Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў, якія асьвятлялі працэс Севярынца і «Эўрапейскай Беларусі», адправілі ў ізалятар да суду


Перад будынкам суду, дзе адбываецца працэс, 12 траўня 2021
Перад будынкам суду, дзе адбываецца працэс, 12 траўня 2021

Уладзімера Лапцэвіча з інтэрнэт-выданьня «6 tv.by Магілёўскі рэгіён» ды Аляксандра Буракова, журналіста Deutsche Welle, вінавацяць у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, учыненым паўторна цягам году (ч.3 арт. 24.23 КаАП).

Пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні склалі на іх у Ленінскім аддзеле міліцыі. Затрыманых адправілі ў ІЧУ да суду.

Лапцэвіча і Буракова затрымалі непадалёк ад Магілёўскага абласнога суду, дзе пачаўся працэс сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь»: Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага Андрэя Войніча ды блогеркі Ірыны Шчаснай. Трапіць на працэс родныя абвінавачаных і журналісты не змаглі, бо судзьдзя Ірына Ланчава пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме.

Супрацоўнікі міліцыі загадалі групе падтрымкі падсудных пакінуць пляцоўку перад будынкам суду, іначай, пагражалі яны, іхную прысутнасьць расцэняць як несанкцыянаванае мерапрыемства. Калі людзі разышліся, журналістам «прапанавалі» прайсьці ў аўтобус зь сілавікамі. Некалькі гадзін іх трымалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі. Пратаколы складалі ў прысутнасьці адвакатаў.

З журналістамі быў затрыманы рэгіянальны каардынатар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў. Пра ягоны лёс зьвестак няма. Праваабаронцы дапускаюць, што яго таксама адправілі ў ізалятар да суду.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG