абралі старастам, і потым ён, ратуючыся ад турмы і лягераў, да самай сьмерці Сталіна хаваўся на гарышчы сваёй хаты.

Аблажэя, аднаго з кіраўнікоў суполкі краінаў Балтыі «Маю гонар», лічылі майстрам-віртуозам графікі і цікавым жывапісцам. Ён праілюстраваў шмат кніжак для віленскіх, менскіх, варшаўскіх, маскоўскіх выдавецтваў. Неспадзяванкай сталася менская выстава Алегавай сэрыі плякатаў «Шэсьць аргумэнтаў супроць сьмяротнага пакараньня». Аўтар і сам быў уражаны: «Прывык маляваць цмокаў з каралеўнамі, а тут такая цяжкая тэма. Але думаў пра заўтрашні дзень Беларусі».

На пачатку 1990-х Алег разам з жонкаю, таксама мастачкай і беларускай патрыёткаю Крысьцінай Балаховіч набылі жытло ў віленскім прадмесьці. Літва яшчэ не пасьпела прыняць усіх неабходных пастановаў ды правілаў, і па інэрцыі дзейнічалі некаторыя выдадзеныя яшчэ для ўсёй савецкай імпэрыі. З атрыманых дакумэнтаў гаспадары даведаліся, што на прысядзібным участку яны маюць права трымаць адну карову, або аднаго каня, або аднаго... вярблюда. Гэтую жывёліну, якую Алег часта і весела згадваў у размовах, ён не завёў, але, магчыма, віртуальны вярблюд істотна паўплываў на тое, што мастак стаў яшчэ і літаратарам-казачнікам.

Аблажэй выдаваў казкі па-беларуску і па-польску. Беларуская казачная кніга, што сагрэла цяжка хворага аўтара за колькі месяцаў да сыходу, мела, як мне ўяўляецца, у нейкім сэнсе аўтабіяграфічную назву — «Красамоўнае сэрца».

Для дарослых чытачоў ён пісаў публіцыстычныя артыкулы і фэльетоны, апавяданьні і афарызмы. Друкаваўся ў «Нашай Ніве», у менскай «Свабодзе» і віленскай «Руні». Некалькі запісаў Алега, прачытаных у часопісе «Дзеяслоў», выплываюць імгненна: «Паэт — вольная птушка, зьняволеная ў клетцы сваёй мовы». «Нельга двойчы ўвайсьці на той самы Майдан». «З героямі найлепш мець справу тады, калі яны ўжо ў бронзе».

Мне добра было мець зь ім справу заўсёды.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 692-693.

Таксама ў гэты дзень

1906 — у Пецярбургу заснаваная беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (існавала да 1914).

1924 — у Вільні пачала выходзіць газэта «Сын беларуса», якая публікавала выступы беларускіх дэпутатаў у польскім сойме.

1944 — пачалася дэпартацыя крымскіх татараў з Крыму ў Сярэднюю Азію.

1954 — уступіла ў сілу Эўрапейская канвэнцыя аб правах чалавека.

1998 — тысячы студэнтаў занялі будынак парлямэнту Інданэзіі ў Джакарце, што прывяло да падзеньня 30-гадовага рэжыму Сухарта.

У гэты дзень нарадзіліся

1048 — Амар Хаям, выбітны пэрсыдзкі й таджыцкі паэт, тэоляг і навуковец.

1872 — Бэртран Расэл, брытанскі філёзаф, матэматык і грамадзкі дзеяч.

1920 — Караль Юзэф Вайтыла, вядомы як рымскі папа Ян Павал II.

Папа Ян Павал ІІ
Папа Ян Павал ІІ

1929 — Алег Табола, праваабаронца, удзельнік паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Кансьпірацыйныя сустрэчы, прысяга перад нацыянальнымі сымбалямі, аб’яднаньне з аднадумцамі з пастаўскай групы «За Беларусь» — усё гэта адпрэчвала безнадзейнасьць і напаўняла жыцьцё сэнсам. Але ў арганізацыі ўжо дзейнічаў правакатар Алег Стахоўскі. У лютым 1947-га пачаліся арышты, допыты з выкарыстаньнем сэансаў гіпнозу, катаваньні.

Табола быў асуджаны на восем гадоў лягераў і пяць гадоў пазбаўленьня грамадзянскіх правоў. Пасьля вызваленьня ён здолеў вярнуцца ў Беларусь, дачакаўся рэабілітацыі й стаў адным з герояў прысьвечанай Саюзу беларускіх патрыётаў кнігі «Гарт», выдадзенай у 1990-я Архівам найноўшай гісторыі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 502-503.

1940 — Ян Чыквін, беларускі паэт, які жыве ў Польшчы.

Ян Чыквін
Ян Чыквін

1938 — Міхаіл Казінец, беларускі дырыжор.

1958 — Ян Максімюк, беларускі перакладчык і журналіст.

Ян Максімюк
Ян Максімюк

1972 — Аляксандар Кулінковіч, беларускі рок-музыка, лідэр гурту Neuro Dubel.

Аляксандар Кулінковіч, канцэрт гурту Neuro Dubel, Менск, 2016
Аляксандар Кулінковіч, канцэрт гурту Neuro Dubel, Менск, 2016

У памяці

1800 — Аляксандар Сувораў, расейскі палкаводзец. Удзельнічаў у падаўленьні паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, за што атрымаў званьне фэльдмаршала.

1910 — Эліза Ажэшка, польска-беларуская пісьменьніца.

Эліза Ажэшка
Эліза Ажэшка

1911 — Густаў Малер, аўстрыйскі кампазытар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG