Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьне ў прамым этэры і за назіраньне ў бінокль. Хронікі перасьледу 9 траўня


У час дзяржаўнага сьвяткаваньня на Сьвіслачы ў цэнтры Менску
У час дзяржаўнага сьвяткаваньня на Сьвіслачы ў цэнтры Менску

Самае незвычайнае затрыманьне адбылося ў Докшыцах — там мужчыну схапілі сілавікі за назіраньне ў бінокль за плошчай, на якой ускладаліся кветкі.

У Беларусі 9 траўня адзначаецца дзяржаўнае сьвята — Дзень Перамогі. У гэты дзень у розных гарадах краіны адбыліся затрыманьні, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

На плошчы Перамогі ў Менску затрымалі грамадзкую актывістку Галіну Лагацкую, якую даставілі ў Першамайскі РУУС. Хутчэй за ўсё гэта прэвэнтыўнае затрыманьне, паведамляе тэлеграм-канал «Белсату».

Чытачы Tut.by паведамілі пра затрыманьне каля плошчы Перамогі хлопца і дзяўчыны, імёны якіх на дадзены момант невядомыя. У пары быў букет чырвона-цытрынавых гвазьдзікоў, перавязаны чырвона-белымі стужкамі.

У Докшыцах на плошчы Івана Палявога затрымалі чалавека зь біноклем, які стаяў наводдаль, калі на самой плошчы праходзіла цырымонія ўскладаньня кветак, інфармуе «Наша Ніва».

У Віцебску на мясцовай плошчы Перамогі затрымалі Ангеліну Туравец і Руслана Яневіча.

У Бабруйску раніцай за «прапаганду нацысцкай сымболікі» затрымалі журналіста Ўладзімера Рэпіка. Ён распавёў, што ператрус у ягонай кватэры не праводзілі, а са слоў участковага, суд адбудзецца 10 траўня.

У Гомлі ў час сьвяткаваньня Дня перамогі ў прамым этэры затрымалі блогера Юрыя Ганцэвіча, фэрмэра, які ў 2020 плянаваў балятавацца ў прэзыдэнты. 9 траўня ён спрабаваў прайсьці на плошчу Леніна для ўдзелу ў сьвяткаваньні. Міліцыя на ўваходзе старанна надглядала ўсіх удзельнікаў. Ганцэвічу заявілі, што нельга праносіць фотаапарат з дыямэтрам аб’ектыву большым за 4 см без адпаведнага дазволу. Міліцыя яго не прапусьціла і папрасіла крыху пачакаць.

Неўзабаве з-за турнікетаў на яго напалі двое невядомых у спартовай вопратцы. Фэрмэр запытаў, хто яны такія, але нападнікі не адказалі, толькі пазьней заявіўшы, што «зь міліцыі». Вядома, што Ганцэвіча ўжо некалькі гадзін утрымліваюць у пастарунку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG