Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters, дадаючы, што абстрэл быў, відаць, рэакцыяй руху на раненьне больш за 300 палестынцаў у сутыкненьнях з паліцыяй Ізраілю каля мячэці Аль-Акса ў Ерусаліме.
Пазьней агенцтва Associated Press паведаміла, што Ізраіль у адказ нанес ракетны ўдар па Сэктары Газы. Паводле палестынскіх уладаў, загінулі як найменей 20 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей.
Беспарадкі ва ўсходнім Ерусаліме працягваюцца з 7 траўня. За тры дні, паводле зьвестак ад лекараў і праваахоўных структур, пацярпелі больш за тры сотні палестынцаў і больш за 20 ізраільскіх паліцыянтаў. Сілы правапарадку ўжывалі сьлезацечны газ і сьветлашумавыя гранаты — у адказ на камяні і іншыя прадметы, якія ляцелі ў іх бок.
Сутыкненьні зьвязваюць з судовымі слуханьнямі паводле даўняй скаргі, зь якой зьвярнуліся некалькі палестынскіх сем’яў. Больш за 70 чалавек незадаволеныя распараджэньнем уладаў выселіць іх з займаных дамоў на карысьць ізраільскіх пасяленцаў. Першапачаткова слуханьні плянаваліся на 10 траўня, але паводле рашэньня генпракурора Ізраілю іх адклалі.