Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці мітрапаліта Мэльхісэдэка, міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй


Мітрапаліт Мэльхісэдэк
Мітрапаліт Мэльхісэдэк

Падзеі 17 траўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

17 траўня 1931 году памёр мітрапаліт Менскі і Беларускі Беларускай праваслаўнай царквы Мэльхісэдэк (ад нараджэньня Міхаіл Паеўскі).

Мне выпала быць крыху знаёмым зь некалькімі полацкімі япіскапамі. Адзін пры сустрэчы заўсёды сварыўся на дэмакратаў: «Какую страну развалили!» Другі, выступаючы ў бібліятэках, не рэкамэндаваў чытаць Рыгора Барадуліна («униат») і Васіля Быкава («занял неправильную позицию»). Трэці часта хадзіў у вайсковым галіфэ і прынцыпова ніколі не сказаў і трох беларускіх словаў.

Я рытарычна пытаюся ў сябе: ці было б такое магчыма ў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве, прыхільнікам стварэньня якой быў мітрапаліт Мэльхісэдэк? (Яго старазапаветнае, атрыманае пры пострыгу ў манахі, імя азначае «цар праўды».)

У дваццаць восем гадоў яму ўручылі жазло ігумена Магілеўскага брацкага манастыра. У 1919-м ён заняў пасаду япіскапа Менскага і Тураўскага. Баронячы правы праваслаўных, у занятым палякамі Менску ўладыка Мэльхісэдэк дамогся сустрэчы з кiраўнiком адноўленай Польскай дзяржавы Юзафам Пілсудзкім, у размове зь якім, дарэчы, адхіліў прапанову ўзначаліць Польскую аўтакефальную праваслаўную царкву.

Абраны ў 1922 годзе мітрапалітам Менскім і Беларускім, ён зьвярнуўся да сьвятароў і вернікаў з пасланьнем, дзе ўтварэньне БССР назваў падставаю для аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквы, што ў пэрспэктыве павінна было прывесьці да яе аўтакефаліі. Апрача таго, беларускі ярарх адкрыта заявіў пра падтрымку нацыянальнага Адраджэньня і неабходнасьць увесьці ў набажэнствы беларускую мову.

Ці трэба зьдзіўляцца, што неўзабаве ён апынуўся пад хатнім арыштам? Мэльхісэдэк адмовіўся ад усялякіх кантактаў з створанай пад патранатам бальшавікоў гэтак званай «абнаўленцкай царквой». Улады адказалі антыцаркоўным судовым працэсам, які, зрэшты, набыў непажаданы для ініцыятараў характар. Справу спусьцілі на тармазах, і мітрапа літу прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Радасьць ягоных прыхільнікаў была нядоўгая. Мэльхісэдэка выклікалі ў Маскву і кінулі ў сумназнакамітую Бутырку, адкуль адправілі на пасяленьне ў Марыінск. У сібірскія маразы хворы на сухоты ўладыка мусіў карміць сьвіней і выкідаць з хлявоў гной. Пасьля вызваленьня ён імкнуўся вярнуцца ў Беларусь, але ў выніку зноў і зноў трапляў за краты. Неўзабаве яго напаткала загадкавая сьмерць падчас набажэнства ў адным з маскоўскіх сабораў.

Ужо даўно гучаць прапановы пра далучэньне Мэльхісэдэка да беларускіх сьвятых. Адпаведны зварот да Сыноду Беларускай праваслаўнай царквы прагучаў і ў прысьвечанай уладыку кнізе Тацяны Процькі «Пакутнік за веру і Бацькаўшчыну». Кніга выйшла ў 1996-м.

Сынод дагэтуль думае.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 134-135.

Таксама ў гэты дзень

1838 — ураджэнец Беларусі Ігнат Дамейка ўпершыню ступіў на чылійскую зямлю. Там ён стаў навукоўцам з сусьветным імем і нацыянальным героем Чылі.

Ігнат Дамейка
Ігнат Дамейка

1919 — у Расеі абвясьцілі нацыяналізацыю царкоўнай і манастырскай маёмасьці.

1933 — у нацысцкай Нямеччыне забаранілі страйкі.

1960 — у Менску ў новым будынку пачаў працаваць літаратурны музэй Янкі Купалы.

1985 — апублікаваная пастанова ЦК КПСС «Аб мерах па пераадоленьні п’янства і алькагалізму», якой распачалася антыалькагольная кампанія ў СССР.

1990 — Сусьветная арганізацыя здароўя прыбрала гомасэксуальнасьць са сьпісу псыхічных захворваньняў.

У гэты дзень нарадзіліся

1681 — Ян Мікалай Радзівіл, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

1950 — Валерыя Навадворская, ураджэнка Баранавічаў, расейская палітычная дзяячка, дысыдэнтка, журналістка, заснавальніца і старшыня лібэральнай партыі «Дэмакратычны саюз».

Валерыя Навадворская
Валерыя Навадворская

1952 — Анатоль Красоўскі, беларускі бізнэсовец, 16 верасьня 1999 году разам зь Віктарам Ганчаром быў выкрадзены, ягонае цела не было знойдзенае. Паводле паказаньняў Юрыя Гараўскага, былога байца спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі, Красоўскі разам з Ганчаром быў забіты байцамі гэтага падразьдзяленьня.

Анатоль Красоўскі, архіўны здымак
Анатоль Красоўскі, архіўны здымак

1970 — Анжаліка Агурбаш, беларуская сьпявачка, акторка, тэлевядучая.

Анжаліка Агурбаш
Анжаліка Агурбаш

У памяці

1510 — Сандра Батычэльлі, італьянскі мастак.

1934 — Міхаіл Кахановіч, беларускі палітычны дзеяч, пэдагог, рэдактар, публіцыст (расстраляны НКВД).

Міхаіл Кахановіч
Міхаіл Кахановіч

1934 — Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст (расстраляны НКВД).

2014 — Зьміцер Сідаровіч, музыка, фальклярыст, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Зьміцер Сідаровіч
Зьміцер Сідаровіч

Зьмітра вабілі Сярэднявечча, Вялікае Княства Літоўскае, вольны дух рыцарства. Разам з такімі ж маладымі музыкамі Ігарам Войнічам, Валянцінам Агеевым і Алесем Кішкіным, які захапляўся Толкінам, што было якраз у тэму, Зьміцер і стварыў «Камэлот».

Яны гралі выключна акустычную музыку — на гітарах, флейтах, бубнах, віялянчэлі, скрыпках, клявэсыне, дудзе, чэлесьце... Заплюшчыўшы на канцэрце вочы, можна было ўявіць, што ты ў віленскім вялікакняскім палацы Жыгімонта Аўгуста.

«Камэлот» выпусьціў усяго адзін альбом «У Краіне талераў», затое песьні зь яго хутка пачалі ўспрымацца як сучасныя апрацоўкі старадаўніх народных, створаных у асяродзьдзі жаўнераў або месьцічаў — «Грай, дудар!», «А дзе ж тыя ваяры?», «Ясна панна мая».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с.662-663.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG