Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 6 гадоў турмы. Вынесьлі прысуды ў справе тэлеграм-канала «Армія з народам»


Сяргей Спарыш, архіўнае фота
Сяргей Спарыш, архіўнае фота

Актывісту «Народнай грамады» Сяргею Спарышу прысудзілі 6 гадоў узмоцненага рэжыму.

Антаніне Канавалавай і яе мужу Сяргею Ярашэвічу — па 5 гадоў і 6 месяцаў зьняволеньня. Антаніна будзе адбываць тэрмін у калёніі агульнага рэжыму, Сяргей — узмоцненага.

Сяргею Коршуну і Яўгену Прывалаву — па 4 гады і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Падсудных абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і падрыхтоўцы беспарадкаў.

Жонка Сяргея Спарыша
Жонка Сяргея Спарыша

Сяргея Спарыша вінавацяць яшчэ і ў тым, што ён перашкаджаў працы Цэнтравыбаркаму.

Адміністратара канала «Армія з народам» Яўгена Прывалава ўзялі пад варту адразу пасьля агучваньня прысуду. Да таго ён быў пад падпіскай і адзіны з падсудных не знаходзіўся ў жалезнай клетцы. Падсудныя, паводле прысутных, сустрэлі прысуд моўчкі.

Абаронцы ўсіх пяці абвінавачаных прасілі для сваіх кліентаў апраўдальных прысудаў.

Тэлеграм-канал «Армія з народам» узьнік у чэрвені 2020 году. МУС закідае яму каардынацыю пратэстаў і супраціву сілавікам.

Маці Сяргея Спарыша Жанна сказала, што не чакала іншага прысуду

Маці Сяргея Спарыша
Маці Сяргея Спарыша

«Не было сумненьняў, бо суды падпарадкаваныя бесчалавечнай сыстэме і даюць дакладна такія тэрміны, якія агучваюць пракуроры».

Жанна Спарыш прысутнічала на ўсіх паседжаньнях і зрабіла выснову, што віна яе сына не была даказаная.

«Не пачула ніякіх доказаў, акрамя агульных размоваў. Прыкладам, яго вінавацілі ў стварэньні перашкод Цэнтравыбаркаму. Дык усе, бадай, беларусы кажуць у размовах тое ж, што казаў мой сын. Што фальсыфікуюць вынікі, што ня лічаць як трэба, што там павінны працаваць сумленныя, не залежныя ад улады людзі. Дык што, цяпер усіх за гэтае меркаваньне будуць судзіць?»

Паводле Жанны Спарыш, віна яе сына нібыта ў падрыхтоўцы і навучаньні да пратэстаў таксама не даказаная.

«Сяргей не служыў у войску, ніколі не трымаў у руках зброі, чаму ён мог навучыць іншых? Ён таленавіты чалавек, прафэсійна займаўся музыкай, цікавіцца жывапісам. Ён стаў палітыкам, каб у краіне зьмянілася сыстэма на дэмакратычную, і заўсёды змагаўся мірнымі сродкамі. Суд робіць зь яго ледзь не тэрарыста, але гэта наўмысна, Мне відавочны палітычны сэнс гэтага прысуду», — сказала Жанна Спарыш.

Жанчына адзначыла, што яе сын значна схуднеў, «выглядае як хлопчык», але не скарыўся і трымаўся на працэсе «вельмі прыстойна». Жанна Спарыш перакананая, што сын абскардзіць прысуд, але думае, што гэта не дапаможа.

«6 гадоў чакаць — гэта будзе пакута. Раней спадзявалася, што нешта здарыцца добрае ў краіне і ён раней выйдзе, яшчэ да суду, але цяпер даводзіцца мяняць надзеі. І ўсё ж перакананая, што не праз 6 гадоў, а раней убачу свайго Сяргея на волі», — сказала маці актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша Жанна Спарыш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG