Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфэкцыяніст Мікіта Салавей: «Свабодным мяне робіць адказнасьць за пацярпелых»


Мікіта Салавей
Мікіта Салавей

Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? У праекце «Што робіць мяне свабодным» даём слова людзям, чые ўчынкі прыцягнулі да сябе ўвагу пасьля жніўня 2020 году.

Хто такі Мікіта Салавей

Доктар-інфэкцыяніст, кандыдат мэдычных навук. Да нядаўняга часу ён быў дацэнтам катэдры інфэкцыйных хваробаў БДМУ, галоўным пазаштатным інфэкцыяністам Менску. Мае сям’ю, дваіх дзяцей.

12 жніўня Мікіта Салавей выйшаў на першую акцыю лекараў супраць гвалту каля БДМУ.

«Мне здаецца, тая акцыя была трыгерам для наступных выступленьняў мэдыкаў па ўсёй рэспубліцы. Магчыма, яна на некаторы час дазволіла прытармазіць хвалю гвалту: сталі выпускаць пацярпелых з Акрэсьціна і іншых ізалятараў, мірна прайшоў велізарны марш 16 жніўня», — разважае Мікіта Салавей.

14 жніўня лекар у ліку некалькіх соцень іншых мэдыкаў падпісаў зварот да Міністэрства аховы здароўя і МУС з просьбай дапусьціць у ізалятары незалежныя брыгады ў складзе рэаніматолягаў, траўматолягаў і тэрапэўтаў, каб ацаніць стан затрыманых, аказаць ім дапамогу або шпіталізаваць. Але гэтага зрабіць не ўдалося.

«Празь месяц мы атрымалі адказ зь міністэрства з подпісам Дзьмітрыя Піневіча, што неабходная дапамога затрыманым была аказаная сіламі мэдслужбы ў саміх ізалятарах», — расказаў доктар.

Былы міністар Уладзімір Каранік 17 жніўня публічна абяцаў, што ў ізалятар на Акрэсьціна да затрыманых паедуць галоўныя пазаштатныя анэстэзіёляг-рэаніматоляг і траўматоляг Міністэрства аховы здароўя.

«Але мы ведаем, што гэтыя спэцыялісты туды так і не паехалі», — удакладняе Мікіта Салавей.

11 лістапада доктар апублікаваў у сваім фэйсбуку адкрыты ліст да Натальлі Качанавай пра тое, што мэдыкі не рабы. Пост за суткі набраў некалькі тысяч падабаек і рэпостаў.

«Напэўна, я даўно так хутка нічога не пісаў, тэкст нарадзіўся літаральна за 30 хвілін, бо накіпела, — успамінае лекар. — Тады калегі выйшлі да 1-й ГКБ і іх усіх завялі ў аўтазакі. Я якраз захварэў на COVID, іначай быў бы разам з імі. Пасыл Качанавай, што дыялёгу на вуліцы ня будзе, што мэдыкі могуць толькі лячыць і ня маюць права страйкаваць і выказваць свае погляды, вельмі закрануў, думаю, ня толькі мяне, а большасьць лекараў».

12 лістапада Мікіта Салавей заявіў аб далучэньні да Каардынацыйнай рады. «Нейкіх наступстваў пасьля гэтага кроку для мяне не было», гаворыць ён. Доктар адзначае, што пашыраны склад КР бесьперапынна папаўняецца, у тым ліку лекарамі, і лічыць, што сёньня, нават калі ўлада не ідзе на дыялёг з КР, мае сэнс станавіцца яе сябрам:

«Гэта дэманструе грамадзтву, што ў краіне шмат людзей, гатовых рабіць усё, каб перамены надышлі як мага хутчэй».

«Тое, што я больш не галоўны інфэкцыяніст Менску, не лічу стратай»

— Што вымусіла вас публічна выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

— Гвалт і хлусьня. Мэдыкі заўсёды былі дастаткова далёкія ад палітыкі. Магчыма, праз брак часу: мы вельмі ўцягнутыя ў аказаньне дапамогі, некаторыя працуюць на некалькіх работах, займаюцца навукай. Але мэдыкі не маглі прайсьці міма хвалі гвалту, якая захліснула рэспубліку ў жніўні. Хоць цяпер мы разумеем, што гвалт быў задоўга да таго, проста размыты і не такі прыкметны.

Гвалт, парушэньне базавых правоў чалавека і хлусьня, якая выявілася ў тым ліку падчас эпідэміі COVID-19, і сталі трыгерамі, якія прымусілі дактароў і мяне асабіста актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю. Да таго ж Беларусь — краіна ў цэнтры Эўропы, цяпер ХХІ стагодзьдзе — кожны грамадзянін можа выказваць сваю пазыцыю і мусіць выказваць, бо гэта паказвае іншым, як нас шмат.

Чым болей такіх выказваньняў, тым прасьцей тым, хто выказаўся першым ці ўпершыню і пацярпеў за гэта. Такая маральная падтрымка вельмі важная, бо не дае ўпасьці ў дэпрэсію, маўляў, «усё прапала».

— Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?

— Я доўга думаў над гэтым пытаньнем і вырашыў, што анічога не страціў, акрамя залішняй работы і кантактаў зь некаторымі людзьмі, зь якімі раней актыўна супрацоўнічаў. Мне было дзіўна, што высокаінтэлектуальныя адукаваныя людзі вырашылі заплюшчыць вочы, быццам няма гвалту, пасадак па лжывых абвінавачаньнях, і працягваюць супрацоўнічаць з уладай, як раней. Калі б яны былі яе прыхільнікамі, гэта адно. Мы ведаем, што такія 3-5% існуюць і мусяць быць, бо гэта тая ж самая апазыцыя (цяпер усё памянялася месцамі). Але не, яны не прыхільнікі: разумеюць, што адбываецца, але чамусьці маўчаць. Для мяне гэта было шокам. Я не разумею іх аргумэнтаў. Хтосьці гаворыць, што няма альтэрнатыўнай праграмы. А хіба дзейсная ўлада яе мае? Хтосьці баіцца рэвалюцыі. Але ж размова ідзе пра мірную эвалюцыю. Хтосьці ня верыць незалежным СМІ і тэлеграм-каналам пра гвалт. Але ж тады трэба проста паразмаўляць з пацярпелымі. Тым больш што такія пацыенты зьвяртаюцца і да нас, і яны расказваюць, як атрымалі траўмы ці як заразіліся ковідам у ізалятарах.

Тое, што я больш не галоўны інфэкцыяніст Менску, не лічу стратай. У мяне няма прэтэнзій да камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму, які прыняў такое рашэньне. Гэта пасада была функцыянальнай і ніяк не аплочвалася, але займала даволі часу.

З БДМУ я сам не падоўжыў кантракт. Ён заканчваўся ў 2021 годзе 24 сакавіка, што лічу сымбалічным. Не захацеў працягваць, бо моцна расчараваўся ва ўнівэрсытэце і ягоным кіраўніцтве.

Мяне значна падкасіла сытуацыя са студэнтам Уладам Марціновічам, якога прызналі палітвязьнем. Ён зь першага курсу займаўся навуковай працай, меў высокі бал пасьпяховасьці — такі пэрспэктыўны будучы доктар. Рэктар абяцаў у размовах дапамагаць яму і ягонай сям’і, але, калі мы сабралі звыш 500 подпісаў, каб яму далі акадэмічны водпуск на час утрыманьня за кратамі, яго ўсё роўна выключылі праз «адсутнасьць зь няважнай прычыны». Быццам ён сам вырашыў сесьці ў СІЗА, каб не наведваць унівэрсытэт. Гэта быў плявок у бок выкладчыкаў і студэнтаў, якія прасілі за Уладзіслава.

Ды і вучэбны працэс у апошнія часы дэградаваў. Мы цяпер выпускаем студэнтаў зь нізкім узроўнем адукацыі, што дэматывуе выкладчыкаў. Мы фактычна страцілі інструмэнты адлічэньня непасьпяховых, бо дзяржава імкнецца давучыць любога, каб закрыць дзіркі ў рэгіёнах. Стала шмат іншаземцаў, няздольных да навучаньня, але выкладчыкаў вымушаюць на экзамэнах ставіць ім мінімальны прахадны бал, каб яны скончылі ўнівэрсытэт. БДМУ стаў зарабляць на ангельскамоўных студэнтах. З аднаго боку, гэта павялічвае заробкі ангельскамоўным выкладчыкам (я таксама быў сярод іх), але з другога — гэта імітацыя адукацыі, бо такія студэнты таксама часта вельмі слабыя. Частка выкладчыкаў кінула ўнівэрсытэт, бо ня бачаць пэрспэктыў. Заробак — гэта ня той фактар матывацыі, які будзе трымаць. Для мэдыкаў больш важная рэалізацыя.

З мэдычнай адукацыяй трэба разьбірацца. Пакуль мы трымаемся за кошт сталага пакаленьня. Але дасьведчаныя лекары ёсьць не паўсюль. Калі выпускнікі на другі год становяцца загадчыкамі аддзяленьняў лякарняў, гэта не дасягненьне, а катастрофа. Мы езьдзім па краіне і бачым, што там, дзе адна моладзь, — памылка на памылцы. Кіраўніцтву трэба паставіць сабе на месца пацыента і запытацца: ці хацеў бы я, каб мне рабіў апэрацыю хірург з годам практыкі?

«У фінансавым пляне я ня страціў, а хутчэй выйграў»

— Што вы набылі праз актыўнасьць?

— Па-першае, душэўны спакой. Калі ты бачыш вакол несправядлівасьць, хлусьню, адсутнасьць разьвіцьця ў ключавых сфэрах і пры гэтым нічога ня робіш, гэта прыносіць моцны псыхічны дыскамфорт.

Я раблю тое, што павінен. Толькі я нясу за гэта адказнасьць, ніхто іншы.

Так, могуць быць звальненьні, санкцыі. Гэта плата за псыхічны спакой, які чалавек знаходзіць, калі не ідзе ў разрэз са сваімі перакананьнямі і рашэньнямі. Але мне здаецца, сытуацыя ў нас тут яшчэ не такая дрэнная, наступствы для актыўных лекараў ёсьць у некаторых установах, але не паўсюдна. Лічу, гэта больш праблема не для мэдыкаў (яны заўсёды знойдуць працу), а для сыстэмы. Улады не разумеюць, што звальняюць ня проста людзей. Выказваньне грамадзянскай пазыцыі карэлюе з узроўнем прафэсіяналізму, ведаў і навыкаў, бо такім людзям не ўсё роўна. Гэта тычыцца ўсіх галінаў. Здавалася б, можна без наступстваў пазбавіцца ад 20 актывістаў на вялікім прадпрыемстве. Але сярод тых 20 можа быць канцэнтрацыя самых дасьведчаных. І калі цяпер гэта не відаць, то вельмі хутка будзе.

Што тычыцца мэдычнай сфэры, дык ужо некаторыя РНПЦ, куды людзі едуць з усёй рэспублікі са складанымі праблемамі, шукаюць кансультантаў ад года работы. Гэта дрэнны паказчык.

Па-другое, я набыў шмат новых сяброў, і ня толькі сярод мэдыкаў. Гэта матывуе. Ладзяцца гарызантальныя сувязі, калі мы адзін аднаму дапамагаем. Цяпер мяне знаходзяць пацыенты, якія доўга ня могуць вырашыць свае праблемы са здароўем, і мне ўдаецца ім дапамагчы. Мэдыкі сёньня займаюцца рознымі валянтэрскімі ініцыятывамі. Гэтая сытуацыя дапамагла многім мэдработнікам, якія раней былі абстрагаваныя адзін ад аднаго, абʼяднацца і пачаць рэалізоўваць сацыяльна значныя праекты, якія знойдуць яшчэ большую рэалізацыю ў новай Беларусі.

У фінансавым пляне я ня страціў, а хутчэй выйграў. Зьявіўся час для ўласных аплатных праектаў, у адрозьненьне ад ранейшай афіцыйнай працы.

— Ці было гэта таго варта?

— Безумоўна. Калі вярнуцца назад, дык я б дзейнічаў гэтак сама, ці, можа, яшчэ актыўней.

«Чым больш мы баімся, тым лягчэй уладзе ўтрымліваць сытуацыю як ёсьць»

— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду: назавіце тры галоўныя фактары? І што падтрымлівае яе зараз?

— Інфармацыя з розных крыніц, сустрэча са свабоднымі людзьмі, непрыманьне гвалту і хлусьні.

Доўгі час рабілася ўсё магчымае, каб нівэляваць ролю асобы. Нас прывучалі, што чалавек нічога не вырашае, ёсьць хтосьці зьверху, хто лепш ведае, што нам рабіць. І многія нашы настаўнікі ўвабралі гэтыя аксіёмы, не спрабуючы паставіць іх пад сумнеў.

Магчыма, мы гадаваліся ў больш адкрытым асяродзьдзі, мелі магчымасьць атрымліваць інфармацыю з розных крыніц. Я памятаю, толькі за 2007-2008 гады ва ўнівэрсытэце мы наладзілі тры сустрэчы з часопісам «Дзеяслоў», дзе быў Эдуард Акулін, Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Саўчанка. Праводзілі канцэрты бардаў у інтэрнатах і лекцыйных залях. Гэтая адліга дала штуршок у агульным разьвіцьці, разуменьні, што ёсьць альтэрнатыўныя погляды і можна іх распаўсюджваць.

Цяпер маю ўнутраную свабоду падтрымлівае адказнасьць за людзей, якія пацярпелі за імкненьне да свабоды і пераменаў, частка зь якіх у няволі. Гэта не дае права спыніцца, матывуе дзейнічаць штодня, каб як мага хутчэй наблізіць зьмены і дапамагчы ім выйсьці на волю.

— Ці баіцеся вы сёньня?

— Напэўна, не. Пачынаючы зь першых дзён жніўня я быў унутрана гатовы да затрыманьняў і іншых узьдзеяньняў. Цяпер сытуацыя пагоршылася ў разы: могуць затрымаць за вопратку, якая, на чыюсьці думку, не таго колеру, за бела-чырвоную шыльду на доме, якая вісела там 10 гадоў. То бок трэба прыняць, што сёньня любога чалавека могуць затрымаць без падстаў. Таму чаго ўжо баяцца?

Чым больш мы баімся, тым лягчэй уладзе ўтрымліваць бягучую сытуацыю як ёсьць. Страх вярнуцца ў 90-я ці ў пасьляваенны час абярнуўся тым, што мы адкаціліся яшчэ далей — у 1937 год.

— Пра што б вы папярэдзілі цяпер самога сябе?

— Я б папярэдзіў сябе і іншых, што ўсё будзе вельмі нялёгка. На фоне эмацыйнага ўздыму летам, калі мы ўбачылі, як нас шмат, то палічылі, што ўлада перадасьць свае паўнамоцтвы пераможцам. І не былі гатовыя да такога парушэньня закону, да такога жорсткага фізычнага задушэньня пратэсту, да таго, што, бачачы тую хвалю гвалту, многія прамаўчаць і зробяць выгляд, што нічога не было.

Калі б большая частка людзей у жніўні-верасьні падтрымала тых, хто адкрыта выказаўся супраць беззаконьня, ужо, напэўна, усё скончылася б. Гэтая нэўтральная праслойка, якая адкрыта не выступае ў падтрымку рэжыму, але робіць выгляд, што яе гэта не тычыцца, выходзіць, падтрымлівае яго. Цяпер немагчыма застацца нэўтральным, як бы ні хацелася: альбо ты падтрымліваеш дабро, сьвятло, справядлівасьць — альбо зло, цемру і дэградацыю. Няма магчымасьці застацца пасярэдзіне.

Трэба быць гатовым да маратону. Зразумела, сытуацыя крыху закансэрвавалася, працэс зьменаў будзе доўгім, таму трэба набрацца сіл, цярпеньня і працягваць кожны дзень працаваць для будучых пераменаў: занадта шмат на коне, зашмат людзей пацярпелі, зашмат у зьняволеньні чакаюць нашай дапамогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG